Ці размаўляюць па-беларуску за дзяржаўнымі межамі Беларусі? Я маю на ўвазе дыялекты ці варыянты беларускай мовы ў рэгіёнах, напрыклад, блізкіх да нас?

Ці размаўляюць па-беларуску за дзяржаўнымі межамі Беларусі? Я маю на ўвазе дыялекты ці варыянты беларускай мовы ў рэгіёнах, напрыклад, блізкіх да нас?

Мікалай Прыгодзіч: Канешне, ёсць: Беласточчына, тая ж Гайнаўка, у якой і ліцэй ёсць беларускамоўны. Зразумела, што колькасць носьбітаў беларускай мовы за мяжой не павялічваецца, гэта адназначна. Таму што ўсё-такі гэта ўласцівасць людзей старэйшага пакалення. Моладзь, канешне, звяртаецца да беларускай мовы. Можа быць, у паўсядзённых зносінах з бацькамі, можа быць, з калегамі, але гэта не настолькі прадстаўлена. Ёсць элементарныя звесткі сацыёлагаў, і не толькі сацыёлагаў, што ў замежжы пражывае некалькі мільёнаў беларусаў: у Расіі многа, у Канадзе, Злучаных Штатах Амерыкі, у той жа Польшчы, на Украіне, у Літве і г.д. Але гэта не значыць, што ўсе беларусы гавораць па-беларуску. Гэта датычыцца найперш беларусаў больш пажылога ўзросту. Маладзейшыя менш гавораць па-беларуску і менш зацікаўленыя ў гэтым. Больш выкарыстоўваецца англійская мова, можа, іншыя якія мовы мясцовасці, дзе чалавек жыве. 

У Беластоцкім універсітэце ёсць аддзяленне беларусістыкі, там групы набіраюцца, але з кожным годам гэта рабіць усё цяжэй і цяжэй.  Зразумела, дзяржаўная мова заўсёды будзе стаяць на першым месцы, а ўжо тыя рэгіянальныя мовы, малыя мовы, як некаторыя называюць, патрабуюць падтрымкі. Аднак не заўсёды такая падтрымка дапамагае вытрымаць канкурэнцыю гэтай мове з афіцыйнай, дзяржаўнай, мовай.

Вядучая: Можа, ведаеце, колькі прыкладна людзей ужываюць беларускую мову?

Мікалай Прыгодзіч: Назваць такія лічбы дакладна складана. Падчас апошняга перапісу, які быў 10 гадоў таму, дастаткова вялікая лічба людзей назвалі беларускую мову роднай, але паняцце роднасці тут можна па-рознаму трактаваць. На больш-менш чыстай літаратурнай мове гавораць, я ўсё-такі лічу, гэта найперш сродкі масавай інфармацыі, тыя людзі, якія там працуюць, зразумела, навукоўцы, настаўнікі, і, канешне, самі школьнікі ў пэўнай ступені, як мінімум на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Я заўсёды гавару, падкрэсліваю там, дзе толькі магу, што ў нас, у Рэспубліцы Беларусь, ва ўсіх без выключэння школах, няважна, на якой мове функцыянуе навучальная ўстанова, мінімум чатыры прадметы павінны выкладацца толькі па-беларуску. Гэта беларуская мова, беларуская літаратура, геаграфія Беларусі і гісторыя Беларусі (чатыры моватворныя прадметы). На жаль, сёння нельга сказаць, што менавіта так адбываецца. 

 
Смотреть все выпуски

Новости