Узровень жыцця ў маленькіх райцэнтрах павінен адпавядаць патрэбам сучаснасці

15 февраля 2020
Такая задача пастаўлена Кіраўніком дзяржавы перад паўднёва-ўсходнім рэгіёнам Магілёўскай вобласці. Гэта і стварэнне новых працоўных месцаў, і павышэнне заробку. Згодна з 235 указам Прэзідэнта, які накіраваны на развіццё адразу сямі раёнаў, бізнесмены атрымалі льготныя прэферэнцыі, прасцей стала пабудаваць жыллё. Як вынік - у Слаўгарадскім раёне рэалізуецца адразу некалькі важных праектаў. Андрэй Ястрабаў - больш падрабязна.  

Нібыта лайнер з туману вырастае сілуэт аднаго з маштабных праектаў у Слаўгарадскім раёне. Ля вёскі Перагон пабудаваны жывёлагадоўчы комплекс, разлічаны на 24 тысячы галоў. Ён забяспечыць Магілёўскі мясакамбінат уласнай сыравінай - свінінай - амаль на палову. Узводзяць тут і свой камбікормавы цэх. 

Адкрыты рух па новым мосце праз Сож, які звязаў Слаўгарадскі і Краснапольскі раёны. На ўзвядзенне спатрэбіліся тры гады. 7 км пуцеправода амаль гатовыя. Цяпер левабярэжжа будзе задзейнічана пад аграэкатурызм, у тым ліку - Блакітная крыніца. Перавозчыкі - у чаканні.

А на гэтай пляцоўцы калісьці марылі распачаць бізнес па сушцы гародніны. Не ўдала. Знайшоўся новы інвестар - вядомы бабруйскі вытворца кандытарскіх вырабаў. Кантракт падпісаны - ужо да канца года паставяць абсталяванне і будуць створаны каля сотні новых працоўных месцаў. 

Больш як 200 чалавек летась працаўладкаваныя ў раёне. Да таго ж  атрымалі і бязвыплатныя субсідыі, каб пачаць свой бізнес самастойна.  Павышэнне камфорту жыцця, як і прыцягненне інвестыцый - сярод самых важных задач для раёна. Сёлета яго жыхароў таксама чакаюць змены. 

Узровень жыцця у маленькіх райцэнтрах павінен адпавядаць патрэбам сучаснасці. А для гэтага трэба прыкласці яшчэ шмат намаганняў. Напрыклад, у Касцюковічах плануюць пабудаваць ферму па вытворчасці фарэлі і бязгазавую ўстаноўку. У Клімавіцкім раёне - прадпрыемства па вытворчасці вугалю - а гэта пад 300 працоўных месцаў.  А ў Крычаве - тры гандлёвыя цэнтры і велізарны жывёлагадоўчы комплекс. А гэта яшчэ і інвестыцыі ў эканоміку.