Заўтра каналы Белтэлерадыёкампаніі прадставяць гледачам навінкі эфіру

15.09.2017

"Звязда"

Увечары 16 верасня ў інтэрактыўным шоу "Вялікае тэлебачанне. Новы сезон" усе каналы медыяхолдынга прадставяць гледачам навінкі свайго эфіру і "рэнавацыю" любімых праграм. Зрэшты, пра некаторыя разынкі ў тэлепірагу "Звязда" даведалася крыху раней.

На "Беларусь 1" адной з галоўных прэм'ер сезона стане праект "Шчаслівы вечар", удзельнікі якога памераюцца творчымі здольнасцямі. Неўзабаве выйдзе ў эфір маштабны праект "Я ведаю!", які Белтэлерадыёкампанія рэалізуе сумесна з Міністэрствам адукацыі. У больш як 30 выпусках праграмы вучні 5-11 класаў з усіх рэгіёнаў пройдуць іспыты на эрудыцыю, кемлівасць і інтэлект, а 7 пераможцаў з кожнай паралелі атрымаюць дыпломы і каштоўныя падарункі для ўсяго класа. Вядучы праграмы "Пад ключ" Арцём Рыбакін абяцае дапамагчы тым, хто задумвае маштабную будоўлю і рызыкне даверыць гэтую справу тэлевізійнікам.

Тэлеканал "Беларусь 2" закупіў цэлы пакет свежых расійскіх і ўкраінскіх рэаліці-шоу, а яшчэ падрыхтаваў уласныя навінкі, у тым ліку шоу "Панаехалі 2. Канікулы ўсляпую", перафарматаваны маладзёжны праект "Пін_код" з новымі тэмамі і вядучымі, а таксама праект "Камень, нажніцы, папера", карэспандэнты якога ажывяць стары добры жанр "рэпарцёр атрымаў заданне", а хто якую ролю будзе выконваць, вызначыць дзіцячая гульня ў "камень-нажніцы-паперу". Асаблівасць праграмы - прамая сувязь з гледачамі праз Інстаграм, дзе можна будзе задаваць свае пытанні і прапаноўваць заданні для наступнага выпуску.

Сацыякультурны канал "Беларусь 3" традыцыйна не толькі і не столькі забаўляе, колькі адукоўвае гледачоў - так, ужо выйшлі першыя выпускі дакументальных праектаў "Запіскі на палях" і "Ліра", прысвечаныя беларускім пісьменнікам і кнізе, а праект "Беларусь як песня" знаёміць аўдыторыю з багатай палітрай беларускай эстрады 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя. Не засталіся без увагі і аматары аўтарскай песні - ім адрасаваны суботнія канцэртныя праграмы "Мелодыі лета - 2017", запісаныя падчас сёлетняга фестывалю "Вялікая бард-рыбалка", а таксама прыхільнікі класікі, якія ўбачаць і пачуюць на "Вечарах Вялікага тэатра ў палацы Радзівілаў" сусветныя шэдэўры оперы і балета. У кастрычніку тэлеканал прадставіць яшчэ адну навінку - фальклорнае шоу "Хата на хату", у якім цэлыя сем'і будуць спаборнічаць у вакальным майстэрстве.

Што да "Беларусь 5", то яго новая праграма "Агнявы рубеж" прысвечана... правільна, біятлону. Эксклюзіўныя інтэрв'ю з легендарнымі спартсменамі, экспертныя меркаванні, адметнасці біятлонных трас - вось далёка не поўны пералік тэм праекта. Цыкл праграм "Трэніровачны дзень" вернецца ў эфір і раскажа пра падрыхтоўку нашых спартсменаў да Алімпіяды-2018. Да таго ж тэлеканал неўзабаве пачне паказваць не толькі дакументальныя, але і мастацкія фільмы пра спорт.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.