Абое рабое

17.10.2014
"Звязда", 17 кастрычніка 2014 г.

 
Штотыдзень у эфіры тэлеканала "Беларусь 3" гульня "Размаўляем па-беларуску". Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт http://tvrgomel.by або http://3belarus.by і праз банер "Размаўляем па-беларуску" запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Папярэдне ж праверыць сваё веданне роднай мовы можна з дапамогай "Звязды". Ці ведалі вы, што:

Аплік - кручок для зашпільвання вопраткі.

Амялушка - невялікая чубатая птушка з атрада вераб'іных.

Ахайны - чысты, акуратны.

Цмок - змей, дракон з беларускай міфалогіі.

Маршалак - прадвадзіцель дваранства.

Варыўня - гаспадарчая пабудова з дрэва, дзе сяляне трымалі прыпасы.

Абое рабое - аднолькавыя, адзін не лепшы за другога. Гэты выраз адпавядае расійскаму выразу "два сапога пара". Абое рабое - фразеалагізм, агульны для беларускай і ўкраінскай моў. Выраз з'яўляецца фрагментам рыфмаванага выслоўя "Абое рабое, паеў воўк абое", у якім першапачаткова, відаць, меліся на ўвазе маладыя падобныя істоты.

Як жару ўхапіўшы - вельмі хутка, спяшаючыся, або - ногі ў рукі, ногі на плечы. Гэты выраз адпавядае расійскаму "как на пожар". Узнікненне ўласнабеларускага выразу "як жару ўхапіўшы" абумоўлена некаторымі асаблівасцямі даўнейшага сялянскага побыту. Запалкі тады былі не ва ўсіх. Гаспадыні бралі адна ў адной вугольчыкі - жар, каб распаліць у печы. Трэба было хутка бегчы дадому, каб вугольчыкі не згарэлі.

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры "Беларусь 3" кожную суботу ў 11.10-11.25.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.