Аляксей Друпаў: Дамаўляліся спарадычна. Збіралася моладзь і дамаўлялася. Калі гэта старыя людзі, то так: “Ты, Мітрафан, 20 год быў Бабай, будзеш Бабай, ты, Гэля, 20 год Дзед, будзеш Дзедам”. Бабай быў хлопец, а дзяўчына - Дзедам. Гэта карнавальныя паводзіны, бясчынства, і гэта у нас таксама ўсё было. Калі ж не было Бабы, то хлопец быў Дзедам. Маскі рабіліся з берасты, у маёй вёсцы Рог Салігорскага раёна па сённяшні дзень захавалася гэтая традыцыя, захавалася берасцяная маска Дзеда. Яна робіцца як нармалёвы тэўтонскі шлем. Бярэцца цэбар, кручаны з берасты, но на маску Дзеда менавіта бярэцца адваротным бокам, не белым, а жоўтым. Гэта першапродак, і ўсё мусіць быць вывернута навыварат. Тое ж у Чэслава Пяткевіча занатавана, мы рабілі ў музеі рэканструкцыю два гады таму, я рабіў берасцяныя маскі. Валасы - кудзеля, вырэзваўся рот, белым бокам берасты некалькі зубоў, нос са шчапы якой, і вуглём усё падводзіцца, каб страшней было. Клеіцца барада, таксама кудзеля, і выглядае ўсё гэта цудоўна. Тое ж самае даследчык рускага тэатра Яўрэінаў у 50-х гадах напісаў у кнізе “Рускі тэатр з Сярэднявечча да XVII стагоддзя". Ён таксама даследваў і народны тэатр, і калядную містэрыю, у яго ёсць шыкоўныя здымкі пачатку таго стагоддзя, гурт калядоўшчыкаў Бабруйскага павета. Гляджу фотку - дык я ж вось гэта рабіў з берасты амаль адзін у адзін.
Далей персанажы - Дзед і Баба - пераапраналіся. Калі гэта моладзь, ішлі да старых людзей, прасілі старое адзенне. Казы таксама было некалькі варыянтаў. Першы - Каза, якую насілі. Яе рабілі або з саломы, альбо максімальна падобную на казу: драўляныя ножкі, старым кажухом абматалі, драўляныя рожкі. Другі варыянт, калі ў Казу чалавек пераапранаўся. Напрыклад, рабілі каркас, і ўнутр каркаса чалавек станавіўся, між ног заціскаў лук, па спіне ішла вяроўка, і зверху гэта ўсё накрывалі кажухом. А Казу на вяроўцы вядзе Дзед. Быў варыянт, калі рабілася Каза з дрэва, на яе драўляны чурбачок уверх і драўляны чурбачок уніз. Там да яго вяровачка. Ён стучыць і выдае гук. Ці ў нас у музеі ёсць экспанат, такая ж драўляная Каза, абцягнутая зверху аўчынай. Каб было больш натуральна пад Казу. Іншыя касцюмы, напрыклад, Мядзведзь: імкнуліся твар набліжаны да мядзведзя зрабіць, зноў вывернуты кажух, гэтую касматасць паказаць. Бусел альбо Жораў - там драўляная палка, на ёй галава і дзюба - верхняя частка нерухомая, а ніжняя - рухомая, да яе прывязвалася вяроўка, каб ён клёкатаў. Вядомы калядныя Конікі ў Давыд-Гарадку. Там чалавек апранаўся ў вершніка, рабіўся каркас - два кошыкі, між імі палкі, прывязвалася ўсё да пояса. Абцягвалася тканінай. Гэта галава каня, зад - якая-небудзь ануча-хвост, і наверх накідваецца гунька. І маглі штаны па баках скінуць, як ногі, што нехта сядзіць, хаця ты ідзеш на сваіх нагах. Усё рабілася з розных падручных матэрыялаў.





