ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

25.04.2019
"Звязда" 

Праз паўтара месяца пасля нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" ўжо, здаецца, усе атрымалі адказы наконт прадстаўніцы Беларусі - што гэта за дзяўчынка, дзе яна жыве, хто яе тата і ўсё такое. 
Таму мы вырашылі абысціся без банальных пытанняў і пацікавіцца ў Зінаіды Купрыяновіч (спявачка ЗЕНА) і часткова ў Аляксандра, яе бацькі і дырэктара, як 16-гадовая артыстка сумяшчае падрыхтоўку да конкурсу і вучобу ў гімназіі, у чым бачыць сакрэт поспеху і як ставіцца да канкурэнтаў. Тым больш што за гэты месяц з будучымі сапернікамі па еўравізійнай сцэне ЗЕНА сустракалася ўжо двойчы: на традыцыйнай і самай вялікай pre party ў Амстэрдаме і літаральна ўчора - у Маскве.

- Канцэрт у Амстэрдаме - гэта было крута! - не стрымлівае эмоцый спявачка. - Я пабывала ў гэтым горадзе ўпершыню, і гэта быў класны вопыт і падарожжа, і творчага працэсу. Эмоцыі - проста супер, вельмі цёплы, нейкі ўтульны горад, і людзі вельмі прыязныя, як дэлегацыі, так і ў прынцыпе ўсе сустрэчныя. Чатыры тысячы гледачоў, артысты з 27 краін, жывы гук, шыкоўная зала, мы з усімі перазнаёміліся і завязалі цёплыя стасункі. Мне цікава было патрэніраваць сваю англійскую мову, паколькі на конкурсе трэба размаўляць пастаянна і свабодна. Асабліва пасябравалі з прадстаўнікамі Ізраіля і Іспаніі. Наогул, у мяне песні амаль усіх удзельнікаў ёсць у плэй-лісце, некаторыя пераслухоўваю шматразова. У Маскве крыху іншая атмасфера, бо рускамоўныя слухачы, шмат знаёмых - але прома-вечарынка атрымалася таксама крутая!

Наогул, графік у артысткі вельмі насычаны: пасля здымак відэавізітоўкі ў Тэль-Авіве пачалася работа над кліпам, а паралельна - рэпетыцыі, заняткі з педагогам па вакале і харэографам, выступленні на розных пляцоўках. "Ці не складана сумяшчаць вучобу і падрыхтоўку да конкурсу? Нармальна, паколькі я знаходжуся на дамашнім навучанні і магу кансультавацца з выкладчыкамі дыстанцыйна, праз інтэрнэт. Дый настаўнікі падтрымліваюць, дапамагаюць засвойваць матэрыял, каб я не адставала (пасля перамогі ў нацыянальным адборы Зіна перавялася з маскоўскага кінакаледжа зноў у 36-ю мінскую гімназію, дзе вучылася раней, і мае сярэдні бал вышэйшы за 9. - Аўт.). А ад сцэны я наогул не стамляюся, мне ўсё гэта падабаецца: выступленні, музыка, танцы, камеры, закуліссе, знаёмствы з новымі людзьмі".

- Раней беларусы ездзілі на "Еўрабачанне", што называецца, "па-багатаму", у сэнсе прома-прадукцыі. Але тэндэнцыя апошніх часоў - нічога лішняга, дыскі, майкі, карысныя дробязі і прыемныя сувеніры. Што плануе прывезці твая каманда?

- Прома-прадукцыя фарміруецца з улікам маіх пажаданняў і інтарэсаў, а таксама з улікам таго, што гэта Ізраіль, цёплая краіна, - інтрыгуе артыстка. - Пакуль усіх сакрэтаў раскрыць не магу, сама ў чаканні і прадчуванні, але паверце: усё будзе пазначана маім хэштэгам, будзе стыльным і яркім, як і мой нумар і песня. Што дакладна - павязём дыск (калі паспеем, дададзім на яго акустычную версію конкурснай песні "Lіke Іt") і інфармацыйны буклет.

- Хто наогул уваходзіць сёння ў каманду, акрамя самой Зіны і бэк-вакалістак?

- Суполка інтэрнацыянальная і, шчыра кажучы, немаленькая: прадзюсар, бэк-вакалісты (набралі іншы склад, не той, што быў у фінале адбору), танцоры, педагог па харэаграфіі і па вакале, візажыст-стыліст, адміністратар, прадстаўнікі кіраўніцтва, творчыя і тэхнічныя супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі - тыя, хто будуць здымаць "Дзённікі Еўрабачання", і хто адказвае за трансляцыю конкурсу ў нашай краіне, - пералічвае Аляксандр Купрыяновіч. - Мы робім усё магчымае для таго, каб зрабіць цікавае, якаснае шоу, і каб Беларусь паднялася ў "Еўрабачанні" на самую высокую прыступку. Усе памятаюць пра вынік Дзімы Калдуна (6-е месца) - гэта тая планка, якую хацелася б пераўзысці. Так што нумар, які мы паказалі на адборы, кардынальна змяніўся - Зіна будзе шмат рухацца, а сама пастаноўка стане вельмі сучаснай і адпаведнай яе ўзросту.

- На што ты гатовая дзеля поспеху? Скажам, заўтра Віктар Дробыш абвесціць: "Зіна, трэба пафарбавацца ў чорны і набраць пяць кіло..."

- Ого, - спявачка на хвіліну задумваецца. - Думаю, што дзеля нейкага хайпа і шоу рабіць нічога падобнага не буду, мне проста нецікава. А калі, напрыклад, спатрэбіцца для здымак у фільме, калі мэта будзе таго вартая - я гатовая эксперыментаваць над сабой, без праблем магу змяніць знешнасць, стыль. Віктар Якаўлевіч, дарэчы, ніякіх жорсткіх умоў не дыктуе - мы робім песню, пастаноўку, касцюмы так, як бачым, а ён глядзіць на ўсю карцінку ў цэлым як прадзюсар і ўносіць свае карэктывы.

- Ты расказвала, што суняць хваляванне перад выхадам на сцэну дапамагаюць "абдымашкі" з камандай. Ці ёсць яшчэ нейкі рытуал на ўдачу?

- Няма. Для мяне важна проста сабрацца. Да выступлення я магу гадзіну бегаць, з усімі цалавацца, зараджацца энергіяй. А потым, хвілін за дзесяць, трэба проста глыбока ўдыхнуць, выдыхнуць, падумаць пра штосьці добрае і светлае і ісці рабіць сваю работу. Але варта зазначыць, мне пашанцавала: падабралася насамрэч класная каманда, я з усімі сябрую, і мне разам з імі камфортна, неяк прыязна, усе "за цябе" і ты "за" іх... Гэта работа маёй мары, прынамсі пакуль што.

- Дэвіз сёлетняга "Еўрабачання" - "Dare to Dream", "Дазволь сабе марыць". Адна твая мара - прадставіць краіну на конкурсе, ужо практычна збылася. Чаго хочацца дасягнуць далей?

- Мара - гэта для мяне штосьці вельмі глабальнае. Пакуль што цягам усяго жыцця я стаўлю сабе мэты, так лягчэй: паставіў мэту, папрацаваў, дасягнуў. А мара - гэта нешта, што цябе акрыляе, натхняе, штосьці глыбока ўнутранае, душэўнае... На сёння я вельмі хачу пасля "Еўрабачання" зладзіць вялікі сольны канцэрт, а перад гэтым выпусціць свой альбом - словам, закруціцца ў гэтым творчым працэсе, каб былі рух, новыя сустрэчы, пастаянныя пералёты, - я заўжды пра гэта марыла, і, напэўна, гэтая частка мары таксама пачынае збывацца.

- Падпісчыкі ў Інстаграм (іх у спявачкі амаль 100 тысяч. - Аўт.) шмат распытваюць пра твае татуіроўкі. Раскажаш?

- Іх тры. Адна была зробленая на "Новай Фабрыцы зорак", яе падарылі мне бацькі на дзень нараджэння - на рэбрах прыгожыя кветкі. Другая - падарунак тату на дзень нараджэння, у мяне на руцэ сабраная, скажам так, уся наша сям'я, з бацькамі, малодшымі сястрой і братам, і вось зараз у працэсе "рукаў", ён напалову зроблены, і гэты малюнак таксама з'явіўся не проста так - у найбліжэйшы час, як дараблю, абавязкова раскажу прыхільнікам, які ў гэтым сэнс. Для мяне тату - не проста мода, а ўпрыгожанне на целе, якое нясе пэўны змест. Яно заўжды з табой, ты можаш на яго паглядзець, калі табе дрэнна ці, наадварот, вельмі добра, і згадаць нешта важнае.

- Не тое каб мы ўжо рыхтавалі віншаванні, але шчыра зычым на "Еўрабачанні" поспеху - няхай усё атрымаецца. Дарэчы, найлепшы падарунак для цябе - гэта?..

- Магу сказаць, што вельмі люблю есці, але будзе неяк бязглузда гучаць. Канешне, вельмі люблю кветкі - ружы, півоні, ліліі, але таксама люблю сюрпрызы з б'юці-сферы, гаджэты... Але вось што самае галоўнае: люблю падарункі, зробленыя з душой і з крэатывам, - калі адчуваеш, што чалавек падышоў не фармальна, а падбіраў спецыяльна для цябе. Такое заўжды прыемна, і я гэта вельмі цаню.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.