Продолжить на сайте

Онлайн-конференция на тему "Традиции новогодних праздников у белорусов"

Архив онлайн-конференций

Онлайн-конференция на тему "Традиции новогодних праздников у белорусов"

Онлайн-конференция на тему "Традиции  новогодних праздников у белорусов"

Ряженые и гадание. Какие традиции новогодних праздников сохранились с давних времен, как современные белорусы защищаются от злых духов и просят хорошего урожая? 

5 января в 11 часов во время онлайн-конференции об этом рассказала Елена Лешкевич - младший научный сотрудник Центра исследований белорусской культуры, языка и литературы НАН Беларуси. 





05.01.2018

Фото


Вопросы конференции


Добрый день! Откуда вообще возникла традиция калядовать? Какой смысл был в этом?
Руслан (Неизвестно)

Алена Ляшкевіч: У першую чаргу варта сказаць, што беларускія Каляды прымяркоўваюцца да дня зімовага сонцавароту, хаця ў праваслаўнай традцыі, канешне, трошку пазней дзякуючы шматлікім каляндарным рэформам. Асноўная тэма, якая абыгрываецца ў беларускім калядаванні, - гэта каляндарны пераход, змена сезона, паварот сонца на лета. Другая тэма - гэта шанаванне продкаў, таму што калі мы паглядзім, напрыклад, на абрадавае каляднае застолле, то фактычна яно памінальнае (як гэта ні дзіўна гучыць). Гэта няцотная колькасць страў, хаця ў сённяшняй масавай культуры нам наадварот здаецца, што цотнасць - гэта прыкмета чагосьці пахавальнага (мы нясем дзве кветачкі на могілкі), а ў традыцыйнай культуры наадварот няцотнасць - прыкмета, умоўна кажучы, смерці, іншасвету. А цотнасць - прыкмета жыцця. Напрыклад, калі дзіця частавалі цукеркай, казалі: “Бяры да пары дзве цукеркі, а не адну”. І трэцяя тэма, якая абыгрываецца, - гэта забеспячэнне плоднасці на будучы гаспадарчы год. Плоднасці для людзей, для жывёл і для раслін. І вельмі істотна тое, што гэты час (час каляндарнага пераходу, час змены сезонаў) лічыўся перыядам і небяспечным, і ў той жа час добрым, таму што мяжа паміж двума сусветамі (светам людзей і тагасветам, светам продкаў, светам багоў калісьці) лічылася адкрытай, і праз гэтую мяжу магло прыйсці як штосьці добрае, так і штосьці дрэннае. Таму паводзіны ў гэты перыяд былі досыць рытуалізаваныя.

Вядучая: Як задобрыш...

Алена Ляшкевіч: Як задобрыш, і што дасі калядоўнікам, тое табе і будзе на наступны год. Таму людзі не скупіліся.

Вядучая: А самім людзям, якія выступалі ў ролі калядоўшчыкаў, гэта нешта давала?

Алена Ляшкевіч: З аднаго боку, гэта лічылася грахом. Царква асуджала калядаванне, прынамсі, у такім выглядзе, які мы сёння лічым класічным калядаваннем: з казой, мядзведзем, з пераапрананнем.

Вядучая: З зоркай.

Алена Ляшкевіч: Так. Але наконт зоркі няма адназначнага меркавання: ці то гэта Віфлеемская зорка і біблейны сімвал, ці то гэта сімвал сонца, ці то яны наклаліся адно на адно ў розныя перыяды. На сёння нам вельмі складана раздзяліць хрысціянскія і дахрысціянскія ўяўленні ў традыцыйнай культуры. Тым жа часам варта разумець, што каляднікі хадзілі не толькі пераапранутыя, а хадзілі людзі і з царкоўнымі псальмамі (так званыя хрыстаславы). Ёсць звесткі, што хадзілі так званыя звездары асобна ад пераапранутых. Таму калядаванне не зводзіцца толькі да таго, што сёння ў масавай культуры больш-менш вядомае як калядаванне. Калі мы паглядзім крыніцы ХІХ-ХХ стагоддзя, этнаграфічныя запісы, то мы пабачым значна больш варыянтаў.

Вядучая: На сёння гэта проста прыгожая традыцыя. Так?

Алена Ляшкевіч: Гледзячы для каго і гледзячы дзе.

Вядучая: У вёсках гэты рытуал яшчэ мае сэнс.

Алена Ляшкевіч: Асабліва ў паўднёвай Беларусі. Канешне, ён уяўляецца як забава ў некаторым сэнсе. Тым жа часам, напрыклад, гарадская моладзь, якая выходзіць на калядаванне, таксама думае, што яна нясе гаспадарам, якіх яна віншуе, якіх персанажаў можна, якіх нельга прадставіць у гэтым калядным гурце. Таму гэта і забава, але не толькі.

Сейчас, если и ходят калядовать, то молодежь и дети. Правда, у нас в деревне в Могилевской области иногда пожилые люди ходили по домам. А первоначально с какого возраста ходили калядовать и почему?
Ирина (Могилев)

Алена Ляшкевіч: Некалькі тэорый тут ёсць у навукоўцаў. Першае, калі гэта сур’ёзная справа, саркальны абрад, то гэта справа дарослых, людзей жанатых, якія ўжо адбыліся ў жыцці, якія добрыя гаспадары, яны і здзяйсняюць гэты абрад. Паступова са стратай такога сакральнага сэнсу ўжо за абрады брался моладзь, а потым і дзеці. Але ёсць іншая тэорыя - што дзеці - гэта носьбіты рытуальнай чысціні, што ў іх у абрадзе свая роля. Асабіста я схіляюся да другой тэорыі. Таму што мы маем крыніцы летапісныя, напрыклад 10-11 стагоддзя, дзе пазначаецца, што ў калядаванні ўдзельнічалі ўсе пакаленні і людзі абодвух полаў. Таксама, на мой погляд, гэта пацвярджаецца і сучаснымі запісамі, і этнаграфічнымі крыніцамі класічнага перыяду 19-20 стагоддзяў, што ў калядаванні кожная ўзроставая катэгорыя мела сваю ролю. Дзеці выконвалі штосьці прасцейшае. Ім давалі маленькія пачастункі. Хлопцы з дзяўчатамі маглі пазнаёміцца ў калядным гурце, дзе можна было праявіць сябе, пажартаваць. Былі змяшаныя гурты моладзі - дзявочыя, хлапечыя, і былі гурты асобныя, напрыклад, хлапечыя, якія наведвалі хаты, дзе ёсць дзяўчаты на выданні. Але былі і гурты дарослых каляднікаў, якія хадзілі віншаваць сваіх суседзяў. Там ужо былі, можа быць, трошку больш разняволеныя жарты з эратычным падтэкстам. Дазвалялася на Каляды тое, што не дазвалялася ў звычайныя дні. Варта разумець, што людзі выступалі за прадстаўнікоў таго свету, за продкаў, за такіх інфернальных істот, для гэтага маскіраваліся, і такімі рытуальнымі паводзінамі афармлялі надыход новага года. 

Колькі традыцыйна ёсць персанажаў на Каляды?
Віталь (Неизвестно)

Алена Ляшкевіч: Персанажаў на Каляды вельмі шмат. Калі Віталь цікавіцца традыцыйна, то варта спытацца, на які час. На жаль, крыніцы больш дакладныя з апісаннем калядных гуртоў мы маем з 19-га стагоддзя, маем сучасныя запісы. Інфарманты 20-30-ых гадоў нараджэння ўзгадваюць сваю маладосць. І ёсць пытанне, традыцыйныя гэта персанажы, ці не. Таму што цяпер у калядным гурце могуць хадзіць Дзед Мароз, Снягурачка - нашы савецкія калядныя персанажы. Напрыклад, у Давыд-Гарадку ў Столінскім раёне адбываецца цэлы калядны карнавал, дзе мы можам убачыць персанажаў дыснееўскіх, савецкіх мультфільмаў, галівудскага кінематографа. Гэта ўжо іх традыцыя. 

Але, калі гаварыць пра класічны перыяд мяжы 19-20 стагоддзяў, то ў кожнай вёсцы быў свой набор калядных персанажаў. Іх можна падзяліць умоўна на групы. Частка сімвалізавала продкаў - персанажы дзед і баба, хадзілі жывёлы - каза, мядзведзь, розныя дзюбатыя птушкі - журавель, бусел, дзяцел, таксама сарока, конь, зрэдку кабыла, бык, воўк, ліса З жывёл гэта ў асноўным каза і мядзведзь. Таксама былі антрапаморфныя персанажы, якія прадстаўлялі людзей. У першую чаргу гэта персанажы, чужыя для беларускаго селяніна сацыяльна ці этнічна: лекар, поп, цыган і цыганка, жыдоўка у нас казалі на вёсках, цяпер паліткарэктна казаць яўрэй ці яўрэйка, вайсковец у розных іпастасях - салдат, афіцэр, ці палкоўнік з рэгаліямі, таксама барыня альбо паненка, цар ці кароль, ямшчык, грабаўшчык. Напрыклад, у вёсцы Віркаў Клічаўскаго раёна ёсць персанаж - прыдурак. 

Таксама былі персанажы, якія судакраналіся з прасторай чужога. Для селяніна, які займаўся земляробствам, пастух лічыўся чужым. Была ў калядным карагодзе і ведзьма, дзякуючы адкрытай мяжы паміж гэтым і тым светам. Вядзьмаркі сябе кепска паводзілі. Маглі быть міфічныя персанажы: чорт, анёл ці смерць. Магло быць самаўвасабленне свята - такі персанаж, як Каляда ці Шчадрэц мужчынскага полу. У калядным гурце хадзілі шматлікія памагатыя, спевакі. Гурт дарослых маглі суправаджаць дзеці, якія стукалі ў акенцы, першы зварот да гаспадароў рабілі. Магло быць дзіця са званочкам, як ў весцы Жыткавічскага раёна. Таксама быў механош, зорканоша, засявальніца. Персанажаў было вельмі шмат. Кожны мог знайсці сабе адпаведную ролю. 

Што вельмі цікава - сучасная гарадская моладзь, ладзячы Каляду, разважае, каго б сёння мы маглі прывесці ў дом да сучасных гаспадароў. Я працытую лідара аднаго з мінскіх калядных гуртоў, якія хадзілі па Мінску ў канцы 2016 года. "Традыцыйна калядныя персанажы маглі быть сімваламі прадстаўнікоў навакальнага хаосу - небяспечных, драпежных, незразумелых. Прадстаўнікоў тых прастораў, што знаходзяцца па-за звыклай, прадказальнай паўсядзённасцю грамады. Для беларусаў у перыяд 19-га і пачатак 20-га стагоддзяў чужасветнымі сярод іншага былі істоты з дзікай прыроды, прадстаўнікі афіцыйных устаноў, іншых нацыянальнасцяў. Сення чужасць гэтых істотаў не настолькі адчувальная і актуальная, але чым не інфернальныя істоты, якія могуць тэрарызаваць няшчасных  сучасных гаспадароў, патрабаваць ад іх долю на зімовыя святкі. Напрыклад, румяны кантралёр, санстанцыя, сведкі Іеговы, распаўсюджвальнікі "Арыфлэйм" ці "Фаберлік", перэўрацень у пагонах, баявік ІГІЛ, ватнік, гопнік, імэнэснік з праверкай пажарнай бяспекі, інвестар у нерухомасць, прадавец білетаў "Наша лато", жук-караед. Спіс можа быць бясконцы, трэба толькі падключыць фантазію". Мне здаецца, што людзі традыцыйнай культуры таксама думалі ў гэтым накірунку. Яны бачылі вакол сябе адных чужых, а мы бачым іншых.

Падрыхтоўка да Калядаў пачыналася загаддзя, людзі дамаўляліся, хто будзе граць якую ролю, хто робіць якую маску. Звычайна хадзілі гурты больш-меньш паміж сабой знаёмыя - родзічы ці суседзі. Калі чалавек ніяк не ўлучаны ў сучасны фальклорны рух, яму будзе складана знайсці сабе кампанію. Ніхто не замінае сабраць сваіх сяброў пачытаць кніжкі, скласці свой сцэнарый, паглядзець відэа мінулагодніх калядаванняў і павіншаваць сваіх сяброў і суседзяу.                    

Сярод калядных персанажаў ёсць яўрэй. Ён эксперт па прысмаках, калі што "дрэнна" прыгатавана, усё забірае сабе. Раскажыце, адкуль з'явіўся гэты персанаж і чаму такая яго роля?
Аляксей (Слонім)

Алена Ляшкевіч: Яўрэі жылі ў Вялікім Княстве Літоўскім з XIV стагоддзя, з XVI стагоддзя іх становіцца вельмі шмат, а з XVIII стагоддзя назіраецца іх найбольшая канцэнтрацыя, з увядзеннем мяжы аседласці ў Расійскай імперыі, куды ўваходзілі і беларускія землі. Яўрэй быў такім класічным чужынцам для беларуса, бо яўрэі жылі ў гарадах, не займаліся земляробствам. Калі яны жылі ў вёсцы, то трымалі корчмы, часта працавалі з грашыма. А селянін не кожны дзень сутыкаўся з грашыма, бо гаспадарка была натуральная, і нават пасля рэформ і скасавання прыгоннага права для селяніна грошы былі чымсьці не вельмі добрым. Таму яўрэй, паводле этнічных стэрэатыпаў, сквапны, нядобры, і ў народным гумары высмейваліся гэтыя яго рысы. Роля яго ў тым, што ён пачастункі забірае, сімвалічна гэтыя пачастункі перапраўляліся на іншы свет, каб у наступным годзе гаспадарам забяспечыць дабрабыт і долю.

Якую ролю выконвае персанаж казы? Часцей за ўсіх яе бачу. Дзякуй за адказ.
Вольга (Брэст)

Алена Ляшкевіч: Персанаж казы найбольш часты. Асабліва ў палескіх калядных гуртах. Каза сімвалізуе дабрабыт, багацце, і роля казы падчас калядавання ў тым, што яна нібы памірае, падае, калядоўшчыкі кажуць, што каза ўпала, здохла, прапала, трэба ёй штосьці даць, пакарміць. Прычым каза аказваецца зусім не траваеднай, яна есць сала, цукеркі, п’е нават. Калі гаспадары дастаткова нанясуць дарункаў, то каза ажывае. Ёсць версія, што гэта сімвалізуе пачатак новага года, ажыванне сонца, паварот яго на лета. Каза як міфалагічны персанаж вельмі плодная - дае і малако, і казлят, і дабрабыт наогул.

Па традыцыі калядоўшчыкі пераапраналіся ў вывернутыя навыварат кажухі. Чаму так рабілася?
Марыя (Неизвестно)

Алена Ляшкевіч: Перавернутасць увогуле характэрна для Каляд, перавернутасць паводзін, калі можна рабіць тое, што не дазволена ў звычайным жыцці. Тое ж з вывернутасцю адзення: кожны дзень мы яго носім правільна, значыць, у гэты час будзем насіць навыварат. Гэта датычылася не только кажухоў, але і галаўных убораў, мянялі абутак правы на левы і наадварот. Таксама тут мела ролю смехавая культура: чым больш людзі смяюцца, тым лепшае ў іх будзе жыццё і больш заможнае. Да таго ж кажух з унутранага боку калматы, і гэтая калматасць сімвалічна суадносіцца з плоднасцю, заможнасцю. Калі мы паглядзім калядныя варожбы, то была такая варожба, калі дзяўчыне трэба было праз вакенца ў лазні - лазні былі курныя і без шкельцаў у вокнах - нешта намацаць; калі дзяўчына нешта намацвала голае - сцяну, дошку, - то жыццё замужняе будзе не вельмі заможнае, а калі намацвала нешта калматае накшталт мачалы, то наадварот. Можна ў тэорыі ўзводзіць да таго, што чым больш жывёл у гаспадарцы, тым больш яна заможная, бо раней калісьці жывёлы былі замест грошай. Гэта, канешне, толькі тэорыя, але яе нельга скідаць з рахункаў.

Усім вядома, што Каляды - гэта лепшы час для варожб. Якія цікавыя варожбы былі ў беларусаў, акрамя кідання ботаў. Вы самі займаліся варожбамі на Каляды? Збылося ці не?
Наталля (Менск)

Алена Ляшкевіч: Варажылі не толькі на Каляды. Любы перыяд, які адпавядаў каляндарным пераходам, пераломам часавай мяжы, быў прыдатны для варожбы. Найбольш вядомыя варожбы калядна-купальскія. Але варажылі таксама на дзень святога Андрэя 30 лістапада (гэтыя запісы фіксуюцца больш у Заходняй Беларусі, такая каталіцкая традыцыя), калі пачынаўся каляндарны пераход паміж восенню і зімой, паварот сонца. Каталіцкая традыцыя з Адвэнтам, Каляды ўжо распачынаюцца ў канцы лістапада. Але зафіксаваны таксама варожбы на Масленіцу і на маладзік. Таксама сімволіка першага, як чалавек пабачыць першага бусла, пачуе першую зязюлю.

Каляды - гэта не выключны час для варожбы. І калі разглядаць калядную варожбу, то ёсць такі стэрэатып, што дзяўчаты варажылі на замужжа, а хлопцаў гэта не вельмі цікавіла, але гэта не зусім так. Ёсць запісы пра хлапечыя варожбы. Сямейных людзей больш цікавіла здароўе, ураджай, дабрабыт. Старэйшага чалавека цікавіла, колькі ён пражыве. А калі гаварыць пра тэхналогіі варажбы, то іх было вельмі шмат. Акрамя ботаў, калі па тым жа прынцыпе, то была такая варажба: навязваўся ключ на нітачку, спускаўся ў калодзеж, хістаючыся, і вось на момант, калі ключ датыкнецца да вады, у які бок ён хіснецца, значыць, у той бок дзяўчына пойдзе замуж.

Акрамя абутку, маглі кідаць дровы, маглі ставіць высокі кіёк і глядзець, у які бок ён упадзе. Але акрамя варожбаў, якія былі звязаны з накірункам прасторавым, былі іншыя шматлікія варожбы. Напрыклад, варожбы па прынцыпе цот ці няцот: набіранне арэхаў жменяй, ці абдыманне штыкецін у плоце, ці тыя ж дровы прынесці, палічыць колькі іх. Гэта магла быць варожба на замужжа і на шанцаванне, спраўдзіцца ці не спраўдзіцца жаданне. Гэтым займаліся людзі ўсіх узростаў.

Маглі дзяўчаты збірацца разам і пячы бліны, потым аддаваць сабакам. Чый першы блін з'есць - тая першая пойдзе замуж, і так у паслядоўнасці. А чый не з'есць - не пойдзе сёлета ці не пойдзе зусім. Калі варажба на замужжа, то можно было даведацца пра нораў будучага мужа, таксама малады хлопец ці ўдавец. Сучасная культура - гэта такая калядная варажба. Гэта практыка для дзяўчат-падлеткаў. А калі мы апытваем бабуль, яны расказваюць, што спраўдзілася, што сяброўкамі сабраліся, у якой паслядоўнасці сабака паеў бліны, у такой замуж і пайшлі, а вось чые не паеў, тая засталася.

Цi калi варожыш на адкуль i што пачуюць гэтыя дзяўчаты. Вось яны выходзiлi на ростанi, нешта крычалi, iм адгукалася рэха. Напрыклад, дзяўчына крыкнула: "Адкуль мая доля?" I нехта з яе нядобра пажартаваў, сказаў накшталт ёй нешта благое: "Ня будзе табе долi". I яна i праўда жыла такая няшчасная цi памерла ў маладосцi. Такiх гiсторый вельмi шмат.

Вядучая: А вы варожыце?

Алена Ляшкевіч: У дзяцiнстве я нешта варажыла, але што там было, не памятаю. Зараз ужо не варажу. 

Якія традыцыйныя стравы былі на Каляды? Як яны суадносіліся з хрысціянствам - зараз пост у праваслаўных.
Аляксандра (Слуцк)

Алена Ляшкевіч: На Каляды было тры кульмiнацыйныя кропкi: тры куццi. У католiкаў гэта атрымлiваецца ўвечары 24-га снежня, потым 31-га снежня, потым 6-га студзеня. У праваслауных - увечары 6-га студзеня, потым 13-га i напярэдаднi Вадохрышча - 18 студзеня. Першая куцця была посная, другая - скаромная (цi шчодрая, цi багатая), а трэцяя зноў посная. Таму прадстаўнiкi абедзьвух найбольш паноўных на Беларусi канфесiй не парушалi посту, калi святкавалi традыцыйна. Асноўнымi стравамi на калядным стале былi кашы, тая ж самая куцця, таксама ёсть звесткi пра выпяканне абрадавага хлебу. Да Калядаў таксама забiвалi кабанчыка. У шматлiкiх калядных песнях мы можам пачуць пра калядныя кілбасы "вы кілбасачкі паніжыцеся", цi ужо калi прыйшлi каляднiкi "кілбасу дамоў панясу". Гэта асноўныя. Нешта з зерня, нешта з мяса, але стол павiнны быў быць поўным, каб гэта ўсе было i на наступны год, таму што Каляды закладалi дабрабыт на наступны год. 

Мы ўжо казалi, што гэтых страў павiнна было быць няцотная колькасць, таму што гэта фактычна памiнальнае застолле. Пад абрус на ўсе тры куццi клалi сена цi салому. Наконт сiмволiкi навукоўцы не сыходзяцца. З аднаго боку, гэта нейкая сувязь памiж продкамi, бо салома сiмвалiзавала нешта аджылае, старое. З другога боку, гэта, магчыма, сена, у якiм нарадзiўся Iсус Хрыстос. Гэтыя тлумачэннi могуць камбiнавацца, адно другому не супярэчыць. З дапамогай сена цi саломы можна было варажыць, таму што як вядома травы бываюць розныя, бываюць каласiстыя, цi проста травiнкi. Варажылi таксама па даўжыне сцяблiнак: чым даужэйшы, тым лепшы лён, цi каго што цiкавiла - даўжэйшы век. Наконт iншых страў на калядным стале, зноў такi ўсе што елi - селядцы, кiсель, узвар. Выстаўлялася ўсе, што было ў селянiна. Але цiкава тое, што ў апiсаннi Калядаў мы не бачым шмат малочных страў. Малочная ежа - гэта больш Масленiца. 

Калядныя блiны i аладкi таксама маглi выкарыстоўваць ў варожбах, хлопец мог схапiць гэты блiн, пабегцi з iм на волю, нешта пачуць цi спытаць у кагосцi iмя. Ёсць звесткi, што для варожбы адмыслова выпякалiся блiны, i проста з каляднага стала яны не бралiся. Таксама iстотна тое, што каляднае застолле на ўсе тры куццi магло пакiдацца на стале на ўсю ноч, i людзi верылi, што продкi прыходзiлi пачаставацца. Цi яны прысутнiчалi на вячэры. У Заходняй Беларусі для іх ставілі асобную пустую талерку, і лічылася, што гэтая талерка ці то для продка, ці то для выпадковага спадарожніка, якому не будзе дзе сустрэць Каляды, бо на Каляды ўся сям’я павінна была сабрацца разам. А калі нехта не дайшоў, не даехаў дамоў, то ён мог завітаць у бліжэйшую хату. І што цікава: традыцыя ставіць пустую талерку з’яўляецца сёння агульнанацыянальнай у Польшчы, у Беларусі не так распаўсюджана. Калі мы паглядзім на Усходнюю Беларусь, то хутчэй гэта была не пустая асобная талерка для продка, а талерка, у якую адкладаліся патрошку кожныя стравы. Яна таксама асобна стаяла ўсё застолле, але не пустая. Гэта ўжо розніца рэгіянальная. 

Што ў ніякім разе нельга было рабіць на Каляды?
Паліна (Мінск)

Алена Ляшкевіч: Каляды лічыліся святым часам. Гэта так званыя крывыя вечары. Зноў-такі крывізна ў традыцыйнай культуры разглядаецца як сінонім чагосьці незвычайнага, у некаторай ступені сакральнага, у некаторай - страшнага, таму ў калядны перыяд нельга было працаваць, можна было выконваць працу толькі самую неабходную кшталту зварыць есці (і то лепш было нагатаваць загадзя), пакарміць жывёлу. А працы, без якіх можна абысціся, лепш не рабіць: нічога не секчы, не шыць, не віць, не круціць, таму што гэта пагражала прыплодам нездаровай жывёлы і нават нараджэннем нездаровых дзяцей. Але існаваў шлях пазбегнуць гэтага. У канцы Калядаў рассякалі дзяркач і прыгаворвалі: “Усё, што звязалася, развяжыся. Усё, што звілося, раскруціся”, каб усе грахі, здзейсненыя за Каляды, прайшлі. Прычым забараняліся і жаночыя працы кшталту віцця, прадзення - любы від працы, ад якога можна было ўстрымацца.

Добрый день! Калядные обряды отличаются от региона к региону, многие исчезли. Скажите, проводится ли реконструкция и воссоздание древних традиций и необходимо ли это?
Анна (Неизвестно)

Алена Ляшкевіч: Варта сказаць, што шмат традыцый захавалася ў жывым бытаванні. Напрыклад, у Беларусі вядзецца інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў адпаведнасці з канвенцыяй ЮНЕСКА 2003 года, у які ўносяцца цікавыя мясцовыя традыцыі не толькі каляндарных святаў, у тым ліку рамёствы, гатаванне ежы, шанаванне розных святых месцаў (прыродных крыніц, камянёў). У гэтым інвентары на сённяшні дзень пяць лакальных абрадаў калядавання. Але гэта не значыць, што больш нідзе іх няма. Гэта сапраўды жывая традыцыя ў Паўднёвай Беларусі менавіта калядных абыходаў. У Паўночнай Беларусі, прынамсі, у Лепельскім раёне захоўваецца калядная гульня “Жаніцьба Цярэшкі”. Гэта гульнёвае вяселле моладзі, якое магло заканчвацца вяселлямі сапраўднымі, таму што да Масленкі перыяд зваўся Вясельніца, рабілася так сама шмат вяселляў, як і ўвосень пасля Пакроваў. 

Калядныя традыцыі аднаўляюцца і ў гарадах зацікаўленай моладдзю - як калядныя абыходы, так і “Жаніцьба Цярэшкі”. Напрыклад, сёлета 21 студзеня ў Віцебску “жэняць”, а 10 студзеня можна завітаць у паб-клуб “Бруге”. Таксама будзе “Жаніцьба Цярэшкі” на спеўным сходзе, але там пакуль невядомыя дата і месца. Але, я думаю, што ў сацсетках нешта з’явіцца. 

І наконт таго, як абрады абнаўляюцца. Яны захоўваюцца, але і абнаўляюцца. Напрыклад, тыя ж самыя “Калядныя цары” (адзіны элемент, які ад Беларусі быў унесены ў ахоўны спіс ЮНЕСКА па той жа канвенцыі 2003 года) - гэта абноўлены абрад. Ён перарываўся і быў адноўлены ў дзевяностыя гады ўжо па расповедах старэйшых жыхароў. Для Беларусі гэта не выключэнне. Такіх выпадкаў шмат. Калі гэта абрад, абноўлены па расповедах мясцовага носьбіта традыцый, то ён нічым не горшы за абрад, які не перарываўся. Прыходзяць пераймальнікі, новыя носьбіты. Вядома, лепш, каб яны ўдзельнічалі ў ім у дзяцінстве і бачылі тыя ж калядныя абрады на свае вочы, але, калі яны пачулі расповед аб ім сваіх старэйшых родных ці суседзяў, то чаму не?

Якія калядныя беларускія традыцыі ўваходзяць у спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА?
Ганна (Мінск)

Алена Ляшкевіч: Пакуль гэта адзін абрад - “Семежаўскія цары”. Гэта народная драма “Цар Максіміліан”. Потым у прэсе быў падхоплены расповяд мясцовага настаўніка гісторыі Аляшкевіча Мікалая Лаўрэнцьевіча, што быццам калісьці ў Семежаве кватараваў полк рускай арміі, магчыма, за часамі Напалеона. Салдат там кепска кармілі, таму на Каляды яны хадзілі па вяскоўцах, выконвалі песню, за гэта ім давалі калядныя падарункі, і, дзякуючы гэтаму, яны перажылі зіму. Але гэты расповяд не пацвярджаецца іншымі носьбітамі традыцый у Семежаве. На сённяшні дзень даследчыкі сыходзяцца ў думцы, што “Семежаўскія цары”- гэта народная драма, якая не мае нічога супольнага з рускімі войскамі, і выводзяць паходжанне гэтых цароў ад батлейкі, ад лялечных паказаў. 

З чаго прынята было рабіць маскі жывёл на Каляды?
Ян (Неизвестно)

Алена Ляшкевіч: З падручных матэрыялаў: салома, анучкі, тканіна, папера. Маскі не захоўваліся на працягу года. Іх выраблялі для калядавання, потым ці разбіралі, ці маскі маглі спальвацца таксама. Людзі, якія іх насілі, павінны былі прайсці ачышчэнне, акунуцца ў палонку на Вадохрышча, астатнія па жаданні. Калядаванне з пункта гледжання царквы было грахом, і нашэнне масак было грахом, і захоўванне масак - гэта грэх, хаця складаныя маскі захоўваліся, а простыя вырабляліся на адзін раз. Сённяшнія калядоўшчыкі таксама вырабляюць маскі з пап’е-машэ, пластыку, з таго, што пад рукою.

Ведаю, што на Каляды мужчынам забаранялася плесці лапці. Сапраўды, такое было? І чаму?
Алена (Смаргонь)

Алена Ляшкевіч: Сапраўды, было такое, гэта звязана з забаронай працаваць. Лапці можна было сплесці ў любы момант, а пляценне - гэта ўсё ж такі дзеянне, а чалавек традыцыйнага мыслення ацэньваў наступствы, якія маглі быць не толькі для таго, хто плёў лапці, але і для яго цяжарнай жонкі, для яго дзіцёнка, для жывёлы ў яго гаспадарцы. Таму лепш не трэба.

На Каляды много обрядов-гаданий для девушек. А молодые мужчины/парни могли узнать будущее?
Виталий (Гомель)

Алена Ляшкевіч: Дзякуй за пытанне, у нас пануе такая думка, што шлюб - гэта справа дзявочая, але насамрэч шлюб - гэта стварэнне новай сям’і і справа ўсёй грамады. Таму варажылі і бацькі, якія мелі дзяцей шлюбнага ўзросту, варажылі і хлопцы.

Вядучая: Як паваражыць сучаснаму хлопцу?

Алена Ляшкевіч: Не ведаю, як можна ў сучасным шматпавярховіку пайсці пад вокны штось паслухаць, але ў вёсцы было можна. На першую куццю пасля вячэры хлопцы падслухоўвалі пад вокнамі, пра што гамоняць, і па той гаворцы меркавалі, кахаюць іх дзеўкі ці не. Ці наконт блінцоў: спячы ўласнаруч блін, пакрыць ім галаву, ісці на перакрыжаванне. З якога боку забрэшуць сабакі, з таго і будзе нявеста. Калі варажба хлопца задаволіла, ён кідае блін у той бок, дзе брэшуць сабакі, калі не - кідае ў супрацьлеглы бок ці нясе дадому. Як бачым, варажба судакраналася з магіяй і з праграмаваннем будучыні. Таксама можна было падслухваць не только пад вокнамі, але і падслухваць рэха. Хлопец мог варажыць не толькі на Каляды, але і на Андрэя, на Купалле, слухаць зязюлю, і зараз таксама можа.

Добрый день! Расскажите, пожалуйста, чем занимается Центр исследований белорусской культуры, языка и литературы НАН?
Людмила (Минск)

Алена Ляшкевіч: У нас ёсць тры вялікія філіялы, якія разам складаюць цэнтр. Гэта Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы і Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, дзе я працую. У нас ёсць аддзел архітэктуры, ёсць аддзел выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, аддзел народазнаўства, аддзел фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў, аддзел экраннага мастацтва, яны вывучаюць кіно, аддзел музычнага мастацтва, аддзел тэатральнага мастацтва, і ёсць музей пры аддзеле старажытнабеларускай культуры. Музей вельмі цікавы, усім раю наведаць. Я на дадзены момант працую з архівамі, разбіраю старыя запісы маіх папярэднікаў, каб скласці з іх том серыі "Беларуская народная творчасць".

Вядучая: Гэта неяк камп'ютарызуецца?

Алена Ляшкевіч: Ёсць электронныя вопісы архіваў, па іх можна ладзіць пошук. Калі нешта незразумела з электроннага вопісу, можна зазірнуць і ў папяровыя варыянты, яны скануюцца паступова. Ёсць не толькі папяровы архіў, ёсць аўдыязапісы, відэазапісы. Можна прыйсці ў цэнтр і звярнуцца па інфармацію.

Знаю, что на Калядки ворожба рассматривалась не как настоящая магия, а как забава. Тем не менее, не опасно ли было это занятие?
Виолетта (Неизвестно)

Алена Ляшкевіч: Варажба - гэта як бы і сродак прадбачыць будучыню, і сродак трошку на яе паўплываць. Ад ходу менавіта варажбы і залежыла будучыня ва ўяўленні чалавека традыцыйнай культуры. Ёсць звесткі ў этнографаў, што варажыла дзяўчына толькі адзін год, калі ёй спаўнялася 17. Не кожны год. Таму гэты адзін шанц зазірнуць у будучыню выклікаў большы піятэт, чым у нас сёння, калі мы можам варажыць кожны год. Тады стаўленне было іншае. Але царква не падтрымлівае гаданне. Калі мы кажам пра цяперашні перыяд, мне здаецца, гэта выбар кожнага чалавека.

Скажите, а Каляды - это чисто славянская традиция или в европейских странах есть что-то похожее?
Ольга (Брестская область)

Алена Ляшкевіч: Калядаванне мае індаеўрапейскія карані. Увогуле гэта не толькі калядны абыход, а ўвесь калядны комплекс з варожбамі, застоллямі, з гуляннямі моладзевымі і не толькі моладзевымі. Падобныя абрады былі ў шматлікіх народаў Еўропы. Але калі мы кажам пра захаванасць на сённяшні дзень, то такі хрысціянскі складнік выціскае дахрысціянскі, таму мы можам чуць, што дзесьці спяваюць календы, дзесьці ксёндз ходзіць па калядзе, але таксама старажытны складнік выціскаецца і масавай культурай. Мы можам бачыць і таго ж Санта-Клауса ці ў нашых шыротах Дзеда Мароза, але старажытны пласт даволі жыва захаваўся ў Беларусі. Гэта наша асаблівасць.

Смотреть еще