А дзе ж тыя “ваяры”?

20.11.2004
“Звязда”, 20 лістапада 2004 г.


“Еўрабачанне-2005”: хто ёсць ху?
...У аб’яву аб прэс-канферэнцыi, прысвечанай падрыхтоўцы да чарговага “Еўрабачання”, закралася памылка друку: “падрыхтоўка да конкурсу “Еўрабачанне-2004” (замест “2005”). А можа, гэта i не памылка зусiм, бо сiтуацыя да болю нагадвае мiнулагоднюю - i па складу ўдзельнiкаў, i па стаўленню грамадскасцi да конкурсу. Хiба што правiлы нацыянальнага адбору крыху змянiлiся: зараз апошняе слова пры выбары беларускага канкурсанта застаецца не за гледачамi, а за прафесiянальным журы.
Як афiцыйна пацвердзiў намеснiк старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандр Мартыненка, прыём дакументаў на ўдзел у нацыянальным адборы скончыўся 1 лiстапада. Усяго на адрас аргкамiтэта паступiла 31 заяўка, якая поўнасцю адпавядала палажэнню конкурсу i была дапушчана ў першы тур. Многа гэта цi мала? Параўнайце самi: у мiнулым годзе жадаючых прабiцца на “Еўрабачанне” аказалася ажно 59! I гэта нягледзячы на сёлетнiя больш спрыяльныя ўмовы (пераможца нацыянальнага адбору павiнен “адпрацаваць” на карысць арганiзатараў не тры гады, а ўсяго адзiн) i практычна бездакорную прававую базу (што цiкава, лiдар гурта “J_МОРС” Уладзiмiр Пугач, якi, па чутках, прыклаў да яе дапрацоўкi руку, сам заяўкi на ўдзел не падаваў). Увогуле, кажуць, беларускiя выканаўцы на гэты раз з заяўкамi не спяшалiся - адкладвалi на апошнi дзень. Некаторым гэта тактыка, магчыма, дапамагла, некаторых падвяла, але пра тое крыху нiжэй. Пакуль жа ў кулуарах ходзяць аптымiстычныя размовы наконт несумненна вышэйшай за мiнулагоднюю якасцi прадстаўленых фанаграм. Пэўна, членам журы - дарэчы, у яго склад уваходзяць Міхаіл Фінберг, кампазiтары Алег Елiсеенкаў, Анатоль Ярмоленка, Васiль Раiнчык, Эдуард Зарыцкi, Леанiд Захлеўны, прадзюсар БТ Уладзiмiр Максiмкаў, а таксама прадстаўнiкi мiнiстэрства культуры - не давядзецца выконваць лiшнюю работу, адсейваючы ну зусiм ужо немузычныя спробы самавыяўлення.

Зараз наконт таго, “хто ёсць ху”. Сенсацый адразу некалькi.
Сярод 31 заяўкi вы не знойдзеце, нават калi падключыце мiкраскоп, iмя Iльi Мiцько разам з гуртом “Лепрыконсы”. Як нi сумна, усё справядлiва: гурт паспеў запiсаць сваю старанна разрэкламаваную песню, заснаваную на школьных уроках англiйскай мовы, але... не паспеў прадставiць кампазiцыю журы! Спазнiлiся, разумееце, на некалькi дзён. На гэты конт вельмi добра казалi героi мульцяшкi “У пошуках Нема”: “Ёсць такiя рыбы - рыбы-тормазы”. Зараз Iльi давядзецца суцяшаць сябе хiба што стасункамi з больш аператыўнымi ўдзельнiкамi. Зрэшты, беларускi музыкант працуе на ўкраiнскiм музычным тэлеканале М1, куды ў хуткiм часе планавала зазiрнуць для iнтэрв’ю гераiня “Еўрабачання-2004” Руслана, так што нейкiя эксклюзiўныя навiны пра падрыхтоўку шоу-2005 у Кiеве ён можа атрымаць адным з першых.
Вольга Барабаншчыкава, якая вельмi iмклiва пачала рабiць кар’еру спявачкi, са сваёй заяўкай таксама затрымалася - а можа, адбылася нейкая блытанiна з дакументамi на ўдзел. Прадставiць свой дэбютны клiп i выпусцiць альбом “пралёт” мiма конкурсу Вользе ўсё адно не перашкодзiць, а нам застанецца толькi меркаваць, як яно магло б павярнуцца, калi б... Аднак тут вельмi шмат умоўнасцяў, каб даваць прагноз. Прынамсi, творчыя сябры Вольгi з гурта “Харлi” заяўку таксама не падалi. Ва ўсякiм разе, ад Беларусi.
Праiгнаравалi адбор (а зрэшты, што яшчэ iм заставалася рабiць?) “Аляксандра i Канстанцiн”. Сцвярджаюць, маўляў, з “Еўрабачання” яны ўжо выраслi, зараз рыхтуюць свае сольныя канцэрты i ўвогуле займаюцца толькi тым, што для iх цiкава. Пакiнем сiтуацыю без каментарыяў.
Дзявочая частка насельнiцтва Беларусi ва ўзросце ад 10 да 30 гадоў маўклiва спадзявалася на пераможцу сёлетняга “Славянскага базара”, спевака, артыста КВЗ i проста прыгожага маладога чалавека Пятра Ялфiмава. Спалучэнне яскравага славянскага тыпажу i багатага голасу сапраўды магло даць плён - але Пётр чамусьцi на еўрапейскi ўзровень выходзiць не пажадаў, адгаварыўся традыцыйным “можа ў наступным годзе”. Тут i на слове не зловiш, нават калi пажадаеш...
Затое вырашылi пайсцi па другому кругу i паспрабаваць шчасця некаторыя ўдзельнiкi мiнулагодняга адбору: Аляксандра Гайдук, Coriana (Кацярына Качына), Яна (Таццяна Лiпнiцкая), Жанет (Жанета Бутэрус), Палiна Смолава, Наталля Тамела i гурт “MILR”. Смелымi чамусьцi аказалiся толькi дамы (у гурта “MILR” таксама жаночы вакал). Непатапляльнасць некаторых артыстак проста ўражвае: скажам, суддзi праекта “Народны артыст” пакрыўдзiлi нашу Яну, назваўшы яе стыль вульгарным, а фiнбергаўская салiстка паперажывала i паўстала, як фенiкс з попелу. Магчыма, спрацаваў прыклад Наталлi Падольскай, якую раней “не ўзялi ў касманаўты” - прабачце, не выбралi беларускiм прадстаўнiком “Фабрыкi зорак-4”, затое цяпер не могуць адтуль “выжыць”. Пасля няўдачы ўсё на тым жа “Народным артысце” студэнтка фiлфака Coriana таксама ўзяла сябе ў рукi, а рукi прыклала да афармлення заяўкi на ўдзел у нацыянальным адборы. Зайздросная гэта якасць - упартасць.
Расправiла крылы i адасобiлася ад праекта “Крамбамбуля” яго новая вакалiстка Гюнеш Абасава. Ну i правiльна, чым марнець гадамi ў Маладзёжным тэатры эстрады, трэба зрабiць першы крок i гучна заявiць аб сабе. Дарэчы, “прадукт” Гюнеш, у адрозненне ад многiх iншых прэтэндэнтаў, цалкам беларускi: словы i музыку напiсаў небезвядомы Сяргей Сухамлiн, а пераклала тэкст з рускай на англiйскую мову сяброўка спявачкi з лiнгвiстычнага унiверсiтэта; дый сама вакалiстка, хоць i мае азербайджанскiя каранi, нарадзiлася i вырасла ў Беларусi.
Здзiвiла прыхiльнiкаў, непрыяцеляў, а мо i сама сябе каманда “Новы Iерусалiм”. Я асабiста нiчога не маю супраць хрысцiянскага рока, аздобленага добрымi еўрапейскiмi матывамi, аднак выразы “огромнее неба и хрупче стекла” чамусьцi не натхняюць. Магчыма, конкурсная песня “Мелодыя кахання” напiсана неяк па-iншаму?
Адной з самых верагодных кандыдатак на паездку ў Кiеў ужо зараз называюць Анжэлiку Агурбаш (хоць беларускiя слухачы больш прывыклi да ранейшага iмя - Лiка Ялiнская): яна мае не толькi голас, але i грошы на раскрутку, арганiзацыю прома-тура, запiс якаснай фанаграмы, клiпа i ўсяго, што спатрэбiцца. Памятаючы грандыёзную прома-кампанiю ўкраiнкi Русланы Лыжычко, арганiзаваную, мiж iншым, цалкам на ўласныя грошы, можна пагадзiцца, што аднаго таленту для перамогi мала. Але ўжо зараз аддаваць Анжэлiцы тытул пераможцы рана.
Ёсць сярод 31 удзельнiка i яшчэ некалькi вядомых iмён: скажам, спявак-спартсмен Альберт Скараход (вось толькi паставiць “Еўрабачанне” з ног на галаву нам i не хапала!), галасiсты Руслан Мусвiдас, клубная спявачка Наталля Варанец. Але пераважная большасць iх шырокай публiцы не знаёмая. Для мяне дагэтуль загадка, чаму тыя ж Улада, Аляксей Хлястоў, Кiрыл Слука, Вольга Плотнiкава не скарысталiся шанцам трапiць на еўрапейскую сцэну - цi яны вельмi занятыя, цi проста рэальна ацэньваюць свае магчымасцi?..

Так цi iнакш, не пазней 21 лiстапада журы тайным галасаваннем вызначыць пятнаццатку лепшых выканаўцаў - скрынку з пратаколамi ўскрыюць у прамым эфiры праграмы “Добрай ранiцы, Беларусь!”. 25 снежня падчас трансляцыi канцэрта гэтых пятнаццацi адбудзецца другi тур: глядацкае тэлефоннае галасаванне, якое вылучыць трох “самых-самых”. У трэцiм этапе слова i ўладу зноў бярэ журы, якое i назаве iмя прадстаўнiка Беларусi на “Еўрабачаннi-2005”.
- Мы вельмi сур’ёзна падышлi да ўлiку тых памылак, якiя мы, магчыма, дапусцiлi раней - каб iх не паўтарыць i каб у нас было больш шанцаў добра выступiць на “Еўрабачаннi” ў Кiеве, - дыпламатычна падпусцiў туману намеснiк старшынi БТРК Аляксандр Мартыненка. А вось намеснiк мiнiстра культуры Уладзiмiр Рылатка, якi таксама ўваходзiць у аргкамiтэт, выказаўся больш канкрэтна i зразумела:
- Мы разлiчваем, што будзе больш часу на падрыхтоўку самых галоўных момантаў - клiпа i фанаграмы. Запiсы павiнны быць выкананы на самым высокiм прафесiянальным узроўнi. Нельга недаацэньваць таксама значэння прома-тура па тых краiнах, якiя могуць аддаць нам тэлефонныя галасы.
Паводле слоў Уладзiмiра Рылаткi, беларускi бок наперадзе чакае вялiкая “падрыхтоўча-разведвальная” работа: вывучэнне кан’юнктуры, якая склалася на конкурсе, усталяванне непасрэдных кантактаў з тэлекампанiямi iншых краiн - удзельнiц “Iнтэрбачання” (так больш правiльна называць песенны конкурс пасля значнага пашырэння яго геаграфii). З усяго гэтага i будзе складацца новы падыход, ён жа - выпраўленне мiнулагоднiх памылак. Ну што ж, пабачым. Паслухаем. Выберам.
Ужо на наступным тыднi мы будзем ведаць “пятнаццатку”!

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.