Узрост - не перашкода. Дзень пажылых людзей адзначылі на гэтым тыдні

3 октября 2020

Для 82-гадовага жыхара Ружанаў выхад на пенсію - новыя магчымасці. Мужчына стаў працаваць спартыўным трэнерам. Ён прапагандуе здаровы лад жыцця і займаецца са школьнікамі тымі, каму за 60. Аб сакрэтах даўгалецця даведалася Марыя Тройніч.

Дровы - замест гантэляў і садовы плот - як трэнажор: свой участак пенсіянер Уладзімір Папоў ператварыў у спартыўную пляцоўку. З гімнастыкі пачынае кожную раніцу: абавязковыя практыкаванні на прэс і падцягванні. А мужчыну ўжо 82! На ўзрост, як і на здароўе, не скардзіцца. Наадварот, з выхадам на пенсію з'явіўся час для новых магчымасцяў.

Зараз Уладзімір Аляксандравіч працуе спартыўным трэнерам. Заняткі вядзе па сваёй унікальнай методыцы і, акрамя гімнастыкі, расказвае пра здаровы лад жыцця ў цэлым. Кажа, сваім энтузіязмам ужо заразіў усіх суседзяў.

Яшчэ пенсіянер вядзе заняткі ў мясцовай школе. Трэніроўкі праводзіць у якасці дадатку да ўрокаў фізкультуры. Паводле слоў педагогаў, для дзяцей гэта дадатковая матывацыя.

Гімнастыкай на свежым паветры пенсіянер займаецца не менш як 45 хвілін на дзень. Нават калі на вуліцы мінус 20.

Нядаўна спартсмен-аматар напісаў кнігу пра тое, як заставацца здаровым, калі ўжо далёка за 70. Цяпер мужчына хоча надрукаваць яе вялікім тыражом, каб яго сакрэты даўгалецця былі даступныя ўсім ахвочым.