Добрый день! Откуда вообще возникла традиция калядовать? Какой смысл был в этом?

Алена Ляшкевіч: У першую чаргу варта сказаць, што беларускія Каляды прымяркоўваюцца да дня зімовага сонцавароту, хаця ў праваслаўнай традцыі, канешне, трошку пазней дзякуючы шматлікім каляндарным рэформам. Асноўная тэма, якая абыгрываецца ў беларускім калядаванні, - гэта каляндарны пераход, змена сезона, паварот сонца на лета. Другая тэма - гэта шанаванне продкаў, таму што калі мы паглядзім, напрыклад, на абрадавае каляднае застолле, то фактычна яно памінальнае (як гэта ні дзіўна гучыць). Гэта няцотная колькасць страў, хаця ў сённяшняй масавай культуры нам наадварот здаецца, што цотнасць - гэта прыкмета чагосьці пахавальнага (мы нясем дзве кветачкі на могілкі), а ў традыцыйнай культуры наадварот няцотнасць - прыкмета, умоўна кажучы, смерці, іншасвету. А цотнасць - прыкмета жыцця. Напрыклад, калі дзіця частавалі цукеркай, казалі: “Бяры да пары дзве цукеркі, а не адну”. І трэцяя тэма, якая абыгрываецца, - гэта забеспячэнне плоднасці на будучы гаспадарчы год. Плоднасці для людзей, для жывёл і для раслін. І вельмі істотна тое, што гэты час (час каляндарнага пераходу, час змены сезонаў) лічыўся перыядам і небяспечным, і ў той жа час добрым, таму што мяжа паміж двума сусветамі (светам людзей і тагасветам, светам продкаў, светам багоў калісьці) лічылася адкрытай, і праз гэтую мяжу магло прыйсці як штосьці добрае, так і штосьці дрэннае. Таму паводзіны ў гэты перыяд былі досыць рытуалізаваныя.

Вядучая: Як задобрыш...

Алена Ляшкевіч: Як задобрыш, і што дасі калядоўнікам, тое табе і будзе на наступны год. Таму людзі не скупіліся.

Вядучая: А самім людзям, якія выступалі ў ролі калядоўшчыкаў, гэта нешта давала?

Алена Ляшкевіч: З аднаго боку, гэта лічылася грахом. Царква асуджала калядаванне, прынамсі, у такім выглядзе, які мы сёння лічым класічным калядаваннем: з казой, мядзведзем, з пераапрананнем.

Вядучая: З зоркай.

Алена Ляшкевіч: Так. Але наконт зоркі няма адназначнага меркавання: ці то гэта Віфлеемская зорка і біблейны сімвал, ці то гэта сімвал сонца, ці то яны наклаліся адно на адно ў розныя перыяды. На сёння нам вельмі складана раздзяліць хрысціянскія і дахрысціянскія ўяўленні ў традыцыйнай культуры. Тым жа часам варта разумець, што каляднікі хадзілі не толькі пераапранутыя, а хадзілі людзі і з царкоўнымі псальмамі (так званыя хрыстаславы). Ёсць звесткі, што хадзілі так званыя звездары асобна ад пераапранутых. Таму калядаванне не зводзіцца толькі да таго, што сёння ў масавай культуры больш-менш вядомае як калядаванне. Калі мы паглядзім крыніцы ХІХ-ХХ стагоддзя, этнаграфічныя запісы, то мы пабачым значна больш варыянтаў.

Вядучая: На сёння гэта проста прыгожая традыцыя. Так?

Алена Ляшкевіч: Гледзячы для каго і гледзячы дзе.

Вядучая: У вёсках гэты рытуал яшчэ мае сэнс.

Алена Ляшкевіч: Асабліва ў паўднёвай Беларусі. Канешне, ён уяўляецца як забава ў некаторым сэнсе. Тым жа часам, напрыклад, гарадская моладзь, якая выходзіць на калядаванне, таксама думае, што яна нясе гаспадарам, якіх яна віншуе, якіх персанажаў можна, якіх нельга прадставіць у гэтым калядным гурце. Таму гэта і забава, але не толькі.

 
Смотреть все выпуски

Новости