Денис Лисейчиков: Сам фармуляр метрычнай кніжкі не настолькі сухі, што там толькі даты і імёны, там ёсць і асноўная інфармацыя аб чалавеку. Па-першае, гэта веравызнанне (праваслаўны, каталік, іудзей, уніят і г. д.). Па-другое, гэта саслоўе, то бок, хто ён быў: мешчанін, селянін, дваранін. Альбо, калі ён займаў нейкую пэўную пасаду, быў чыноўнікам ці якім-небудзь адстаўным салдатам, то гэта прапісвалася ў метрыцы. Дапусцім, сын такі нарадзіўся ў сям’і адстаўнога унтэр-афіцэра такога і яго законнай жонкі. Там пазначалася таксама адкуль яны (з якой мясцовасці, з якога фальварка, вёскі, горада), пісаўся таксама той, хто праводзіў абрад хрышчэння, а таксама хросныя бацькі. Гэта дае ўжо нейкі мінімум звестак. Апрача гэтага, канешне, зразумела, што большасць нашых продкаў займалася ў старажытнасці земляробствам, таму немагчыма вызначыць нейкую пэўную прафесію. А калі нашы продкі былі жыхарамі буйных гарадоў, то можна род іх заняткаў высветліць. Калі яны працавалі, дапусцім, у сферы адукацыі, то можна глянуць фонды асобных навучальных устаноў, вучылішчаў, царкоўна-прыходскіх школ. У нас ёсць спісы тых, хто выкладаў, нейкія звесткі аб іх. Гэта могуць быць установы медыцынскай сферы, могуць быць установы чыгункі, можа чалавек браў нейкі крэдыт у банку. У прынцыпе фонды ўсіх гэтых устаноў таго старажытнага перыяду захоўваюцца ў нас таксама.





