"А вы ведаеце, калі прыручылі свінню?"

25.02.2011
"Звязда", 25 лютага 2011 г.


Новы праект тэлеканала "ЛАД" сцвярджае, што адказаць на гэта пытанне можа нават шасцікласнік
Алег Аднакозаў, шасцікласнік гомельскай школы №61, прыехаў у сталіцу на адзін дзень - разам з педагогам ён будзе здымацца на тэлебачанні. Хлопчык упершыню ўдзельнічае ў здымках, і адразу - у цэнтры ўвагі відэакамер.
"Нічога не баюся, і зусім не хвалююся," - расказвае хлопчык "Звяздзе". Такіх, як Алег, шасцікласнікаў - на здымкі прыехала яшчэ некалькі дзясяткаў. Навошта? З пятага сакавіка тэлеканал "Лад" запускае ў эфір новую перадачу для школьнікаў "Дзеці новага пакалення" - тэлевізійны конкурс-віктарыну.
У кожнай перадачы на пытанні вядучых будуць адказваць вучні пэўных класаў - у першых выпусках мы пабачым шасці- і сямікласнікаў. Прыняць удзел у інтэлектуальнай віктарыне можа любы беларускі школьнік ва ўзросце 12-17 гадоў (6-11 клас). Для гэтага трэба мець добрую памяць і логіку, а яшчэ - веды ў розных галінах (ад гісторыі і матэматыкі да спорту і поп-культуры).

Гуляць, як літоўцы

Упершыню падобная гульня прайшла ў Літве, а прыдумаў яе літоўскі прадзюсар Лаўрынас Шэшкус. Сёння дзякуючы вопыту прыбалтыйскай краіны "Дзяцей новага пакалення" шукаюць таксама ў Нарвегіі і іншых скандынаўскіх краінах, а з нядаўняга часу - і ў Беларусі.
- Я памятаю сябе, калі быў школьнікам, - расказвае "Звяздзе" Лаўрынас. - Калі шчыра, мы не вельмі любілі тых, хто добра вучыўся. І самы вялікім кампліментам для мяне з моманту пачатку праекта ў Літве стала "дзякуй" ад бацькоў удзельнікаў: "Праз гэту перадачу наша дзіця пачалі паважаць у школе, - казалі яны, - дзіця стала пазітыўнай зоркай школы, а раней на яго глядзелі, як на завучку". І па-мойму, гэта лепшая ўзнагарода. Калі лідарамі школы становяцца старанныя ў вучобе дзеці, а не наадварот.
Сёння ў Літве гэта перадача існуе ўжо трэці год. У ёй прымаюць удзел дзеці з пятага па дванаццаты клас (у Літве дванаццацігадовая школьная сістэма - І.Л.). І паводле слоў Лаўрынаса, віктарына карыстаецца вялікай папулярнасцю: у 2009 годзе перадача атрымала прыз глядацкіх сімпатый, як лепшая праграма года.
- Калі я ствараў гэту перадачу, то паставіў перад сабою дзве мэты, - гаворыць Лаўрынас Шэшкус. - Па-першае, вельмі хацелася, каб краіна ганарылася сваім новым пакаленнем. Гэта вялікая радасць, калі працуеш з разумнымі дзецьмі. Па-другое, мы хацелі прадставіць вучня і настаўніка як адну каманду. Сказаць, што мы разумныя дзякуючы нашым настаўнікам. Назіраючы за жыццём тых, хто перамагаў у нашай віктарыне, мы заўважылі, што яны вельмі актыўныя людзі па жыцці. Яны ўжо паспелі засвяціцца і заявіць пра сябе, як пра сапраўдных лідараў будучыні.

Калі прыручылі свінню?

...У невялікім павільёне "Мінск-Арэны дзе праходзяць здымкі новага праекта, горача. І не толькі ад працы батарэй: тут кіпяць інтэлектуальныя жарсці. У першым туры дзеткам трэба адказаць на 10 пытанняў: выбраць варыянт "так" ці "не".
Другі тур больш складаны, у ім трэба выбраць правільны варыянт адказу. Адно з пытанняў заставіла ўзгадваць школьную праграму і мяне: калі свіння стала свойскай жывёлай? Хто яго ведае.
Але ўсе шасцікласнікі даюць правільны варыянт адказу: 5 ст. да н.э. Вось дык веды!
У наступных турах - адмысловыя відэапытанні, далей - больш, можна самому выбіраць тэму.

Як расказала "Звяздзе" адна са сцэнарыстаў праекта Ларыса Есарція, усе пытанні не такія простыя, як можа падацца на першы погляд:
- Заўсёды трэба ўважліва чытаць пытанне, асабліва ў першым туры, дзе пытанні пачынаюцца са слоў: "Ці праўда, што..." Ты можаш ведаць правільны адказ, але заданне сфармулявана так, што націскаць трэба зусім іншую кнопку, - трэба быць пільным. Мы, у сваю чаргу, заўсёды ўлічваем карэктнасць пытання. Бо нават на самае, здавалася б, празрыстае пытанне пра самую высокую гару ў свеце можна адказаць па-рознаму - у залежнасці ад таго, як мы мераем: па ўзроўні мора, экватара ці інш. Двухсэнсоўнасці ў пытаннях стараемся пазбягаць.

А пераможцу - падарунак на ўсё жыццё!

Першасны адбор удзельнікаў праходзіў з дапамогай тэстаў. Як сцвярджаюць арганізатары, тэсты правялі ў школах ва ўсіх кутках Беларусі. І толькі лепшыя вучні трапілі ў студыю. Алег Аднакозаў з Гомеля прызнаўся, што ў сваёй школе ён вельмі актыўна ўдзельнічае ў тамтэйшай камандзе па інтэлектуальных гульнях, таму, калі кіраўнік іх гуртка расказаў пра новы праект на "ЛАДзе", ён ніколькі не вагаўся, каб разам з астатнімі падаць заяўку.
...Вядучы Юрый Круглік зачытвае пытанне, ідзе адлік часу - і пачынаюць дрыжаць каленкі. У зале ўсе напружана сочаць за ўдзельнікамі: ці паспеюць тыя прагаласаваць? Прытаілі дыханне настаўнікі, балельшчыкі на трыбунах на хвілю таксама суцішыліся. Адлік скончаны - камп'ютар паказвае правільны адказ - і паступова працоўныя месцы ўдзельнікаў афарбоўваюцца ў пэўны колер - у залежнасці ад таго, ці правільна адказала дзіця. На гэты раз ніхто не памыліўся. Апладысменты залы, усмешлівыя настаўнікі і шчаслівыя твары ўдзельнікаў.
- Мы вельмі доўга шукалі ідэю перадачы, - расказвае галоўны дырэктар тэлеканала "ЛАД" Сяргей Кухто. - Хацелася, каб гэта быў не проста тэлевізійны - праект, але каб ён меў статус нацыянальнага, маштабнага праекта. Каб яго маглі глядзець не толькі дзеці, але і дарослыя. Калі мы пабывалі на здымках літоўскай перадачы, то вырашылі, што Беларусі вельмі не хапае якраз такога праекта. Па-першае, ён аб'яднае дзяцей і настаўнікаў. А па-другое, дасць магчымасць дзецям, якія любяць вучыцца, заняць пэўнае месца ў грамадстве. Яшчэ адна задача, якую ставім перад сабою, - падняць прэстыж прафесіі настаўніка. Бо ад таго, як мы ставімся да прафесій, залежаць і маральныя арыенціры ў грамадстве.
А што за прызы? Згодна з умовамі, якія прадпісваюцца ў праекце, пераможцам забаронена рабіць каштоўныя падарункі. Але, як патлумачыў "Звяздзе" Сяргей Кухто, дзеці, якія перамогуць, без увагі не застануцца:
- Мы прынцыпова адмовіліся ад узнагароды за веды, на наш погляд гэта не зусім карэктна. Я не магу раскрыць да канца ўсе карты, але мы спадзяёмся, што прыдуманае намі ў якасці заахвочвання запомніцца надоўга. Гэта не камп'ютар, не мабільны тэлефон на год-два. Гэта не грошы. Гэта будзе падарунак на ўсё жыццё.
І пакуль беларускія школьнікі яшчэ думаюць над тым, ці ўдзельнічаць у тэлевіктарыне, літоўскі прадзюсар Лаўрынас Шэшкус падлівае масла ў агонь: у літоўскай перадачы пераможцамі аднолькава станавіліся як хлопцы, так і дзяўчаты (50 на 50). Шанцы перамагчы ёсць у кожнага. Хто не ўпусціць свой?

Ілья ЛАПАТО.

Умовы

Каб стаць удзельнікам новых выпускаў праграмы "Дзеці новага пакалення", дастаткова запоўніць анкету на сайце www.dnp.by альбо спампаваць яе для класа і даслаць на e-maіl: anketa@dnp.by. Таксама можна дасылаць анкеты на адрас: 220807, г.Мінск, вул. Макаёнка, 9. Тэлеканал "ЛАД" з паметкай "Дзеці новага пакалення".

Пытанні і заданні

Каментарый сцэнарысткі праекта Ларысы Есарціі:
- Усе пытанні зацвярджаюцца Міністэрствам адукацыі Беларусі. Абавязкова сочым за тым, каб яны адпавядалі адукацыйнаму ўзроўню школьнікаў. Пытанні праходзяць таксама праверку нашых шэф-рэдактараў, кансультацыю аказваюць і сцэнарысты з літоўскага боку, у якіх ужо ёсць вопыт. У большасці ж сваёй заданні датычаць геаграфіі, гісторыі, традыцый Беларусі. Бо, як высвятляецца, дзеці не ведаюць, што за кветкі змешчаны на нашым гербе: канюшыны і васількоў ці канюшыны і льну. Будзе пытанне пра тое, хто напісаў беларускі гімн, пытанні пра нацыянальную кухню беларусаў.