“А & К” прыйшліся прыбалтам даспадобы

15.04.2004
“Звязда”, 15 красавіка 2004 г.


Першыя беларускія ўдзельнікі конкурсу “Еўрабачанне” - барысаўскі дуэт “Аляксандра і Канстанцін” - днямі ў рамках прома-тура наведалі Літву. Менавіта тут адбылося прэм'ернае выкананне песні “Мой Галілей” перад замежнай аўдыторыяй.
Беларускія артысты ўдзельнічалі ў прамым эфіры тэлепраграмы “Топ 10” Літоўскага тэлебачання - своеасаблівым конкурсе выканаўцаў, якія выступалі жыўцом перад аўдыторыяй у студыі.
Як заўважыў спецыяліст Дырэкцыі міжнародных сувязяў Белтэлерадыёкампаніі Аляксей Калеснікаў, публіка на літоўскім шоу паводзіць сябе досыць свабодна: калі артыст не выклікае сімпатыі, яго могуць і асвістаць. Праўда, у выпадку з беларусамі (або, як тут кажуць, балткрэвічамі) атрымалася наадварот - публіка з захапленнем раўла і пляскала ў ладкі, і нават звычайна стрыманыя аператары “падтанцоўвалі” на сваіх працоўных месцах у такт песні.
Пасля заканчэння праграмы літоўскія тэлевізійнікі падарылі нашым выканаўцам відэакопію іх выступлення і... велікодны пірог. У бліжэйшы час, як плануецца, беларусы завітаюць з міні-канцэртамі ў Латвію і ва Украіну.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.