Онлайн-конференция к Международному дню родного языка

Онлайн-конференция к Международному дню родного языка

Онлайн-конференция к Международному дню родного языка

В 1999 году решением Генеральной сессии ЮНЕСКО был учрежден Международный день родного языка с целью сохранения языкового и культурного многообразия в мире, поддержки национальных языков и культур, обеспечением права каждого гражданина пользоваться родным языком.

Об особенностях белорусского языка, его истории и современном положении мы поговорили в онлайн-гостиной Белтелерадиокомпании с доктором филологических наук, профессором, заведующим кафедрой истории белорусского языка филологического факультета БГУ Николаем Пригодичем.

Кажуць, што жыхары Палесся могуць не разумець жыхароў поўначы Беларусі. Няўжо так адрозніваецца гаворка ў розных рэгіёнах нашай краіны. Чаму так склалася?

Алена (Слуцк):

Мікалай Прыгодзіч: Я не думаю, што яны не разумеюць адзін аднаго. Канешне, у нас ёсць   і сярэднебеларуская гаворка, у якой акумуліраваліся адметнасці і паўднёвай, і паўночнай дыялектных зон. Аднак ёсць пэўныя словы, якія сапраўды сведчаць пра тое, што, рускамоўныя гаворкі поўначы адрозніваюцца ад палескіх. Чаму так? Элементарна проста! Калі мы будзем з вамі на Століншчыне, Піншчыне, Брэстчыне, часткова Гомельшчыне, то лёгка заўважым, што там прысутнічае вельмі многа лексікі ўкраінскага паходжання. Гэта былі даўнія, старажытныя кантакты - з аднаго боку. А з другога боку, нягледзячы на тое, што ў нас існуе сучасная беларуская літаратурная мова, усё ж яна не сцірае гэтыя адметнасці, а ў нейкай ступені нават імкнецца захаваць, таму што ў свой час сярэднебеларускія гаворкі як аснова сучаснай беларускай літаратурнай мовы акумуліравалі многія рысы ўскраінныя. Я часта студэнтам прыводжу элементарны прыклад. Скажам, Ганцавіцкі раён. Некалі Юрый Міхайлавіч Янкоўскі прыводзіў такі выраз: “Кабаны паселі на яблыні”. Што гэта за кабаны? Як яны могуць на яблыні пасесці? Аказваецца, кабанамі называюцца пеўні! У нашых паўночных гаворках няма кабаноў, там будуць пеўні або кочаты. 

Вядучая: А колькі ўвогуле ў нас ёсць дыялектаў? 

Мікалай Прыгодзіч: У цэлым мы называем іх дыялектнымі масівамі або гаворкамі. Цэнтральнабеларуская гаворка - гэта, скажам так, аснова. На ёй размаўляюць на Міншчыне, Навагрудчыне, пад Бабруйскам. Зразумела, ёсць паўднёвыя і паўночныя гаворкі. У кожнай з іх - пэўныя адрозненні. Прычым істотныя! І асобныя гукі па-іншаму вымаўляюцца, і дзеканне адсутнічае. У тых жа палескіх гаворках дзеканне - рэдкая з’ява. Хаця ў ганцавіцкіх, што бліжэй да цэнтра, сустракаецца дзеканне і цеканне.

Вядучая: А адрозненні паміж заходам і ўсходам? 

Мікалай Прыгодзіч: Рэзкіх пераходаў няма. Асабліва сёння, калі гаворкі знаходзяцца пад моцным уплывам літаратурных моў. Гэта і беларуская мова як мова навучання ў многіх школах, і, зразумела, руская мова як другая дзяржаўная мова. Яе функцыі з кожным разам не памяншаюцца, і мы гэта лёгка заўважаем. І ўплыў моў на далейшае функцыянаванне нашых беларускіх гаворак вельмі істотны. Так атрымалася гістарычна.

Ці ёсць у Вас любімыя беларускія словы альбо можаце назваць некалькі незвычайных, як, напрыклад, імбрык. Дарэчы чамусьці шмат незвыклых слоў можна прачытаць у творах Караткевіча?

Віктар (Магілёў):

Мікалай Прыгодзіч:   Зразумела, што ў кожнага з нас ёсць свае любімыя слоўцы! Гэта могуць быць і беларускі, і рускія, і іншыя. Вельмі часта гэтыя слоўцы ўзыходзяць да нейкіх асабістых, характэрных чалавеку рыс. Паколькі я гісторык мовы, то мне бліжэй тыя словы, якія ўжываліся ў старажытнасці і якія маюць шанц вярнуцца ў сучасную беларускую літаратурную мову. Мне падабаецца слова “мурын”. Я ўпершыню з ім сустрэўся, калі разбіраў картатэку гістрычнага слоўніка і некаторыя іншыя помнікі. Хто мурын кажа, хто мурын, таму што не заўсёды нашыя словы ў помніках старажытнага пісьменства пазначаліся націскам. Хаця ў рэлігійных творах найперш абавязкова прысутнічалі націскі. Аказваецца, мурын - гэта негр! Сёння, калі мы з вамі гаворым “негр” ці “афрыканец”, ці “афраазіят”, ці як яшчэ, то ў нас ёсць вельмі добрае старажытнае слова - мурын! Яно не крыўднае, бо часта некаторыя словы ўспрымаюцца з пэўнай канатацыяй. Слова гэта прышло са старажытнасці, у свой час было, відаць, з арабскай мовы запазычана, кантакты ж існавалі і сёння існуюць! 

Што датычыцца любімых слоў, я ўзгадваю 70-я гады, часткова 80-я гады, калі ў беларускім, украінскім, рускім і ўвогуле ўсходнеславянскім мовазнаўстве існавала такая тэорыя, як “Агульны лексічны фонд народаў СССР”. Нават канферэнцыя праводзілася ў Акадэміі навук, фарміраваўся такі асноўны лексічны састаў. Гэта словы, характэрныя для той ці іншай мовы на тэрыторыі Савецкага Саюза, і яны ўваходзілі ў агульную групу, якая была ў пэўнай ступені характэрная як гэтым мовам, так і паказвала, што словы павінны прысутнічаць і ў іншых мовах. З такіх слоў, якія адносілі туды мы, беларускія моваведы, напрыклад, - назвы нашых вакальна-інструментальных ансамбляў: “Песняры”, “Верасы”, “Чараўніцы”, “Сябры”. І сёння, калі я сустракаюся з расійскімі лінгвістамі ці проста са знаёмымі, то яны вельмі часта мне гавораць: "Приехали белорусские сябры!" 

Яшчэ адно цікавае слова - "агмень". Мы вельмі доўгі час не адчувалі ў нейкай ступені навізну гэтага слова. Яно дастаткова папулярнае, выкарыстоўваецца ў многіх нашых пісьменнікаў, дарэчы, у таго ж Караткевіча, ва Уладзіміра Арлова. Яно абазначае “ніз да полымя”, “ачаг” своеасаблівы. Генадзь Цыхун лічыць, што гэтае слова, якое было ўтворана Вацлавам Ластоўскім ў 20-я гады, настолькі актыўна зафіксавалася ў дзейнасці нашых літаратараў, што, цалкам можа стаць літаратурным. 

Сёння ў беларускай мове (я маю на ўвазе мову мастацкай літаратуры) існуе велізарная колькасць новых слоў, створаных самімі пісьменнікамі. Гэтыя словы стаяць нібыта на мяжы індывідуальнага ўжывання і магчымага пераходу ў сучасную літаратурную мову. Частка з гэтых слоў ужо афіцыйна ўвайшла. Тыя ж "дабрабыт", "цемрашал", "адлюстраваць" - гэтыя словы Уладзімірам Дубоўкай былі створаны.

Літара Ў - наша адметнасць і наш гонар, нават помнік ёсць у Полацку. А як гэта літара трапіла ў беларускі алфавіт і чаму яна ёсць толькі ў нас?

Аляксандр (Неизвестно):

Мікалай Прыгодзіч: Літара гэтая сапраўды ёсць толькі ў нас, хаця той жа Віктар Іванавіч Іўчанкаў гаворыць, што ў некаторых іншых мовах гэты гук прысутнічае, можа быць, літаральна ён так не абазначаецца. Гэта літара мае пэўную сваю гісторыю. Калі мы з вамі пачытаем у энцыклапедыі беларускай мовы, то Аляксандр Мікалаевіч Булыка, наш вядомы гісторык мовы, піша, што яна ўпершыню ў нас стала выкарыстоўвацца, у кірыліцы нашай беларускай, з 1870 года. Упершыню яе ўжыў Павел Бяссонаў, дарэчы, рускі лінгвіст, этнограф у гэтым сэнсе. З гэтага года ёсць афіцыйнае яе выкарыстанне. Хаця, калі глянуць лацінамоўныя тэксты, то яны раней пазначылі выкарыстанне гэтага гука, але гэта было лацінскае “у” і просценькая рысачка была, не коска, як мы сёння пішам, ці гачык па-іншаму.

Вядучая: Гэта амаль, як умляўт у нямецкай мове?

Мікалай Прыгодзіч: Можна сказаць... Калі ўмляўт у нямецкай мове мы можам з вамі як прыклад прыводзіць. Памятаеце, у рускай мове доўгі час не было літары ё, і абазначэнне ішло праз дзве літары, тое ж самае і ў нас было ў помніках пісьменства. І толькі дзякуючы княгіні Дашкавай, некаторыя ўспамінаюць і пісьменнікаў рускіх, скажам, што гэта літара прыжылася. І зараз для беларускай мовы яна з’яўляецца абавязковай. Як, напрыклад, у рускай - літара “ё” з дзвюма кропачкамі. Не ўжыць яе - зрабіць арфаграфічную памылку, хаця толькі ў школьнай практыктыцы, гэта будзе парушэннем арфаграфічнага рэжыму, а так дапускаецца. І калі зноў вярнуцца да літары "ў", у Полацку ў 2003 ёй устаноўлены спецыяльны помнік. Гэты гук спрыяе таму, што наша мова такая лёгкая, мілагучная, пявучая. У нас няма гукаў, якія выбіваюць, выпіраюць, цяжкі збег у нас адсутнічае. Знайдзіце ў беларускай мове слова, я заўсёды прывожу прыклад, тыпу “мкртчан”. У нас такіх слоў не можа быць. У нас можа быць збег максімум двух зычных літар.

 

Ці размаўляюць па-беларуску за дзяржаўнымі межамі Беларусі? Я маю на ўвазе дыялекты ці варыянты беларускай мовы ў рэгіёнах, напрыклад, блізкіх да нас?

Андрэй (Баранавічы):

Мікалай Прыгодзіч: Канешне, ёсць: Беласточчына, тая ж Гайнаўка, у якой і ліцэй ёсць беларускамоўны. Зразумела, што колькасць носьбітаў беларускай мовы за мяжой не павялічваецца, гэта адназначна. Таму што ўсё-такі гэта ўласцівасць людзей старэйшага пакалення. Моладзь, канешне, звяртаецца да беларускай мовы. Можа быць, у паўсядзённых зносінах з бацькамі, можа быць, з калегамі, але гэта не настолькі прадстаўлена. Ёсць элементарныя звесткі сацыёлагаў, і не толькі сацыёлагаў, што ў замежжы пражывае некалькі мільёнаў беларусаў: у Расіі многа, у Канадзе, Злучаных Штатах Амерыкі, у той жа Польшчы, на Украіне, у Літве і г.д. Але гэта не значыць, што ўсе беларусы гавораць па-беларуску. Гэта датычыцца найперш беларусаў больш пажылога ўзросту. Маладзейшыя менш гавораць па-беларуску і менш зацікаўленыя ў гэтым. Больш выкарыстоўваецца англійская мова, можа, іншыя якія мовы мясцовасці, дзе чалавек жыве. 

У Беластоцкім універсітэце ёсць аддзяленне беларусістыкі, там групы набіраюцца, але з кожным годам гэта рабіць усё цяжэй і цяжэй.  Зразумела, дзяржаўная мова заўсёды будзе стаяць на першым месцы, а ўжо тыя рэгіянальныя мовы, малыя мовы, як некаторыя называюць, патрабуюць падтрымкі. Аднак не заўсёды такая падтрымка дапамагае вытрымаць канкурэнцыю гэтай мове з афіцыйнай, дзяржаўнай, мовай.

Вядучая: Можа, ведаеце, колькі прыкладна людзей ужываюць беларускую мову?

Мікалай Прыгодзіч: Назваць такія лічбы дакладна складана. Падчас апошняга перапісу, які быў 10 гадоў таму, дастаткова вялікая лічба людзей назвалі беларускую мову роднай, але паняцце роднасці тут можна па-рознаму трактаваць. На больш-менш чыстай літаратурнай мове гавораць, я ўсё-такі лічу, гэта найперш сродкі масавай інфармацыі, тыя людзі, якія там працуюць, зразумела, навукоўцы, настаўнікі, і, канешне, самі школьнікі ў пэўнай ступені, як мінімум на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Я заўсёды гавару, падкрэсліваю там, дзе толькі магу, што ў нас, у Рэспубліцы Беларусь, ва ўсіх без выключэння школах, няважна, на якой мове функцыянуе навучальная ўстанова, мінімум чатыры прадметы павінны выкладацца толькі па-беларуску. Гэта беларуская мова, беларуская літаратура, геаграфія Беларусі і гісторыя Беларусі (чатыры моватворныя прадметы). На жаль, сёння нельга сказаць, што менавіта так адбываецца. 

Мы зараз выкарыстоўваем кірылічнае пісьмо, а ці былі/ёсць іншыя варыянты алфавітаў для беларускамоўнага пісьма?

Света (Мінск):
Мікалай Прыгодзіч: Канешне, мы да кірыліцы прывыклі, ёй карыстаемся, але і сёння выкарыстоўваем лацінку. Наша беларуская лацінка некалькі гадоў таму была зацверджана ААН, ЮНЕСКА я маю на ўвазе, як афіцыйная лацінка, якая выкарыстоўваецца ў міжнародных стасунках. Адкрыйце свой пашпарт, там будзе напісана на лацінцы беларускай, зайдзіце ў беларускае метро, там назвы ўсе даюцца і ў кірыліцы, і абавязкова ў лацініцы, шмат іншых месцаў - міжнародныя геаграфічныя карты.

Гістарычна лацінка пачынае ў нас выкарыстоўвацца дастаткова рана, у 16-ым, больш актыўна ў 17-ым стагоддзі. Самі разумееце, што ў канцы 19-га - пачатку 20-га стагоддзяў лацінка была адной з графічных сістэм. Маі каляжанкі, прафесар Ірына  Гапоненка і Ніна Мячкоўская, лічаць, што выкарыстанне лацінкі ў другой палове 20-га стагоддзя было выклікана нацыянальным імкненнем проціпаставіць Беларусь Расійскай імперыі. Мы ведаем, што першыя нумары “Нашай Нівы” выходзілі адзін нумар на лацініцы, другі - на кірыліцы. Зразумела, што лацініца не магла тады функцыянальна выкарыстоўвацца, бо мы былі ў складзе Расійскай імперыі, і дзяржаўнай мовай была руская. Але сёння ў замежжы беларуская лацініца незабытая, і некаторыя нашы аўтары таксама калі-нікалі спрабуюць выкарыстоўваць яе.

Яшчэ прыклад вам прывяду. Мы супрацоўнічаем з рознымі еўрапейскімі і не толькі універсітэтамі, дзе ёсць інтарэс да беларускай мовы. У Германіі, калі мы па электроннай пошце звязваемся са сваімі калегамі, то яны найчасцей, у абсалютнай большасці выпадкаў, свае паведамленні нам прысылаюць на рускай або беларускай мове, але лацінскімі літарамі. Ім зруэчней гэтак, а мы адвыклі.

Вядучая: Я ведаю, што была такая гісторыя і з арабскім алфавітам - арабскіе літары, але белаурскія словы.

Мікалай Прыгодзіч: Канешне, у нас ёсць так званыя кітабы. Гэта релігійныя, ці паўрэлігійныя тэксты, звычайна звязаныя з Каранам, якія пачалі у нас выкарыстоўваць найперш у XIX стагоддзі. Яны і раней былі рукапісныя, але ад XVIII не многа засталося. Таму што нашы татары, якія прыйшли яшчэ ў часы старажытных князёў - Гедэмін, Вітаўт і гэтак далей, імкнуліся да таго, каб у нас татарскае войска было. Яно лічылася дасткаткова арганізаваным, падрыхтаваным. Ім дазвалялася ў нас сяліцца, выдзеляліся такія слабодкі. У іх былі пэўныя правы, але жонкі ў іх былі беларускі. Я заўседы гавару ўслед за Нілам Гілевічам - наша мова трымаецца на жанчыне. Таму што маці спявае калыханку на якой мове? Таму мы і гаворым "матчына мова".

Колькі разоў змяняўся правапіс у беларускай мове, чаму? Ці будуць яшчэ якія-небудзь змены ці рэформы ў правілах беларускай мовы?

Кацярына (Бабруйск):

Мікалай Прыгодзіч: Тут трэба гаварыць не толькі пра беларускаю мову. І еўрапейскія, і сусветныя мовы калі-нікалі падпраўляюць нейкія свае адметнасці. Гэта датычылася не так даўно нямецкай мовы. Улічваючы той факт, што наша мова маладая зусім і пачала фарміравацца у канцы ХІХ - пачатку ХХ стагодззя, зразумела, што першая канферэнцыя, якая была прысвечана беларускай мове, прайшла ў 1926 годзе, тады ж адбылася рэформа арфаграфіі і правапісу. Далей 1933 год, 1957 і ўрэшце 2008 год, калі быў прыняты апошні закон аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Ён замацаваў тыя адметнасці, якія бліжэй да ладу беларускай мовы. Напрыклад, сення мы пішам камп'ютар, а было чатыры варыянты - кампутар, камп'ютэр і гэтак далей.  А як школьніку быць, калі ён будзе тэст пісаць? Хочам мы ці не, нам трэбы перыядычна нешта пераглядаць. З'яўляецца шмат замежных, запазычаных слоў. Яны не заўсёды ўкладываюцца ў парадыгму сучаснай арфаграфіі, і нам трэба быць вельмі ўважлівымі: ці ар пісаць ці эр, лідар ці лідэр, е пісаць ці э - Гётэ ці Гёце, таму што те нельга, т мяккае не можа быць.

У чым адрозненне тарашкевіцы ад сучаснай афіцыйнай беларускай мовы? Чаму тарашкевіцу не выбралі як асноўны варыянт для ўжывання?

Ганна (Віцебск):
Мікалай Прыгодзіч: Тарашкевіца магла б быць, яна і сёння функцыянуе. Той жа Аляксандр Лукашанец, наш акадэмік-беларусавед, гаворыць, што ў беларускай мове фактычна тры мовы існуюць:  сучасная беларуская літаратурная мова (яе часта называюць наркомаўка), далей таршкевіца (яна выкарыстоўваецца некаторымі пісьменнікамі, ёсць згуртаванні моладзі, якія падтрымліваюць яе), але ўсе-такі я лічу, што гэта штучначць у нейкай ступені. І яшчэ трэцці варыянт - нязмушанае беларуска-рускае маўленне, трасянка. На вялікі жаль, гэты беларускі феномен актыўна функцыянуе. Падобныя феномены ёсць у іншых еўрапейскіх  мовах, пры чым літаратурных. Не трэба думаць, што толькі беларусы гаворяць на трасянцы.  

Ці дастаткова толькі школьных заняткаў для вывучэння мовы? Як уволгуле можна вывучаць родную мову, размаўляеш або не размаўляеш, і ўсё тут. Можа гэта і ад сям'і залежыць? Як Вы мяркуеце?

Вольга (Неизвестно):

Мікалай Прыгодзіч: Я мяркую, что мову вывучаць трэба с першага дня, калі чалавек пачаў дыхаць. Нават, калі дзіця яшчэ не нарадзілася, яно ўжо чуе мову і рэагуе на яе пастукваннем, пашавельваннем. Каб авалодаць беларусскай мовай, найперш патрэбен кантэкст, моўнае акружэнне: мама, тата, сястрычка, бабуля, сябры, суседзі. Калі дзіця выйшла на вуліцу, а там усе гавораць па-руску, то вывучыць беларускую мову будзе вельмі складана. Зразумела, што калі дзіця пойдзе ў школу, дзіцячы садок, калі яны беларускамоўныя і там будзе адпаведная акружэнне, то мову будзе засвоіць лягчэй. Усё залежыць ад нас. Ад бацькоў найперш. Я заўсёды гаварыў і буду гаварыць, што ў афіцыйна двухмоўнай дзяржаве ўсе без выключэння навучальныя ўстановы павінны працаваць на дзвюх мовах, а не на адной. Што значыць працаваць на дзвюх мовах? Палавіна прадметаў павінна выкладацца на адной мове, палавіна - на другой. Тады мы сможам на афіцыйным, юрыдычным, прававым узроўні забяспечыць роўнасць дзвюх моў. Сёння яна не забяспечваецца.


Ці можна дзе-небудзь у Мінску вывучаць беларускую мову? Ці ёсць, напрыклад, на вашым факультэце курсы для дарослых?

Таццяна (Неизвестно):

Мікалай Прыгодзіч: Раней мы гаварылі: хочаш пачуць беларускую мову - ідзі на Камароўку. Сёння Камароўка ўжо не тая. Хаця і бываюць асобныя выпадкі. Зразумела, што беларускую мову трэба вывучаць, я зноў паўтаруся, у нейкім канкрэтным грамдстве, у той сітуацыі, калі людзі, у той ці іншай ступені дастаткова свабодна карыстаюцца гэтай мовай, нязмушана. Сёння вывучаць беларускую мову можна ў розных навучальных установах, гэта могут быць і нейкія грамадскія аб’яднанні, скажам, існуюць курсы пры Таварыстве беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Ёсць курсы, і іх неабходна ствараць, каб дарослыя вывучалі беларускую мову. Штогод у БДУ аганізуецца летняя школа беларусістаў, куды прязжаюць замежнікі вывучаць беларускую мову.

Вядучая: Можна прыняць удзел?

Мікалай Прыгодзіч: Можна. Ніхто не забараняе. Праўда, там платная сістэма. Можа, гэта і добрая падказка, чаму не выкарастаць гэтую магчымасць. Таму шта ў нас не хапае выкладчыкаў, якія могуць, скажам, нязмушана ўзяць жанку якую-небудзь пад руку і нейкі час хадзіць па Мінску і гаварыць з ёю па-беларуску, што для яе і трэба, акунуцца ў наша моўнае акружэнне. На жаль, у замежжы такога не можа быць, гэта вялікая рэдкасць. Гэты летнік арганізуецца апошнія тры гады у Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы. І нашыя выкладчыкі там працуюць. Гэту школу ўзначалівае прафесар Лідзія Сямешка. Вы знаеце, папулярнасць школы дастаткова высокая. Для выкладчыкаў гэта можа дастаткова складана, таму шта школа працуе ў жніўне, а жнівень - гэта час адпачынку, але мы стараемся вельмі актыўна забяспячваць школу кадрамі, каб яна працавала належным чынам. І добрыя водгукі ідуць. І многія людзі, якія прыехалі ў гэтую школу беларусістыкі, потым з’яўляюцца нашымі шчырымі сябрамі, прапагадыстамі таго, што ёсць такая мова ў свеце. 

Я вярнуся да таго пытання, як беларуская мова вывучаецца ў замежжы. Важна, што тыя лінгвісты і літаратуразнаўцы, якія вывучаюць беларускую літаратуру, прапагандуюць беларускасць у замежжы, робяць акцэнт на тым, што ёсць такая краіна ў цэнтры Еўропы, ёсць свая літаратура, свая мова, і яна адна са старажытных еўрапейскіх моў. Я заўсёды гавару, што беларуская мова існавала і ў ІХ, і ў V, і ў VI стагоддзях, проста яна не была пісьмовая. Пра пьсьменства вы ведаеце - славянскае піьсменства развілося у сярэдзіне - другой палове ХІХ стагоддзя.


Маё знаёмства з беларускай літаратурай скончылася з заканчэннем школы. Мне падабаліся Караткевіч і Шамякін. А што зараз чытаюць дзеці, вашы студэнты? Ці ёсць зараз беларускамоўныя пісьменнікі, якія варты ўвагі?

Анатоль (Фаніпаль):

Мікалай Прыгодзіч:   Чытаюць студэнты ўсё, што ў праграме. Дзяржаўныя праграмы адпаведна зацверджаныя. Частку з гэтай літаратуры праходзяць у школе. А ўжо той, хто хоча больш паглыблена ўсё гэта ведаць, канеше, будзе вывучаць у ВНУ. Што датычыцца сёнешняй маладой, сучаснай літаратуры, канешне, яна ёсць. Найперш, я б адрасаваў ахвотчых да нашых часопісаў, і найперш “Маладосць”. Таму шта гэты часопіс, сапраўды і па назве сваёй, і па сутнасці, складаецца з твораў тых, хто толькі ўваходзіць у літаратуру, і гэта вельмі важна.

Я сам ў захапленні, хоць гэта ўжо і не малады літаратар, ад Людмілы Рублеўскай. Мне асабліва падабаецца яе гістарычны цыкл. Нам у пэўным узросце хочацца зазірнуць туды, дзе даўно што адбывалася, спрагназаваць, адчуць нейкую повязь з нашымі далёкімі продкамі. Многія рэчы, якія адбываліся ў старажытнасці, лёгка праецыруюцца на сённяшні дзень. Можа не ў эканамічным плане, а ў псіхалагічным, пазнавальнымі і г.д.

Наша сучасная моладзь, студэнты і вершы пішуць, і ў драматургіі спрабуюць сябе. У нас на факультэце ёсць газета “Слова”, дзе прадстаўлены нашы беларусісты. Некалі Рыгор Барадулін так пачынаў, хто тады ведаў, што ён стане народным паэтам. Нам Ніл Гілевіч чытаў лекцыі на першым курсе па беларускім фальклоры. Хто думаў, што мы разам з ім будзем зборнік беларускага фальклору выдаваць. Выязджалі з ім на фальклорную практыку, потым гэтыя матэрыялы апрацоўваліся і выдаваліся зборнікі.

Наколькі папулярна ў абітурыентаў беларускамоўная спецыялізацыя на вашым факультэце? Ці яна ўвогуле запатрабавана, і дзе працуюць выпускнікі, акрамя школ і выдавецтваў?

Міхаіл (Мінск):

Мікалай Прыгодзіч: Тут можна гаварыць і доўга, і коратка. З аднаго боку, зразумела, што яна запатрабаваная, бо нам неабходны спецыялісты, якія будуць працаваць найперш у школе, выкладаць беларускую мову і літаратуру, але не толькі ў школе. Сёння ў народнай гаспадарцы Беларусі мы можам знайсці філолагаў у самых розных сферах да самых высокіх уплывовых структур дзяржаўнага кіравання. Яны прадстаўлены ў Вярхоўным савеце, Палаце прадстаўнікоў, на ўзроўні розных раённых, абласных выканаўчых камітэтаў і г.д. Я ўжо не гавару пра тое, што большасць нашых выпускнікоў - гэта кадры, якія працуюць на тэлебачанні, радыё, у музеях, беларускіх тэатрах. Таму што там вельмі важна, каб рэпертуар, рэдагаванне, пераклады былі прафесійнымі. 

А набыць прафесію філолага, знаўца беларускай мовы і літаратуры вышэйшага ўзроўню можна на філалагічным факультэце не толькі БДУ. Што тычыцца набору, то ў нас ён не такі вялікі, як бы нам, можа, хацелася. Гэта залежыць ад розных прычын. Сёння ў нас на аддзяленні беларускай філалогіі 21 чалавек на 1 курсе. Мы набіраем прыблізна столькі штогод. 2 апошнія гады гэта былі выключныя абітурыенты. Пераважная большасць іх - пераможцы алімпіяд рознага ўзроўню і вельмі многа медалістаў. Я лічу, што на філфак пачынае ісці беларускамоўная будучая эліта. Сёння яна на ўзроўні студэнтаў, а заўтра яны будуць палітыку весці, праводзіць далей беларускасць у наша грамадства.

Як вы ставіцеся да агучвання фільмаў на беларускую мову? Ці заўсёды там гучыць правільная беларуская мова і займаюцца перакладам прафесійныя лінгвісты?

Іван (Ліда):

Мікалай Прыгодзіч: Я хацеў бы, каб фільмы адразу ствараліся на беларускай мове на нашай тэматыцы, аб нашым жыцці. Але ж мы не можам стварыць тое, што ўжо было створана да нас. Зразумела, што трэба агучваць ці пераагучваць такія фільмы па-беларуску. Гэта найперш карысна ў адукацыйных мэтах. Адна справа, калі дзіця слухае і глядзіць рускамоўныя цітры, другая рэч, калі на жывой мове размаўляюць героі папулярных мультфільмаў, коміксаў і г.д. Яна лягчэй і хутчэй засвойваецца.

Вядучая: А што тычыцца перакладаў? Ці прымаюць удзел лінгвісты?

Мікалай Прыгодзіч: Не толькі лінгвісты прымаюць удзел, але і такія шчырыя, адданыя беларускай мове перакладчыкі. Прычым гэта не такая простая справа - укласці ў вусны персанажа беларускую мову.

Скажыце, на Ваш погляд, у чым асаблівасць беларускай мовы?

Ірына (Салігорск):

Мікалай Прыгодзіч: Для любой мовы ёсць пэўная асаблівасць. Мова ўспрымаецца на слых. Літаратурную мову мы чытаем - гэта адно. Другое, калі мы размаўляем, мы бачым пэўныя адметнасці. Для нашай мовы характэрна фанетыка. Гэта дзеканне, цеканне, аканне, якое нас пранізвае. Тое, што некалі славутыя расійскія і беларускія акадэмікі падказалі Браніславу Тарашкевічу выкарыстаць за  самы галоўны прынцып нашай арфаграфіі - фанетычны. Гэта значыць - як мы чуем, так і пішам. Дзякуючы гэтаму мы можем сёння запісаць любое беларускае слова, таму што яно супадае з гучаннем. Плюс, нельга забываць, што у нас ёсць такія спецыфічныя гукі, як "Ў". Яно быццам улагоджвае фанетычны паток падчас маўлення, у якім і так няма рэзкіх збегаў зычных, яны рассяроджваюцца. Гэта характэрная рыса нашых усходнеславянскіх моў.

Ці згодны вы з меркаваннем, што мова - гэта нібыта жывы арганізм. І каб яе жыццё працягвалася, яе патрэбна ўжываць? Можа вы прыкладна ведаеце, колькі людзей у свеце размаўляюць на беларускай мове?  

Рыгор (Гомель):

Мікалай Прыгодзіч: Калі паглядзець у цэлым у сусвеце, то ледзь ці не штогод знікае дастаткова вялікая колькасць моў. Сёння ёсць мовы, носьбітамі якіх з’яўляюцца 10, 15, 20 чалавек і менш. Дзякуй богу, нашай мове гэта не пагражае, таму што ёсць рэальная колькасць носьбітаў, тых, хто цікавіцца мовай, хто яе выкарыстоўвае, рухае яе і назірае за працэсам яе абнаўлення. Мова - гэта сапраўды жывы арганізм, ён заўсёды абнаўляецца. Далёка не трэба хадзіць. У 2017 годзе выйшаў апошні, 37-мы, том гістарычнага слоўніка беларускай мовы.  Калі ўлічыць, што ў кожным выпуску прыблізна 2 тысячы слоў, атрымліваецца, што каля 75 тысяч слоў налічвае слоўнік старабеларускай мовы. Ён няпоўны, усё ахапіць немагчыма па розных прычынах. Сёння рыхтуюцца слоўнікі пад 300 тысяч і больш слоў.

Вядучая: Гэта азначае, што словы знікаюць?

Мікалай Прыгодзіч: Вядома, пэўная частка слоў засталася там, частка вярнулася, таму што была агульнафункцыянальнай і агульнаўжывальнай. Мы ж з вамі не гаворым, што ў старажытнай мове не было слоў “мама” або “тата”. Яны былі там, яны і сёння ёсць. Частка агульнаўжывальных  слоў выкарыстоўваецца сёння і будзе выкарыстоўвацца мільёны гадоў. Але поколькі старабеларуская мова закансервавалася і сёння не выкарыстоўваецца, мы карыстаемся сучаснай беларускай літаратурнай мовай, вуснаразмоўнай у сваёй аснове, той мовай, якой карысталіся і нашы продкі. Іншая справа, што яна не поўнасцю была адлюстравана ў помніках пісьменства па розных прычынах. Сённяшняя беларуская мова пастаянна абнаўляецца. Я часта прывожу прыклад. На нашых вачах літаральна перад Новым годам увайшло слова "томас", звязанае з аўтакефальнай царквой. Мы тры месяцы таму паняцця не ведалі, што гэта за слова. Сёння яно ў нас на слыху. Дзесьці гады два таму ў нашым грамадскім транспарце ўвялі валідатары. Сёння гэта слова зусім не новае. З’яўляюцца новыя рэчы, з’яўляюцца новыя назвы. Зразумела, мова пастаянна абнаўляецца. Лексічная інавацыя павінна пастаянна быць, і яна будзе, бо мы не ізалявана жывем, на нас уздзейнічаюць СМІ, асабліва электронныя. Мова таксама развіваецца.

Як філолагі БДУ святкуюць Дзень роднай мовы? Якія цікавыя мерапрыемствы можна наведаць?

Алеся (Мінск):

Мікалай Прыгодзіч: Для нас гэта не дзень, а год (смяецца). Таму што ўсё наша жыццё - гэта Дзень роднай мовы. Мне і маім калегам без роднай мовы ні дня не пражыць. Добра, што ў нас ёсць такое свята і магчымасць яшчэ раз напомніць усім, што беларуская мова ёсць. У кожнага павінна быць. 

Міжнародны дзень роднай мовы ў нас на факультэце - сапраўднае свята. Традыцыйна мы праводзім Тыдзень роднай мовы. Першы дзень - гэта самыя разнастайныя ўрачыстыя мерапрыемствы з прысутнасцю рэктара. 26 лютага адбудзецца круглы стол і прэзентацыя дзвюх кніг. Адну падрыхтавалі В. Лемцюгова і І. Гапоненка, якія аналізуюць прозвішчы, іх походжанне, што яны абазначаюць. І яшчэ кніга маіх калег - ксёнза У.Завальнюка і беларусаведа В.Граманцэвіч, якія выдалі слоўнік уласных імён, найперш арыентуючыся на хрысціянства. Яны даследуюць не толькі паходжанне імён, але і даюць імёнаслоў на кожны дзень. Гэта вельмі важна і вельмі цікава. (Мы ўтраіх упершыню ў гісторыі Беларусі падрыхтавалі на сучаснай беларускай мове паводле закону 2008 года пераклад Псалтыра.) Будуць і іншыя мерапрыемствы. У нас звычайна праводзяцца розныя віктарыны, алімпіяды, сустрэчы з перакладчыкамі ў адкрытым фармаце. Заходзьце на К.Маркса, 31, мы заўсёды рады!

Хто сёння вывучае беларускую мову ў навуковым плане? Ці толькі навукоўцы на тэрыторыі Беларусі гэтым займаюцца?

Алесь (Дзяржынск):

Мікалай Прыгодзіч: Беларуская мова апошнія дзесяцігоддзі актыўна вывучаецца ў свеце. Сённа лінгвістычныя працы, прысвечаныя славянскім мовам, не могуць абыходзіцца без канкрэтных прац нашых беларускіх лінгвістаў, прычым лінгвістаў не толькі з тэрыторыі Беларусі, але і тых, якія працуюць і даследуюць нашу мову ў іншых краінах. Прывяду канкрэтныя прыклады. Сёння ў многіх універсітэтах Еўропы, і не толькі Еўропы, ёсць групы студэнтаў, якія вывучаюць беларускую мову разам з іншымі славянскімі мовамі. Так званыя спецыялісты-славісты. Напрыклад, у Варшаве, Беластоку ёсць адпаведныя кафедры і аддзяленні беларусістаў. У Альдэнбурскім універсітэце існуе вялікае аддзяленне славістыкі (40 км ад Брэмена, Германія). Немцы зацікавіліся вывучэннем феномена трасянкі. З 2006 года і па сёння працягваецца, але блізкі да завяршэння международны праект, прысвечаны беларускай трасянцы ў паралель з вывучэннем украінскага суржыка. Штогод у гэтым універсітэце 2-3 чалавекі вывучаюць беларускую мову. Мы ездзім туды чытаць лекцыі, яны да нас прыязджаюць са сваімі поглядамі на беларускасць, выдаюцца кніжкі. 

Я прынёс вялізарны фаліянт. Даследчыца Лілія Цітка з Беластоцкага ўніверсітэта ў мінулым годзе выдала кнігу, прысвечаную "Аповесці пра Трышчана", якая захавалась у складзе Пазнанскага зборніка і датуецца 1570 годам. Паглядзіце, адна старонка - гэта копія арыгінальная, другая - ужо адаптаваны тэкст з выявамі і захаваннем нейкіх асаблівасцей кожнай старонкі. Гэта рукапісы, паліаграфія. Для паліографа тут поле дзейнасці вельмі зайздроснае. Вось першая старонка, паглядзіце, як упрыгожваліся старажытныя рукапісы.

Па якім пісьмовым крыніцам вывучаюць гісторыю беларускай мовы? Ці сустракаліся Вам падробкі і як вызначыць дакладнасць крыніцы?

Аксана (Мінск):

Мікалай Прыгодзіч: Дакладнасць крыніцы вызначаецца па розных крытэрыях. Найперш, паліграфічныя метады прымяняюцца, мы можам поглядець, што гэта за пісьмовы матрэыял, папера ці пергамент, таму што яны даволі дакладна рэгламентуюцца храналагічна, калі выкарыстоўвалася адно, калі другое. І на паперы, і на пергаменце ў старажытныя часы былі розныя знакі, пазначэнні. У залежнасці ад таго, дзе выраблялась тая ці іншая папера, у якой паперні, былі сваеасаблівыя знакі. Ёсць цэлыя альбомы, паглядзеўшы ў якія і адшукаўшы адпаведную выяву, можна прыблізна сказаць, калі гэта было. 

Ёсць і шмат іншых пазначэнняў, праз якія ўскосна можна гэта вызначыць. Возьмем дэндралагічны метад, калі можна вызначыць ўзрост берасцяной граматы. Прымяняюцца самыя розныя метады. А помнікаў у нас вялікая колькасць. Напрыклад, за два апошнія гады факсімільна былі выдадзены фактычна ўсе кнігі Францыска Скарыны. Гэта ўнікальная рэч, па якой можна вывучаць стан беларусскай мовы таго часу. Вельмі часта выдаюцца, і ў замежжы таксама, розныя рарытэтныя беларусскія выданні: Статуты Вялікага княства Літоўскага, розныя летапісы, кнігі. Замежныя лінгвісты цікавяцца тым, што было ў нас. І іншым разам на канферэнцыях адбываюцца вельмі гарачыя дыскуссіі.

Архив online