Вітаю Вас, Ваша Эксцеленцыя! Раскажыце, калі ласка, пра радыё "Марыя". Калі гэта радыё пачне працаваць?

Гэта не першае пытанне на гэтую тэму і не апошняе. Я рэгістраваў радыё "Марыя" ў пачатку 90-х гадоў у Пецярбургу, дзе яно сёння вельмі добра працуе. Ёсць сусветная сетка радыё "Марыя" - гэта рэлігійныя праграмы, - але радыё не з'яўляецца структурай Касцёла. Яно пад апекай Касцёла ў духоўным сэнсе, там ёсць духоўны айцец, а так само вяшчанне арганізуецца свецкімі асобамі. Мне хацелася б, каб гэтая станцыя з'явілася ў Беларусі. 

Чым займаецца гэтае радыё? У нас ёсць трансляцыі Святой Імшы на Першым канале Беларускага радыё кожную нядзелю, але моглі б быць і з іншых касцёлаў у іншы час. У Пецярбургу кожную нядзелю таксама ёсць такая трансляцыя. Калі мы молімся, людзі могуць далучыцца, нават у той час, калі хтосьці едзе ў машыне. Гучаць там рэлігійныя песні. Радыё "Марыя" адкрытае і для іншых канфесій. Я жыў у Маскве, але ездзіў у Пецярбург вельмі часта, і калі я ехаў, я тэлефанаваў на радыё і казаў, што калі ёсць гадзіна свабодная, то я яе бяру. Паўгадзіны я прамаўляў на нейкую тэму, паўгадзіны - пытанне-адказ. Аднойчы тэлефанаваў Мітрапаліт Пецярбуржскі і Ладажскі Уладзімір. Мы з ім паразмаўлялі. На наступны дзень у касцёле святой Екацярыны, дзе я служыў Імшу, чулася: "Вы чулі? Як гэта добра, што яны паразмаўлялі! Гэта сведчанне, што мы павінны ісці разам!" 

Праблема зараз якая? Мы не можам гэтае радыё зарэгістраваць. У Міністэрстве юстыцыі нам кажуць, што гэта справы рэлігійныя, ідзіце ў камітэт па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў. А той рэгіструе рэлігійныя арганізацыі, дзе праводзяцца набажэнствы, а па радыё набажэнствы не праводзяцца. Горад нешта збіраўся ў гэтым напрамку зрабіць, нейкую прапанову там далі, паглядзім. Я прашу ўсіх, хто зацікаўлены, маліцца, каб гэты крыжовы шлях завяршыўся, каб вернікі мелі гэтае радыё, бо яно сапраўды будзе служыць і каталікам, і іншым веравызнанням, і грамадству ў распаўсюджванні і замацаванні хрысціянскіх каштоўнасцяў.  

 
Смотреть все выпуски

Новости