"8 каналаў павiнна быць у кожным доме..."

08.02.2014
"Звязда", 8 лютага 2014 г.

 
Уявіце сабе: вы прачнуліся цёплай летняй раніцай, калі яшчэ толькі-толькі развіднела, пацягнуліся, акінулі адным расплюшчаным вокам пакой, прымушаючы сябе падняцца, намацалі на тумбачцы пульт ад тэлевізара, націснулі на чырвоную кнопку і... На экране з'явіўся толькі шэры "снег". Ніякага прагнозу надвор'я, навін, балбатні вядучых аб чарговым недарэчным сённяшнім "свяце" кшталту дня абдымкаў... Не хочаце, каб так адбылося? Тады ўжо сёння паклапаціцеся аб набыцці новага тэлевізара або спецыяльнай прыстаўкі для прыняцця лічбавага сігналу. 15 чэрвеня 2015 года будуць адключаны ад аналагавага вяшчання апошнія раёны. Як прайшло адключэнне "піянераў"? Што будзе далей і як сябе паводзіць? Пра гэта гутарым з намеснікам міністра інфармацыі Беларусі Дзмітрыем Шэдко.

- Засталося менш за паўтара года да адключэння аналагавага вяшчання. Як "лічбу" сустракалі ў першых адключаных раёнах?
- Як і было запланавана, летась адбылося адключэнне аналагавых перадатчыкаў у чатырох раёнах (Асіповічы, Жлобін, Ясны Лес (Бабруйск), Касцюковічы) у розных абласцях нашай краіны. І працэс гэты быў плаўным, незаўважным для грамадзян. У кожным з раёнаў, дзе знікаў аналагавы сігнал, мясцовыя ўлады, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Міністэрства інфармацыі зрабілі ўсё для таго, каб людзі не пацярпелі. Была аказана дапамога найбольш сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва (тым сем'ям, у якіх няма сучаснага тэлевізара ці няма магчымасці набыць яго, і гэтак далей), праведзена актыўная кампанія ў сродках масавай інфармацыі - і ў рэспубліканскіх, і, асабліва, у мясцовых. Таму ў нас атрымалася рэалізаваць гэты праект так, як ён і павінен адбывацца па ўсёй краіне.

- Што будзе далей?
- Мы вельмі спадзяёмся, што такім жа чынам кампанія пройдзе па ўсёй краіне. Дарэчы, наступнымі ў чарзе стаяць Сінкевічы, Шаркаўшчына, Гомель і Беразіно. У гэтых пунктах "лічба" прапішацца 1 красавіка. Адключэнню абавязкова будзе папярэднічаць інфармацыйная кампанія. Будуць сустрэчы з людзьмі, падчас якіх растлумачаць усё незразумелае. Паралельна (мы гэтага доўга дабіваліся) паўсюль, дзе цяпер адключаецца аналагавы сігнал, паступова пачынаюць працаваць так званыя камерцыйныя 2-гі і 3-ці мультыплексы. Чалавек у любым раёне нашай краіны ўжо сёння можа мець абсалютна бясплатна восем дзяржаўных тэлеканалаў, якія ўключаны ў абавязковы агульнадаступны пакет. Цяпер жа беларус атрымае магчымасць і падключэння да камерцыйнага пакета. Па сутнасці, гэта такая ж паслуга як кабельнае тэлебачанне, толькі без кабеля. У дапаўненне да 8 асноўных будуць прапаноўвацца 24 каналы самай рознай тэматыкі па вельмі дэмакратычным кошце.

- Як можна атрымаць гэту паслугу?
- Шляхам заключэння дагавора з "Белтэлекамам" ва ўсіх рэгіёнах краіны альбо з CosmosTV на тэрыторыі Мінска і Мінскай вобласці. Гэтыя два аператары атрымалі такое права. З цягам часу, я думаю, будуць далучацца яшчэ аператары па меры вызвалення частотнага рэсурсу. Значыць, будзе канкурэнцыя, магчымасць выбару. І мы вельмі разлічваем на тое, што да 2020 года ў нас будзе каля 400 тысяч абанентаў эфірнага лічбавага тэлебачання. Ёсць жа проста месцы, куды эканамічна нявыгадна праводзіць кабель. Пагадзіцеся: 32 каналы лепей, чым 8.

- А тым, хто падключаны да CosmosTV даўно, што рабіць?
- Тых, хто сёння з'яўляецца абанентам кабельнага тэлебачання, працэс пераходу ад аналагавага да лічбавага сігнала абсалютна не павінен турбаваць. За іх усю працу зробіць аператар. Нават у самым крайнім выпадку аператар мае тэхнічныя магчымасці для канвертацыі лічбавага сігналу ў аналагавы, каб ён дайшоў да вашага тэлевізара. Зразумела, што большасць аператараў сёння актыўна ўкараняюць лічбавы фармат. Калі ў вас ёсць кантракт з кабельшчыкам, то хвалявацца няма чаго: вы ў 2015 годзе абсалютна не заўважыце, што нешта змянілася.

- Атрымліваецца, што камерцыйныя мультыплексы ўвойдуць аўтаматычна ў пакеты CosmosTV?
- Не, гэта дзве розныя паслугі. Тое самае, як вы выбіраеце, напрыклад, базавы ці пашыраны пакет "Белтэлекама". Проста як адна з паслуг кампаніі. Гэта будзе асобны дагавор засобнай паслугай.

- А як вы ставіцеся да таго, што людзі пераходзяць на CosmosTV, Zala і інш. замест эфірнага вяшчання?
- Калі б сёння ўся краіна карысталася кабельным тэлебачаннем, для нас было б нашмат менш пытанняў з пераходам на лічбавае. Нам тады не патрэбны былі б выдаткі на эфірныя перадачы. Міністэрства інфармацыі перад сабою ставіць дзве асноўныя задачы. Папершае, павінны выконвацца законы, звязаныя з распаўсюджваннем прадукцыі СМІ. У гэтым сэнсе нам абсалютна ўсё роўна, распаўсюджваецца тэлевізійны канал праз кабель, у эфіры, праз мабільны тэлефон, планшэт ці яшчэ нешта. Гэта ўсё роўна застаецца распаўсюджаннем прадукцыі СМІ. Другі момант - гэта пытанне даступнасці інфармацыі для людзей. І з гэтага пункту гледжання мы для сябе вельмі вялікае значэнне надаём менавіта эфірнаму лічбаваму тэлебачанню, бо сёння гэта адзіны эканамічна абгрунтаваны спосаб унутры краіны дабрацца да сельскай мясцовасці, бо кабеля там няма і не будзе ніколі. Ці не будзе да таго моманту, пакуль не знойдуць тэхналогію таннай вытворчасці гэтага кабеля. Хаця ўсё роўна застануцца мантажныя работы. А правесці кабель дзеля чатырох дамоў у вёсцы эканамічна нявыгадна. Таму для нас вельмі важна, што мы ў сельскую мясцовасць даём інфармацыйны пакет, супастаўны з умовамі горада. Я думаю, што па меры вызвалення аналагавых частот камерцыйныя мультыплексы будуць таксама даступнымі ўэфіры і там. Між іншым, мы вельмі разлічваем на тое, што ў гэтым пакеце будзе расці колькасць беларускіх каналаў ці беларускіх версій каналаў. Адаптацыя на нацыянальных умоў заўсёды патрэбна.

- Значыць, 8 тэлеканалаў павінны быць абсалютна ў кожным доме?
- Натуральна. З кім бы вы ні заключылі дагавор, дзе б вы ні глядзелі тэлевізар на тэрыторыі Беларусі, аператар абавязаны вам даставіць абавязковыя 8 каналаў. Калі ў вас чаго-небудзь не хапае, ёсць усе падставы для звароту ў Міністэрства інфармацыі, каб сітуацыя была выпраўлена.

- Быў час, калі назіраўся недахоп на прылаўках магазінаў прыставак для тэлевізараў. Ці ёсць такая праблема сёння?
- Гандаль гэты баланс ужо выправіў. І думаю, што такіх праблем у 2014 годзе ў нас не будзе. Мы трымаем на кантролі тыя месцы, дзе адбываецца адключэнне аналагавага вяшчання.

- Ці зменіцца цана на прыстаўкі цягам года?
- Няма падстаў думаць, што цана значна павысіцца. Напэўна, што так і застанецца ў раёне 200-300 тысяч за прыстаўку простай канструкцыі.

- Як вы лічыце: лепей набыць новы тэлевізар ці прыстаўку?
- Што такое тэлебачанне? Чым яно трымае гледача? У першую чаргу якасцю "карцінкі". І я, шчыра кажучы, купляў бы больш сучасны тэлевізар. Бо ён дае цэлы шэраг дадатковых функцый. А прыстаўка... Разумееце, сёння, напрыклад, з-за розных тэхнічных прычын мы не паўсюль можам запусціць камерцыйны мультыплекс. І, адпаведна, людзі набываюць прыстаўку для таго, каб глядзець 8 абавязковых агульнадаступных праграм. Але, умоўна кажучы, праз год, калі мы частату вызвалім, чалавеку давядзецца замяніць сваю прыстаўку на тую, якую яму выдасць аператар камерцыйнага мультыплекса. І атрымліваюцца лішнія выдаткі. А калі вы ўжо купілі добры сучасны тэлевізар, то камерцыйную прыстаўку дадуць у крэдыт.

- Але ж у краме могуць прапанаваць тавар, які не будзе адпавядаць усім тэхнічным патрабаванням. Як людзям абараніць сябе?
- Увогуле продаж такой прадукцыі ўжо забаронены з 1 студзеня 2013 года. Таму спажывец, якому прадалі "несучасны" тэлевізар, безумоўна, мае права на вяртанне грошай і набыццё адпаведнай тэхнікі.

- У чым галоўны сэнс пераходу на лічбавае вяшчанне?
- Сэнс у тым, што чалавек атрымае: доступ да інфармацыі, якасць прыёму сігнала, якасць "карцінкі". А ў выніку - патаненне гэтай паслугі, бо замест васьмі перадатчыкаў для асноўнага пакета нам патрэбен толькі адзін.

Спіс 8 каналаў асноўнага пакета (1-ы мультыплекс)

1. Беларусь 1
2. Беларусь 2
3. Беларусь 3
4. Агульнанацыянальнае тэлебачанне (АНТ)
5. Сталічнае тэлебачанне (СТБ)
6. РТР-Беларусь
7. НТБ-Беларусь
8. МІР

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.