15.11.2019
"Звязда"

Адна з найбольш папулярных вядучых айчыннага тэлебачання Святлана Бароўская 17 лістапада адзначае юбілей. Яна не ўтойвае свой узрост, бо і ў 50 выглядае молада і стыльна.
Тэлегледачам выпускніца тэатральна-мастацкага інстытута вядомая па ролях у кіно і тэатры, у якасці вядучай "Славянскага базару ў Віцебску" і іншых фестываляў і конкурсаў, як аўтар і вядучая праекта "Выхад ёсць". Вось ужо 28 гадоў у эфіры яна скарае сваіх прыхільнікаў аптымізмам, абаяльнасцю, прыгажосцю і энергіяй. Сёння Святлана Бароўская з'яўляецца паслом добрай волі ЮНЭЙДС у Беларусі і працягвае здымацца ў фільмах і серыялах, бо дзякуючы яе майстэрству і ўменню ствараць яркія разнапланавыя вобразы, талент беларускай артысткі запатрабаваны рэжысёрамі і кінапрадзюсарамі.

Аднак галоўным тэлевізійным праектам у яе жыцці вось ужо на працягу 22 гадоў застаецца праграма "Добрай раніцы, Беларусь!" на тэлеканале "Беларусь 1". Мала хто ведае, але падчас дэбютнага тэлеэфіру на Белтэлерадыёкампаніі юная Бароўская пераблытала пераможцу віктарыны і прыз трапіў не ў тыя рукі, аднак вядучая не разгубілася і змагла абваражыць кіраўніцтва тэлеканала і гледачоў. І з таго часу ёй не перастаюць пісаць прыхільнікі творчасці. Адзначана дзейнасць адной з самых любімых тэлевядучых нашай краіны і на высокім дзяржаўным узроўні.

Да юбілею Святланы Бароўскай сацыякультурны канал медыяхолдынга "Беларусь 3" падрыхтаваў тэматычны паказ яе аўтарскай праграмы "Выхад ёсць". Таксама гледачы ўбачаць міні-серыял з удзелам імянінніцы - рамантычную меладраму Ірыны Волах і Ганны Пармас "Пяшчотная зіма" - у эфіры 17 лістапада ў 12.25.

Шчыра віншуем калегу з юбілеем! Жадаем шчасця і натхнення ў творчасці!