"Звязда"
Як "Беларусь 3" адзначыць дзень нараджэння Янкі Купалы?
Вершаваныя відэаролікі, мастацкі фільм, тэлеверсія фолк-оперы "Адвечная песня" і тэматычны канцэрт "Як на свет радзіўся Янка...". Да дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы сацыякультурны тэлеканал "Беларусь 3" падрыхтаваў адмысловую праграму.
Ужо з 4 ліпеня ў эфіры будзе выходзіць праект "Мой Купала" — цыкл відэаролікаў, у якіх студэнты творчых ВНУ, а таксама вядомыя дзеячы тэатра і кіно чытаюць свае любімыя вершы Янкі Купалы. 7 ліпеня "купальскі" дзень адкрые камедыя Юрыя Цвяткова "Пасля кірмашу", знятая ў 1972 годзе паводле знакамітай п'есы "Паўлінка". Далей гледачоў чакаюць тэматычны выпуск праекта "Запіскі на палях", тэлеверсія фолк-оперы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі "Адвечная песня" (2015 год) і аднайменны хранікальна-дакументальны фільм, які прадставіць відэаматэрыялы, зробленыя на тэлебачанні пра Янку Купалу ў розныя гады і беражліва захаваныя да сёння. Завершыцца дзень памяці канцэртам "Як на свет радзіўся Янка...", які генеральны прадзюсарскі цэнтр медыяхолдынга запісаў летась.
Вікторыя ЗАХАРАВА.





