10.03.2018

"Рэспублiка"

"Каб "Алесю" аддалi пець яму, Ярмоленка прасiў доўга: Валянцiн Бадзьяраў распавядает пра сваё знаемства з "Сябрамi".

"Рэспублiка"

"Каб "Алесю" аддалi пець яму, Ярмоленка прасiў доўга: Валянцiн Бадзьяраў распавядает пра сваё знаемства з "Сябрамi"

Кожную суботу праграма "Беларусь як песня" запрашае да тэлеэкранаў аматараў нашай эстраднай музыкі на сустрэчу з выканаўцамі 1970 - 80-х гадоў, расказвае пра невядомыя факты з жыцця любімых артыстаў, нагадвае гісторыю кампазіцый, з якімі яны выходзілі на сцэну і станавіліся знакамітымі.

Усе відэаматэрыялы, якія выка­ры­стоўваюцца, - свайго роду музейныя экспанаты, яны дзесяцігоддзямі захоўваліся ў фондзе Белтэлерадыёкампаніі. Гэта і першыя фестывалі, і канцэрты, і рэдкія студыйныя здымкі - архівы багацейшыя.

Ансамблі "Песняры", "Верасы", "Ча­раўніцы", салісты Віктар Вуячыч, Тамара Раеўская, Наталля Гайда, Святлана Кульпа, Анатоль Падгайскі… За паўгода, што існуе тэлепраект, створана ўжо 20 праграм.

Каго ўспомняць у бліжэйшы час? Валянціна Бадзьярава, колішняга мастацкага кіраўніка ансамбля "Сябры". Надзея Габец, кіраўнік творчай групы праекта "Беларусь як песня", гаворыць, што гэты выпуск праграмы стане данінай памяці артысту, якога не стала ў снежні мінулага года, а таксама адкрыццём для шырокай публікі і многіх прыхільнікаў калектыву, бо аўтарамі сабрана шмат цікавых і малавядомых фактаў з яго гісторыі.

Узначаліць эстрадны ансамбль "Сябры" гомельскай філар­мо­ніі Бадзьярава за­пра­сілі ў 1975-м. Калек­тыву пагражала рас­фарміраванне, меркавалася, што прыход вядомага музыканта і кампазітара, былога ўдзельніка "Песняроў" дапаможа яго выратаваць. Валянцін Бадзьяраў не адразу, але пагадзіўся, прыняў мастацкае кіраўніцтва ў 1976-м і працаваў з "Сябрамі" пяць гадоў.

З Бадзьяравым ансамбль стаў пераможцам Усесаюзнага конкурсу песні, лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола, атрымаў першыя замежныя гастролі, запісаў два папулярныя дыскі-гіганты і займеў усесаюзную славу.

Менавіта Валянцін Бадзьяраў зрабіў аран­жыроўку га­лоў­нага шлягера і візітнай карткі ансам­бля - песні кам­па­зітара Алега Іва­нова на вершы Ана­толя Папярэчнага "Дзяўчына з Палесся", якая стала вядомай пад назвай "Алеся". Працаваў над гэтым творам натхнёна і прысвяціў яго сваёй дачцэ Алесі. Выканаўцам будучага хіта Бадзьяраў бачыў Віталя Чырвонага, тэнара, якога ў 1976-м запрасіў у калектыў з Адэсы. Але другі саліст ансамбля, Анатоль Ярмоленка, пераканаў аддаць песню яму.

Прэм’ера з вялікім поспехам адбылася ў 1978 годзе ў Маскве на Цэнтральным тэлебачанні СССР у праграме "Шырэй круг", далей — на тэлевізійным конкурсе "З песняй па жыцці", там ансамбль атрымаў званне лаўрэата. А ў 1981-м з "Алесяй" ВІА "Сябры" выйшаў у фінал фестываля "Песня года". У гэтым жа годзе Валянцін Бадзьяраў пакінуў калектыў, месца мастацкага кіраўніка заняў Анатоль Ярмоленка.

У праграме "Беларусь як песня" славутая "Алеся" прагучыць у запісе 1985-га, ранейшага ў фондах Белтэлерадыёкампаніі не захавалася. Пачуць будзе цікава, тым больш што выкананне крыху іншае, чым тое, якое добра знаёмае слухачам.

Першая частка гісторыі "Сяброў", звязаная з імем Валянціна Бадзьярава, выйдзе на экран канала "Беларусь 3" сёння, 10 сакавіка. Эфір - у 10.30. А ў наступную суботу, 17 сакавіка, - працяг тэмы: жыццё і творчыя здабыткі знакамітага ансамбля падчас кіраўніцтва Анатоля Ярмоленкі. Дарэчы, па нядзелях выпускі паўтараюць.

Як заўсёды, дасведчана і падрабязна пра ўсё тэлегледачам раскажа пастаянны вядучы праграмы, народны артыст Беларусі, спявак Мікалай Скорыкаў, сведка многіх падзей, што ў розны час адбываліся на нашай эстрадзе.

Ирина СВИРКО.