Сяргей Вечар: Я бы хацеў спачатку сказаць некалькі слоў пра працу рэстаўратара. У Нацыянальным мастацкім музеі мы маем самую вялікую ў Беларусі рэстаўрацыйную службу, што тычыцца менавіта музейнай рэстаўрацыі, музейных помнікаў. На сённяшні дзень разам з сектарам фізіка-хімічных даследванняў у нас працуюць 25 чалавек, і кожны з іх мае сваю спецыялізацыю. Хтосьці займаецца алейным жывапісам, яны маюць досвед, што рабіць з халстамі. Хтосьці займаецца тэмперай, і працуе з абразамі, хтосьці - паліхроміяй, скульптурай; хтосьці - паперай. У кожнай спецыялізацыі свой набор тэхнік. Ёсць добра адпрацаваныя тэхналогіі, якія не стаяць на месцы, і мы імкнемся, каб нашы рэстаўратары імі авалодвалі. Патрэбна звяртацца і да сусветная практыкі, таму мы накіроўваем нашых рэстаўратараў на стажыроўкі.
Зараз дзве нашыя дзяўчыны знаходзяцца ў Кракаве - у адным з цэнтраў польскай рэстаўрацыі. Яны паехалі туды на 6 месяцаў. Нядаўна адна з іх прыязджала і распавядала, якім методыкам іх там навучаюць. Але было прыемна чуць, што і ў нас ёсць чаму навучыцца. Прывяду прыклад: у нас была рэстаўрацыйная канференцыя, мы думалі, што правядзем толькі беларускую канференцыю, сабярэм сваіх рэстаўратараў, каб параіцца, як нам далей жыць, якія ў нас праблемы. Але пачулі пра яе замежныя нашы калегі і таксама захацелі ўзяць удзел. У выніку адбылася міжнародная канферэнцыя з удзелам літоўскіх, рускіх, украінскіх спецыялістаў. Яны таксама былі ўражаныя, глядзелі на работу нашых рэстаўратараў і сказалі: "У вас ёсць спецыялісты, і вельмі неблагі ўзровень".
Больш за тое, мы зараз падпісваем дамову з Нацыянальным даследчым навукова-рэстраўрацыйным цэнтрам Украіны, якому 80 гадоў. Гэта вялікая арганізацыя з філіяламі ў Адэсе, Харкаве, Львове. У яе складзе дзясяткі рэстаўратараў з самай высокай кваліфікацыяй. Яны зацікавіліся з намі сябраваць, бо адчуваюць, што нешта мы ў іх можам пачарпнуць, а нешта - яны ў нас. У чэрвені прышлюць да нас на стажыроўку аднаго рэстаратара, а потым - наш паедзе да іх. Дамовіліся, што абмены будуць на бясплатнай аснове. Мы ва ўзаемадзеянні з суседзямі і самі расцём, і ўсмоктваем, як губка, нешта новае. Гэта вельмі важна для нас.





