
Да 65-годдзя Вялікай Перамогі Першы нацыянальны канал Беларускага радыё правядзе шэраг радыёмастоў з радыёкампаніямі краін СНД - Нацыянальнай радыёкампаніяй Украіны, "Радыё Расіі", радыё "Пецярбург", кампаніяй "Валгаград-ТРВ".
Радыёэфір звяжа гарады-героі Мінск, Маскву, Санкт-Пецярбург, Валгаград і дасць магчымасць сустрэцца праз гады і адлегласці аднапалчанам, успомніць франтавое юнацтва і нават разам праспяваць песні, якія ў вогненныя саракавыя сагравалі ў зямлянках і дапамаглі дайсці да Берліна.
Першы радыёмост "Гарады-героі. Мінск - Кіеў" прайшоў 27 красавіка 2010 года. Гасцямі студыі Дома радыё ў Мінску на вуліцы Чырвонай, 4 былі ветэран Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны ваенны лётчык СССР, генерал-маёр авіяцыі Аляксандр Сяргеевіч Шацкі, які гераічна ваяваў у небе Украіны, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валянціна Каралёва і сакратар ЦК БРСМ, старшыня Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Наталля Абравец.
Госці кіеўскай студыі - былы марак-падводнік Васіль Сямёнавіч Клюй і радыст-франтавік Віктар Мікалаевіч Запарожац, які ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі, а таксама ветэран афганскай вайны, старшыня Усеўкраінскай грамадскай арганізацыі "Скончым вайну" Юрый Зубко.
Радыёмост "Гарады-героі. Мінск - Валгаград" прагучаў у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё 30 красавіка 2010 года.
4 мая 2010 года на сувязь з мінскай студыяй вышаў Санкт-Пецярбург.
7 мая 2010 года адбыўся радыёмост "Мінск - Масква".
Такі праект - гэта мост памяці з гераічнага мінулага ў сучаснасць, ён аб'яднае людзей розных пакаленняў: і тых, хто абараніў свет ад фашызму, і тых, хто сёння захоўвае памяць аб іх подзвігу - гісторыкаў і архітэктараў, актывістаў маладзёжных грамадскіх арганізацый і пошукавых атрадаў.
Слухайце Першы нацыянальны канал Беларускага радыё кругласутачна ў рэжыме рэальнага часу на www.tvr.by і ў FM на 106,2 МГц - у Мінску, 105,9 МГц - у Магілёве, 105,1 МГц - у Гомелі, 103,0 МГц - у Гродне, 100,5 МГц - у Віцебску, 100,0 МГц - у Брэсце, у АМ - 279 кГц.