100 дзён у эфіры новы тэлеканал “ЛАД”

26.03.2004
“Літаратура і мастацтва”, 26 сакавіка 2004 г.


Карэспандэнт "ЛіМа" Алесь ГАЎРОН гаворыць з выканаўчымі прадзюсерамі Людмілай БАРАДЗІНОЙ, Таццянай ЦІМОХІНАЙ і Пятром ВАРАХОБІНЫМ, чаму яны занялі "кнопку" расійскай "Культуры", пра "мёртвыя" тэлезоны ў Беларусі, пра творчыя знаходкі, праблемы, планы - ды новы тэлесезон.

Людміла БАРАДЗІНА:
- Калі ствараўся “ЛАД”, перад намі была пастаўлена задача зрабіць тэлеканал для ўсёй сям’і. Але не толькі пра сям’ю і сямейныя праблемы! Павінны на ім стасавацца разам і адукацыя, і выхаванне, і культура, і побыт. Таму свае тэлепраекты мы падаём праз прызму жыццёвых, сямейных спадзяванняў, імкнёмся да культуралагічнай напоўненасці нашых праграм. Апошнія гады беларускае тэлебачанне часта і слушна папракалі за легкаважкасць, “папсовасць” перадач, арыентаваных у большасці на маладзёжную аўдыторыю. Зараз мы вяртаемся да таго, ад чаго ў свой час адышлі - да беларускай сур’ёзнай музыкі, да нацыянальнага тэатра, да ўсяго нашага мастацтва, асабліва нашай гісторыі. Так, па тэхнічных прычынах мы вымушаны былі “сесці на кнопку” расійскай “Культуры”, прынамсі, вельмі неблагога тэлеканала. Але што гаварыла “Культура” пра беларускую гісторыю і мастацтва? Анічагусенькі! А мы распачалі цыкл перадач “Імгненне вечнасці”, якія апавядаюць пра малавядомыя эпізоды айчыннай гісторыі, яе выбітных герояў. Менавіта беларускай гісторыі!
Можна зразумець засмучанасць нашых тэлегледачоў немагчымасцю глядзець канал “Культура”. Мы таксама шкадуем пра гэта. Але не трэба хварэць на местачковасць! І мы не бедныя, нам ёсць што расказаць і з нашай гісторыі, і з нашай культуры. У нас жа такія багатыя тэле- і кінаархівы і запаснікі! Там запісы лепшых тэатральных спектакляў, творчых партрэтаў выбітнейшых майстроў нашага мастацтва, інтэрв’ю з імі, гутарак... Гэта такое багацце!
Летась на “БТ” ішоў цыкл перадач “Сола для дэбютанта” - пра маладых таленавітых музыкантаў, пачынаючых акцёраў, рэжысёраў, паэтаў і драматургаў. Хто, акрамя нас, раскажа пра гэтых адметных людзей, пра іх творчасць? Тое ж і з беларускай гісторыяй. Пры сённяшняй вялізнай цікаўнасці да яе, шмат яшчэ важных гістарычных падзей і фактаў, так бы мовіць, не агучаныя. І задача “ЛАДА” данесці гэтыя факты да нашага гледача. Зорка нашага канала Алег Лукашэвіч, аўтар і вядучы праграмы “Наша спадчына”, менавіта гэтым і займаецца. Асабліва адмыслова атрымліваюцца ў яго перадачы пра архітэктурныя помнікі Беларусі. Шкада, што ён прынцыпова працуе “за кадрам”...
Мы няблага супрацоўнічаем з абласнымі тэлестудыямі. Абвяшчаем, напрыклад, праект новай перадачы, якая павінна запоўніць на канале пэўную тэматычную прастору - сацыяльную, мастацкую, гістарычную, і на конкурснай аснове разглядаем аўтарскія заяўкі на ўдзел у гэтым праекце. Іншы раз гэтыя пустоты застаюцца не занятымі толькі па адзінай прычыне - пададзеныя на конкурс прапановы не задавальняюць нас. Аўтар, як кажуць, хоча ды не можа, няздатны падняць тэму да пастаўленай намі планкі. І чым рабіць слабую праграму, лепш ад яе адмовіцца да лепшых часоў. Пакуль не з’явіцца здатны аўтар і зробіць перадачу патрэбнага кшталту.
Адным словам, стасункі з абласцямі ажыццяўляюцца наступным чынам - аблтэлекампаніі працуюць на задачы, пастаўленыя “ЛАДАМ”. Але і самі павінны падаваць ідэі ў цэнтр. Выхад з Магілёва ці Віцебска на рэспубліканскую аўдыторыю стымулюе “задзіраць штаны і бегчы за лідэрамі” - ставіць планку якасці перадачы на пэўнай вышыні. У абласных тэлежурналістаў з’яўляецца стымул творчай падвышкі.

Таццяна ЦІМОХІНА:
- Яшчэ нядаўна на БТ было 120 аўтарскіх праграм. На НТВ, РТР - 28-30, а ў нас 120! Колькі рэдактараў - столькі і праграм. Умее, не ўмее - робіць! Бо лічылася: я рэдактар - я і аўтар... Хаця гэта не адно і тое ж. Аўтар і рэдактар - розныя прафесіі. Галоўнае - прыдумаць перадачу. Гэта работа прадзюсера, які потым знаходзіць аўтара, а той робіць перадачу і можа стацца яе вядучым. Гэта найлепшы варыянт, але не заўсёды аўтар здатны весці сваю перадачу ў кадры. Тады шукаюць вядучага...
Зараз мы рыхтуемся да новага сезона. На тэлебачанні гэта пачынаецца за год наперад. Складаецца сетка вяшчання, запаўняюцца тэматычныя пустоты...
Нам у “ЛАДЗЕ” вельмі хацелася б мець добрую навукова-папулярную перадачу. Але на сёння ў нас няма такога чалавека, які б цікава апавядаў пра навуку. Няма такіх, як у Маскве Нікалаеў, Капіца, Драздоў, Гардон... Нас пытаюць, чаму ў нас няма добрай літаратуразнаўчай перадачы. Запрашаем пісьменніка, гаворым з ім гадзіну, другую - няма сюжэта, хоць трэсні! Цікавы на паперы пісьменнік не заўсёды цікавы ў гаворцы на экране... Мо не тых пісьменнікаў запрашаем? Ці самі не здольныя іх раскруціць...
Але працуем і знаходзім. Хацелася б пахваліцца праектам “Імгненне вечнасці”. Кожная абласная тэлестудыя павінна штомесяц зрабіць сваё невялікае гістарычнае даследаванне - знайсці цікавы факт з мясцовай гісторыі ды падаць яго гледачу арыгінальна і выйгрышна. Няблага ў нас атрымліваецца і “Росчырк часу”, у аснове якога гісторыя незвычайнага чалавека, падзея, факт, з’ява. У Брэсце над гэтымі перадачамі працуюць рэжысёр Інга Шычкова, рэдактары Наталля Калакольцава і Аляксандр Красько, у Магілёве - рэжысёр Аляксандр Грыгалец ды аўтар-рэдактар Таццяна Ларына, у Віцебску - Яўген Герашчанка ды Святлана Пагарэльская. Яны ж разам з Валянцінай Шапёткінай і Веранікай Скрамблевіч паспяхова “раскручваюць” у цыкле “Плошча мастацтваў” нашых вядомых творцаў - мастакоў, музыкантаў, славутых акцёраў. Ну, ужо ніяк нельга не згадаць нашага Сашу Дамарацкага ў “Святле далёкай зоркі”, ды Наталлю Бардзілоўскую (яна нядаўна ўпрыгожыла першую старонку вашага “ЛіМа”), якая працуе над перадачай “Звычайны, незвычайны дзень”.
Мяне задавальняюць “Правінцыйныя гісторыі”, якія робяць Мікалай Казейка і Сяргей Бачкоў на гродзенскім тэлецэнтры, але геаграфія іх - уся Беларусь. Яны знаёмяць з цікавымі людзьмі правінцыі - гэтага заказніка і запаведніка беларускай нацыі - там шмат жыве інтэлігентных, разумных людзей філасофскага кшталту, якія маюць свой погляд на праблемы жыцця. З імі цікава пазнаёміцца, цікава паслухаць разважанні гэтых правінцыйных мудрацоў ды аракулаў пра мінулы-сённяшні-заўтрашні дзень. Гэта больш захапляльна, чым нішчымніца якога-небудзь навукоўца. Надзённаю зрабілася праблема пошуку сучаснікамі сваіх радаводных каранёў. Дапытліваму чалавеку карціць ведаць паходжанне сваёй сям’і - кім былі дзяды-прадзеды. Таму для ўдзелу ў нашых перадачах намагаемся знаходзіць звычайныя сем’і (не акадэмікаў ды генералаў), дзе гэтая спадкаемная памяць жыве па сённяшні дзень. За савецкім часам нас амаль пазбавілі гэтай памяці. Не зазвычай было ўспамінаць продкаў, калі іхнія біяграфіі не палягалі ў рэчышчы камуністычнай ідэалогіі. Гэтак жа і дзяржава павінна ведаць свае карані, ведаць праўду сваёй мінуўшчыны і не цурацца яе...
Дык да сустрэчы ў новым тэлесезоне!

Пятро ВАРАХОБІН:
- Зноў жа пра тую памянёную “кнопку” расійскага канала “Культура”... Гэта чыста тэхнічная справа! Міністэрству сувязі, з якім супрацоўнічае тэлерадыёкампанія, у спадчыну ад СССР засталіся старыя, маламагутныя перадатчыкі з абмежаванай колькасцю каналаў. Да з’яўлення “ЛАДУ” ў беларускім эфіры існаваў адчувальны дысбаланс на карысць расійскіх каналаў. Каб ахапіць большую колькасць насельніцтва, улічыўшы інтарэсы аўдыторыі, і было вырашана стварыць “ЛАД”, які з’яўляецца малодшым братам Першага Нацыянальнага, але тэматычна не дублюе яго. Ён задуманы як “сямейнае тэлебачанне” культуралагічнага кшталту. А так як вольнага канала не мелі, вымушаны былі “сесці на чужую кнопку”. На жаль, гэта аказалася “Культура” - мо адзін з лепшых расійскіх каналаў...
Гэтая тэхнічная недасканаласць адбіваецца не толькі на колькасці каналаў, але і на прасторы іх распаўсюджвання. На тэрыторыі Беларусі існуюць “чорныя” тэлезоны, дзе сігнал нашага канала не прымаецца. Уявіце сабе, мы здымаем “Правінцыйныя гісторыі” ў Шумілінскім раёне, а героі перадачы не маюць магчымасці паглядзець на сябе! Ёсць такія раёны ў Брэсцкай, Гомельскай абласцях... Ды што казаць! У Мінску ёсць “чорныя” зоны, дзе людзі не могуць паглядзець “ЛАД”.
Пра аўдыторыю, на якую мы працуем. Сацыялагічныя даследаванні, маніторынг паказалі, што сярод насельніцтва ўзростам ад 30 да 55 гадоў нас глядзяць тыя ж людзі, што і Першы Нацыянальны. Гэта гаворыць за тое, што мы адрозніваемся ад “старэйшага брата”, нечага яму не хапае, калі гледачы пераключаюць тэлевізар на “ЛАД”...
Пра архівы. Ведаеце, на што патраціў неверагодныя грошы расійскі НТВ, калі толькі ствараўся?! На закуп кіна- і тэлеархіваў іншых каналаў! Хроніка, людзі, падзеі, інфармацыя... Сёння гэта велізарнейшае багацце. Ёсць яно і ў Беларусі. Але ім вельмі боязна карыстацца! Яно ж усё на старых стужках... Калі своечасова не перанесці гэтае багацце на электронныя носьбіты, мы яго страцім.
А што тычыцца канала “Культура”, то зараз ідуць перамовы (і досыць паспяховыя), каб неўзабаве ягоныя лепшыя перадачы траплялі ў беларускі эфір пад шапкаю нашага “ЛАДУ”.