І ў 7, і ў 70

01.11.2014
"Звязда", 1 лістапада 2014 г.
Кастынгі новага шоу талентаў, якія творчая група тэлеканала "Беларусь 1" праводзіла па ўсёй краіне, днямі фінішавалі ў сталіцы. На творчыя адборы зазірнулі і карэспандэнты "Звязды", каб пацікавіцца, хто выпрабоўвае свае сілы ў спаборніцтве за 100 мільёнаў рублёў і чым канкурсанты здзіўляюць журы.  

Наперад, з песнямі  

Як мінімум тры чвэрці ўдзельнікаў выходзяць на сцэну, каб праспяваць. Пад фанаграму і а капэла, пад баян і мандаліну, песні ўласнага сачынення, оперныя арыі і сусветна вядомыя хіты - на што толькі не замахваліся прэтэндэнты! Камусьці журы шчыра апладзіравала, некаторым мякка намякалі, што адной веры ў сябе недастаткова, і, магчыма, іх таленты ляжаць у зусім іншай сферы, а сустракаліся і тыя, каго немагчыма было слухаць без слёз і смеху адначасова, бо ўсе словы былі тут залішнімі. Напрыклад, слесар з Жодзіна Дзяніс не мог пахваліцца наяўнасцю слыху і голасу, затое харызмы ў яго хапіла б на траіх. "Вы смелы чалавек, - заўважыў адзін з удзельнікаў адборачнай камісіі Юрый Брэус, - і ў чымсьці я вам нават зайздрошчу". 

Затое ніякіх праблем з галасамі, рэпертуарам, сцэнічнымі касцюмамі і пачуццём гумару не было ў маладога калектыву казацкай песні і танца, якія літаральна за пару хвілін разбудзілі, разварушылі і сагрэлі залу заліхвацкім выкананнем.  

- Якая ў вас назва арыгінальная - "Маме падабаецца", - здзівіліся ў творчай групе.  
- Дык і тата таксама не супраць! - не разгубіліся ўдзельнікі калектыву і, выслухаўшы пэўныя парады журы, адправіліся чакаць вердыкту.  

Салігарчанін Арсеній Кугейка падчас выступлення ўхітрыўся сарваць двайныя апладысменты - бо выгадна вылучыўся на фоне шматлікіх спевакоў выкананнем бітбоксу (мастацтва імітацыі рытмаў і мелодый музычных інструментаў з дапамогай голасу і артыкуляцыі. - Аўт). Як высветлілася, у гэтым напрамку хлопец не навічок - больш за тое, фактычна ён стваральнік першай і самай буйной беларускай бітбокс-суполкі, арганізатар і ўдзельнік шматлікіх музычных фестываляў.  

- Навошта пры столькіх дасягненнях табе ўдзел у шоу талентаў? - не ўтрымаўшыся, спыталі мы ў хлопца.  

- Не тое, каб выйграць 100 мільёнаў... Хутчэй, проста цікава паказаць сябе шырокай публіцы. Ну і перамагчы было б вельмі добра.  

Танцуюць усе!  

Другі па папулярнасці творчы кірунак ва ўдзельнікаў кастынгу - танцы. Іх было шмат: бальныя, народныя, іспанскія, усходнія... Кандыдаты шоу "Я магу!" дэманстравалі, што для іх няма немагчымага: можна станцаваць і пад Грыга, і пад рускі шансон. "У Гродне, напрыклад, уразіла адна сталая пара, - узгадвае рэжысёр праекта Глеб Шапо, - абаім за 50, але як яны выконвалі самбу - сапраўдная страсць, інтрыга, пластыка, проста заглядзенне! Яна з Індыі, ён беларус - пазнаёміліся ў Піцеры падчас вучобы, пераехалі сюды і ўжо 30 гадоў разам, вучаць дзетак, самі танцуюць - выдатны прыклад, як можна ўсё жыццё трымаць сябе ў форме".  

...Хударлявы, гнуткі Васіль Поляк з Мазыра знешне нагадваў студэнта-"батаніка". Але яшчэ задоўга да выступлення іншыя ўдзельнікі войкалі, гледзячы, як размінаецца "гутаперчавы" юнак: віртуозна складваецца ў неверагодныя фігуры і вырабляе складаныя па. Васіль, дарэчы, стаў першым з удзельнікаў мінскага кастынгу, каму суддзі адразу ж далі "дабро" і запэўнілі: "Вы праходзіце ў паўфінал!".  

- Адкуль такія таленты? Прафесійная падрыхтоўка? - дагналі мы маладога чалавека за кулісамі.  

- Шчыра кажучы, першая мая прафесія - педагог абслуговай працы і выяўленчага мастацтва ў дзяўчат, прасцей кажучы, "трудавік", - сарамліва паправіў акуляры хлопец. - У мяне нават ёсць нумар, дзе я шыю сабе піжаму. А танцы пачаліся з таго, што я неяк прыйшоў да сяброў, якія займаліся брэйк-дансам, паспрабаваў паўтарыць за імі пэўныя рухі, і мне сказалі: а ты гнуткі, хочаш займацца?  

Васіль, дарэчы, загадзя вырашыў, на што патраціць прызавыя сто мільёнаў, калі менавіта яму ўсміхнецца ўдача: "На развіццё танцавальнага мастацтва і ў Мазыры, і наогул у Беларусі. Ну, і на сябе пэўную частку патрачу, а то ад актыўных заняткаў усё адзенне рвецца. Але найперш мне цікава павучыцца чамусьці новаму, паслухаць прафесійныя парады ад суддзяў і развівацца".  

"Шукаеце таленты? Іх ёсць у мяне"  

Многія спрабавалі ўразіць фокусамі і ілюзіямі - 13-гадовы Арцём, напрыклад, паказваў журы, як працуе "ментальная магія", і многіх такі пераканаў! Былі і трукі з картамі, і "вясельныя" забавы, і бармен-шоу, і нават пескаграфія... Шэраг канкурсантаў чыталі вершы ўласнага сачынення, ад лірычных да патрыятычных, якіх хапіла б на тоўсты зборнік. "Засвяціліся" сярод іншых і заўсёднікі падобных творчых адбораў - напрыклад, эпатажны вядучы забаўляльных праграм Аляксандр Бабарыкін, які выступае пад псеўданімам Алекс Нармалекс, чарговы раз прымераў на сябе вобраз Элвіса.  

...Ахвотнікаў паказаць сябе ў Маладзёжным тэатры эстрады не меншала да позняга вечара. Усяго ж у кастынгах, якія прайшлі ва ўсіх абласных гарадах, а таксама ў Бабруйску, Маладзечне і Баранавічах, было паказана больш як 700 нумароў. Прафесійны і ўзроставы склад разнастайны: прыходзілі і 7-гадовыя дзеці, і тыя, каму ўжо за 80, і студэнты са школьнікамі, і бухгалтары, і будаўнікі, і ўрачы, і дворнікі, і слесары, і вайскоўцы. Прычым, адзначаюць пастаянныя ўдзельнікі творчай групы, у раённых гарадах кандыдатаў было больш і яны аказаліся ярчэйшымі, чым у абласных цэнтрах. Для ўдзелу ў тэлевізійным шоу будзе выбрана не больш як 120 з іх, а самыя цікавыя, але "нефарматныя" выступленні здымачная група праекта пакажа ў дзённіках "Я магу!"

З першых вуснаў  

- У мяне ўжо тры блакноты спісаны заметкамі і ўражаннямі з кастынгаў ва ўсіх гарадах, - адзначае ў перапынку рэжысёр Глеб Шапо, - бо проста немагчыма ўсіх запомніць: мы фатаграфуем кандыдатаў, пішам на камеры, а потым будзем яшчэ раз пераглядаць і выбіраць, каго запросім у тэлешоу.  

Да 20 лістапада мы павінны ўжо вызначыцца са спісам удзельнікаў - выкладзем яго на сайце, у сацыяльных сетках, усім патэлефануем, каб ведаць, хто згодны, а хто, магчыма, перадумаў удзельнічаць у шоу. Тады пачнём працаваць - спачатку дыстанцыйна, будзем таксама прыязджаць у гарады, здымаць сюжэты пра кожнага ўдзельніка. Стартуе шоу ў студзені. Папярэдне вырашана, што ў кожным адборачным ці паўфінальным шоу будзе па 10 нумароў, у фінал трапяць 2 найлепшыя: аднаго выбера прафесійнае журы, другога - гледачы. У фінале ж галасаваць будуць толькі гледачы, каб атрымаўся сапраўды народны выбар. 

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.