Культура

Спампаваць

18 Мая 2017 21:30

Музею старажытнабеларускай культуры сёлета спаўняецца 40

Сёння прафесійнае свята ў захавальнікаў старажытнасці і знатакоў мастацтва. Дзень музеяў адзначаюць у шматлікіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі. У нас дзейнічае каля 160 музеяў, сярод якіх гістарычныя палацава-паркавыя ансамблі і сярэднявечныя замкі, сядзібы і дамы вядомых асоб, а таксама ўтульныя тэматычныя міні-галерэі. За мінулы год яны прынялі больш як шэсць мільёнаў гасцей. Віншаванні сёння гучаць і ў адрас Музея старажытнабеларускай культуры. Яму сёлета спаўняецца 40. З фонду юбіляра - рэпартаж Іны Пілевіч.

Выпадковы мінак наўрад ці пазнае ў гэтым будынку музей рэспубліканскага значэння. Сховішча нацыянальных каштоўнасцей знаходзіцца ў адным з карпусоў Акадэміі навук і, адпаведна, з'яўляецца яе падраздзяленнем. Музей старажытнабеларускай культуры - установа далёка за рамкамі свайго статусу. Тут на працягу 40 гадоў не толькі экспануюць рарытэты, але і вядуць сур'ёзную навуковую працу па вывучэнні мастацкай спадчыны краіны.

Паліна Богдан, навуковы супрацоўнік Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі: "У нас няма такога падзелу працы, як у вялікіх музеях, у якіх ёсць захавальнікі, наглядчыкі, экскурсаводы і навуковыя супрацоўнікі асобна. У нас усім займаецца адна невялікая група людзей. Мы ўсе навуковыя супрацоўнікі. Але па сумяшчальніцтве мы працуем і з фондавымі калекцыямі, і праводзім экскурсіі".

Падставай для стварэння музея стала праблема размяшчэння ўнікальнай калекцыі. Яна была сабрана падчас этнаграфічных экспедыцый і раскопак на тэрыторыі Беларусі. Так навукоўцы вывозілі ў сталіцу адзенне святароў, іконы, скульптуры, што псаваліся на стрэхах закрытых храмаў. Першапачаткова працэс выратавання наогул праходзіў нелегальна, навукоўцы дзейнічалі насуперак тагачаснай ідэалогіі.

Барыс Лазука, дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства: "Пасля адной экспедыцыі больш за 20 абразоў былі вывезены ўначы ў мастацкі музей, у карцінную галерэю. Бо савецкія навукоўцы, на думку тых чыноўнікаў, не маглі займацца абразамі. Вывучаць іх. Тым больш забіраць іх".

На сёння сакральная калекцыя музея старажытнабеларускай культуры сваімі памерамі другая ў рэспубліцы. Большая - толькі ў фондах Нацыянальнага мастацкага.

У калекцыі і «Рыцар, які заснуў». Менавіта так празвалі ў народзе надмагільную пліту Паўла Сапегі. Падканцлер Вялікага Княства Літоўскага заказаў гэты помнік яшчэ пры жыцці і папрасіў выляпіць сябе маладым у рыцарскіх даспехах. Побач - яго тры памерлыя жонкі з малітоўнікамі ў руках. Мемарыяльная скульптура была ўсталявана ў гальшанскім касцёле і знаходзілася там акурат да закрыцця храма.

Адзіны беларускі музей, у фондах якога захоўваецца нацыянальная спадчына: слуцкія паясы, каштоўнасці з чарнобыльскай зоны, - самая багатая ў краіне калекцыя народнага касцюма. Усяго ў фондзе 30 000 прадметаў. Усе яны пад наглядам двух штатных рэстаўратараў. Вынік іх працы будзе прадэманстраваны на выставе адноўленых ікон. Дарэчы, лекарам даўніны спатрэбіцца не адно дзесяцігоддзе, каб даць новае жыццё ўсяму, што было выратавана яшчэ падчас стварэння ўнікальнага фонду. 

 

Iншыя навіны

Рубрика "Променад" Рубрыка "Праменад" 26.05.2017 18:45 / Культура Рубрыка "Праменад"
"Беларускай думцы" - 95 лет Беларускай думцы" - 95 гадоў 24.05.2017 19:18 / Культура Беларускай думцы" - 95 гадоў