Денис Лисейчиков: Наконт Турэцкай царквы. Гэта тэрыторыя былога Навагрудскага павета, і ў плане захаванасці метрычных кніг гэта такі цікавы рэгіён. Па ім практычна не захавалася кансісторскіх асобнікаў метрычных кніг. Я нагадаю, што метрычныя кнігі ў перыяд Расійскай імперыі вяліся ў двух асобніках. Адзін вёўся ў самім прыходзе пры храме, а другі здаваўся ў кансісторыю. Мы захоўваем, як правіла, асобнікі кансісторскія. Толькі ў тым выпадку, калі, скажам, пры ліквідацыі нейкага храма, вырашылі яго архіў здаць на дзяржаўнае захаванне, тады мы маем яшчэ і асобнікі прыходскія. Па Навагрудскім павеце па нейкіх прычынах практычна не захавалася ніводнага асобніка кансісторскага. Калі мы маем нейкія асобнічкі з прыходскіх цэркваў, то яны ў нас захоўваюцца. Але гэта літаральна 2-3 царквы на ўвесь павет. Па Турэцкай у нас няма ніводнай метрычнай кнігі.
Ведаю, што па Заходняй Беларусі, да якой належыць гэта тэрыторыя, многія дакументы яшчэ захоўваюцца непасрэдна ў прыходскіх парафіяльных архівах. То бок пры самой царкве, магчыма, маглі захавацца нейкія старажытныя дакументы. Справа ў тым, што не ўсе сённяшнія святары хочуць займацца сваімі архівамі. Ведаюць, што ёсць нейкія старыя дакументы дзесьці ў шафе яшчэ з даваеннага перыяду, і не моцна ў гэта ўнікаюць. Даволі актыўныя святары запрашаюць архіўных работнікаў, каб яны нейкім чынам узялі гэтыя дакументы пад разгляд на ўлік. Але гэтая справа тычыцца ініцыятывы кожнай канкрэтнай парафіі. Так што наконт Турца я бы рэкамендаваў яшчэ звярнуцца непасрэдна ў саму царкву.





