Дайджэст навін паўночнага рэгіёна

16 мая 2020
У Лёзненскім раёне на брацкіх могілках ля вёскі Крынкі перапахавалі астанкі савецкіх салдат і мірных жыхароў – ахвяр фашызму. У Аршанскім раёне расчыніў дзверы адноўлены лячэбны корпус абласнога шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, а ў адным з музеяў Віцебска прадэманстравана выстава ваенна-гістарычнай мініяцюры. Георгій Жукаў, Аляксандр Васілеўскі, Канстанцін Ракасоўскі, Іван Баграмян, генералісімус Іосіф Сталін - праўда, разгледзець экспанаты не так проста. Чаму? Даведаемся з дайджэста навін паўночнага рэгіёна. 

Расказвае Вольга Маслоўская


Астанкі 2 савецкіх салдат і 37 мірных жыхароў перапахавалі ў Лёзненскім раёне


Астанкі 2 савецкіх салдат і 37 мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, перапахавалі ў Лёзненскім раёне. Іх знайшлі падчас палявых пошукавых работ вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна. Урачыстая цырымонія ладзілася на могілках ля аграгарадка Крынкі, дзе спачын знайшлі амаль 5 тысяч воінаў. У раёне, дзе дзевяць месяцаў стаяла лінія фронту, а воінскія могілкі ёсць амаль ля кожнай вёскі, памятаюць кожнага, хто аддаў сваё жыццё за незалежнасць Радзімы. 

Усяго на тэрыторыі Лёзненскага раёна сёння 89 воінскіх пахаванняў, у якіх знайшлі спачын амаль 32 з паловай тысячы салдат і афіцэраў. 26 тысяч імёнаў загінуўшых устаноўленыя, і з пачатку 2020 года спіс папоўнілі амаль 300 новых прозвішчаў.


Пасля мадэрнізацыі адкрыўся лячэбны корпус Віцебскага абласнога шпіталя "Юрцава"


Пасля рамонту і мадэрнізацыі адкрыўся лячэбны корпус Віцебскага абласнога шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны “Юрцава”. У сучасны медыцынскі аб'ект ператварылася сядзіба, пабудаваная ў першай палове 19 стагоддзя. Гістарычны будынак даўно меў патрэбу ў рэканструкцыі. Рашэнне аб капітальным рамонце з мадэрнізацыяй прынялі два гады таму. За гэты час уладкавалі дах, замянілі міжпавярховыя перакрыцці, вокны, дзверы, правялі ваду, электрычнасць, цеплазабеспячэнне, добраўпарадкавалі тэрыторыю. Тут размясціліся 30 ложкаў - сучасныя светлыя палаты з маляўнічымі відамі з вокнаў. На будаўнічыя работы выдаткавана амаль тры з паловай мільёны рублёў. Корпус абсталяваны па праграме развіцця Аршанскага раёна. 

Сёння ў "Юрцаве" 210 ложкаў (70 тэрапеўтычных і 140 рэабілітацыйных). Штогод тут папраўляюць здароўе больш за чатыры тысячы чалавек. Пасля мадэрнізацыі чакаюць і суседзяў-расіян.


Самы доўгі чыгуначны маршрут звяжа Полацк з Брэстам


 
Яго працягласць складзе амаль 900 кіламетраў. У дарозе цягнік будзе знаходзіцца больш за 19 гадзін. Ён пройдзе па чатырох абласцях Беларусі: Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Брэсцкай. У паўночным рэгіёне з прыпынкамі ў Шуміліне, Віцебску і Оршы. Першы раз з Полацка чыгуначны састаў адправіцца 18 мая, з Брэста - 19 мая. І надалей будзе хадзіць штодзень. Дарэчы, самы працяглы чыгуначны маршрут у свеце пралягае ад кітайскага горада Іу да Лондана. Больш за 12 тысяч кіламетраў таварны цягнік праходзіць за 18 дзён.


У Віцебску працуе выстава, экспанаты якой разгледзець не так проста 


Маршалы перамогі ў мініяцюры. У Віцебску працуе выстава, экспанаты якой разгледзець не так проста. Памеры фігурак, што дакладна капіруюць маршалаў другой паловы 20 стагоддзя, пачынаюцца ад пяці з паловай  сантыметраў! Тут  Георгій Жукаў, Аляксандр Васілеўскі, Канстанцін Ракасоўскі, Іван Баграмян, генералісімус Іосіф Сталін. Аўтар мініяцюр - кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры дызайну мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя Машэрава Ігар Гарбуноў. Копіі выкананы з мастацкай пластыкі. 

Аўтар работ больш за 30 гадоў займаецца ваенна-гістарычнай мініяцюрай. На выставе таксама прадэманстраваны фігуркі ў абмундзіраванні ўдзельнікаў Першай і Другой сусветных войнаў з розных краін: Расійскай імперыі і СССР, Сербіі, Румыніі, Грэцыі, Японіі, Кітая. Усяго ў экспазіцыі - больш за 100 фігурак.