Колькі традыцыйна ёсць персанажаў на Каляды?

Алена Ляшкевіч: Персанажаў на Каляды вельмі шмат. Калі Віталь цікавіцца традыцыйна, то варта спытацца, на які час. На жаль, крыніцы больш дакладныя з апісаннем калядных гуртоў мы маем з 19-га стагоддзя, маем сучасныя запісы. Інфарманты 20-30-ых гадоў нараджэння ўзгадваюць сваю маладосць. І ёсць пытанне, традыцыйныя гэта персанажы, ці не. Таму што цяпер у калядным гурце могуць хадзіць Дзед Мароз, Снягурачка - нашы савецкія калядныя персанажы. Напрыклад, у Давыд-Гарадку ў Столінскім раёне адбываецца цэлы калядны карнавал, дзе мы можам убачыць персанажаў дыснееўскіх, савецкіх мультфільмаў, галівудскага кінематографа. Гэта ўжо іх традыцыя. 

Але, калі гаварыць пра класічны перыяд мяжы 19-20 стагоддзяў, то ў кожнай вёсцы быў свой набор калядных персанажаў. Іх можна падзяліць умоўна на групы. Частка сімвалізавала продкаў - персанажы дзед і баба, хадзілі жывёлы - каза, мядзведзь, розныя дзюбатыя птушкі - журавель, бусел, дзяцел, таксама сарока, конь, зрэдку кабыла, бык, воўк, ліса З жывёл гэта ў асноўным каза і мядзведзь. Таксама былі антрапаморфныя персанажы, якія прадстаўлялі людзей. У першую чаргу гэта персанажы, чужыя для беларускаго селяніна сацыяльна ці этнічна: лекар, поп, цыган і цыганка, жыдоўка у нас казалі на вёсках, цяпер паліткарэктна казаць яўрэй ці яўрэйка, вайсковец у розных іпастасях - салдат, афіцэр, ці палкоўнік з рэгаліямі, таксама барыня альбо паненка, цар ці кароль, ямшчык, грабаўшчык. Напрыклад, у вёсцы Віркаў Клічаўскаго раёна ёсць персанаж - прыдурак. 

Таксама былі персанажы, якія судакраналіся з прасторай чужога. Для селяніна, які займаўся земляробствам, пастух лічыўся чужым. Была ў калядным карагодзе і ведзьма, дзякуючы адкрытай мяжы паміж гэтым і тым светам. Вядзьмаркі сябе кепска паводзілі. Маглі быть міфічныя персанажы: чорт, анёл ці смерць. Магло быць самаўвасабленне свята - такі персанаж, як Каляда ці Шчадрэц мужчынскага полу. У калядным гурце хадзілі шматлікія памагатыя, спевакі. Гурт дарослых маглі суправаджаць дзеці, якія стукалі ў акенцы, першы зварот да гаспадароў рабілі. Магло быць дзіця са званочкам, як ў весцы Жыткавічскага раёна. Таксама быў механош, зорканоша, засявальніца. Персанажаў было вельмі шмат. Кожны мог знайсці сабе адпаведную ролю. 

Што вельмі цікава - сучасная гарадская моладзь, ладзячы Каляду, разважае, каго б сёння мы маглі прывесці ў дом да сучасных гаспадароў. Я працытую лідара аднаго з мінскіх калядных гуртоў, якія хадзілі па Мінску ў канцы 2016 года. "Традыцыйна калядныя персанажы маглі быть сімваламі прадстаўнікоў навакальнага хаосу - небяспечных, драпежных, незразумелых. Прадстаўнікоў тых прастораў, што знаходзяцца па-за звыклай, прадказальнай паўсядзённасцю грамады. Для беларусаў у перыяд 19-га і пачатак 20-га стагоддзяў чужасветнымі сярод іншага былі істоты з дзікай прыроды, прадстаўнікі афіцыйных устаноў, іншых нацыянальнасцяў. Сення чужасць гэтых істотаў не настолькі адчувальная і актуальная, але чым не інфернальныя істоты, якія могуць тэрарызаваць няшчасных  сучасных гаспадароў, патрабаваць ад іх долю на зімовыя святкі. Напрыклад, румяны кантралёр, санстанцыя, сведкі Іеговы, распаўсюджвальнікі "Арыфлэйм" ці "Фаберлік", перэўрацень у пагонах, баявік ІГІЛ, ватнік, гопнік, імэнэснік з праверкай пажарнай бяспекі, інвестар у нерухомасць, прадавец білетаў "Наша лато", жук-караед. Спіс можа быць бясконцы, трэба толькі падключыць фантазію". Мне здаецца, што людзі традыцыйнай культуры таксама думалі ў гэтым накірунку. Яны бачылі вакол сябе адных чужых, а мы бачым іншых.

Падрыхтоўка да Калядаў пачыналася загаддзя, людзі дамаўляліся, хто будзе граць якую ролю, хто робіць якую маску. Звычайна хадзілі гурты больш-меньш паміж сабой знаёмыя - родзічы ці суседзі. Калі чалавек ніяк не ўлучаны ў сучасны фальклорны рух, яму будзе складана знайсці сабе кампанію. Ніхто не замінае сабраць сваіх сяброў пачытаць кніжкі, скласці свой сцэнарый, паглядзець відэа мінулагодніх калядаванняў і павіншаваць сваіх сяброў і суседзяу.                    

 
Смотреть все выпуски

Новости