"А мора-мора" растопіць лёд

30.11.2012
"Рэспублiка, 30 ноября 2012 г.


Прадстаўнік Беларусі Ягор Жэшка выступіць заўтра першым на сцэне дзіцячага "Еўрабачання" ў Амстэрдаме.
Юныя выканаўцы з 12 краін стануць удзельнікамі юбілейнага - дзясятага па ліку Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2012", які праводзіцца сёлета ў Амстэрдаме. Сярод іх і прадстаўнік Беларусі 12-гадовы мінчанін Ягор Жэшка. Першага снежня яго выступленне з песняй "А мора-мора..." адкрые фінальнае шоу на сцэне Мюзік-хол "Хэйнекен".
Пасля перамогі ў нацыянальным адборы на дзіцячае "Еўрабачанне" конкурснай кампазіцыі Ягора была зроблена новая драйвавая аранжыроўка, адпаведна дапрацавалі і сцэнічны нумар, каб выступленне стала больш яркім і дынамічным. З дапамогай стылістаў змяніўся і вобраз самога саліста - замест ранейшага ўзорнага хлопчыка-выдатніка на сцэну выйдзе вясёлы гарэза. Дарэчы, павялічылася колькасць удзельнікаў конкурснага нумара. Цяпер іх пяцёра. Да танцораў Ільі Волкава і Каці Кічкайла, якія выступалі з Ягорам пад-час нацыянальнага адбору, далучыліся Данііл Ях і Наташа Несцяронак.
Паводле слоў мастацкага кіраўніка арт-групы "Беларусы" Валерыя Шмата, педагога па вакале беларускага канкурсанта, падрыхтоўка да "Еўрабачання" вялася грунтоўная, і Ягор гатовы да выступлення.
Акцэнт у конкурсным нумары зроблены на вакал. Дарэчы, арэна Мюзік-хол "Хэйнекен" вядомая сваёй выдатнай акустыкай. Будзем спадзявацца, што голас Ягора і яго песня пра чыстае мора, яркае сонца, шчаслівых дзяцей і цудоўнае жыццё прагучаць так, каб закрануць сэрцы еўрапейскай публікі.
Услед за беларускім канкурсантам прадстаўнікі іншых краін выступяць у наступным парадку: Швецыя (2), Азербайджан (3), Бельгія (4), Расія (5), Ізраіль (6), Албанія (7), Арменія (8), Украіна (9), Грузія (10), Малдова (11), Галандыя (12).
Дэвіз сёлетняга дзіцячага "Еўрабачання" - "Разбі лёд!". Такім чынам арганізатары заклікаюць усіх удзельнікаў і прыхільнікаў конкурсу "зламаць лёд", што азначае стварыць сяброўскую атмасферу, у якой будуць панаваць утульнасць, цеплыня, дабрыня і любоў.
У адпаведнасці з "ледзяной" тэмай распрацаваны дызайн канцэртнай залы і сцэны. Гледачы і ўдзельнікі конкурсу быццам трапяць у ледзяную казку. Нават традыцыйны "зялёны пакой", дзе падчас шоу артысты могуць назіраць за выступленнямі, ператворыцца ў "ледзяны пакой".
Першага снежня ў 22.15 прамую трансляцыю з Амстэрдама дзіцячага "Еўрабачання" пакажуць "Беларусь 1" і спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь ТБ". Каменціраваць конкурс будзе карэспандэнт Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Павел Лазовік, які дэбютаваў у якасці тэлевізійнага каментатара падчас трансляцыі Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2010", што праходзіў у Мінску.
Балы, якія будуць прысуджаныя канкурсантам ад Беларусі, аб'явіць вучаніца 6-га класа сталічнай гімназіі № 24 Маша Драздова.

Ірына СВІРКО, "Р".