Цымбалістка Аляксандра Дзенісеня прадставіла Беларусь у фінале конкурсу маладых музыкантаў "Еўрабачанне-2012"У Вене прайшоў XVI Міжнародны конкурс маладых музыкантаў "Еўрабачанне-2012" (Eurovision Young Musicians), арганізатарам якога з'яўляецца Еўрапейскі Вяшчальны Саюз. Ад Беларусі на конкурсе выступіла цымбалістка Аляксандра Дзенісеня, якая паспяхова выйшла ў фінал, дзе выканала "Канцэрціна для цымбал, струннага аркестра і ўдарных інструментаў" кампазітара Уладзіміра Кур'яна. Аляксандры, згодна з рашэннем судзейскай калегіі, выпаў гонар выступіць у фінале класічнага "Еўрабачання-2012" першай (жараб'ёўка канкурсантаў загадзя не праводзілася). У прамым эфіры фінал музычнага спаборніцтва паказалі тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь-ТБ". Пераможцам Міжнароднага конкурсу маладых музыкантаў "Еўрабачанне-2012" стаў альтыст Эйвінд Хольцмарк Рынгстад з Нарвегіі. Другога месца ўдастоены скрыпач Эмануэль Чкнаваран з Аўстрыі, трэцяе месца члены прафесійнага журы вырашылі прысудзіць выканаўцу Нарэку Казазяну з Арменіі. Аляксандра Дзенісеня нарадзілася ў Мінску ў 1994 годзе. Яна двойчы была адзначана стыпендыямі і тройчы - Гранд-прэміямі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Выканаўца з'яўляецца лаўрэатам многіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Неаднаразова выступала з вядучымі аркестравымі калектывамі Беларусі. У суправаджэнні канцэртнага аркестра Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі выступала ў розных краінах Еўропы і Азіі - Вялікабрытаніі, Бельгіі, Бахрэйне, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Eurovision Young Musicians - міжнародны конкурс класічнай музыкі для маладых таленавітых музыкантаў, які праходзіць раз на два гады. Беларусь прымае ўдзел у конкурсе другі раз. Першым прадстаўніком на Eurovision Young Musicians у 2010 годзе быў віяланчэліст Іван Карызна, які гэтак жа, як і Аляксандра, выйшаў у фінал прэстыжнага спаборніцтва. |