07.05.2018

По сообщению sb.by (Источник: "Народная газета")

ALEKSEEV не раскрывае ўсе сакрэты свайго нумара, з якім ён выступіць на еўравізійнай сцэне

Беларуская дэлегацыя ўжо з тыдзень знаходзіцца ў Лісабоне. Рэпетыцыі, прэс-канферэнцыі, сустрэчы з прыхільнікамі - адпачываць няма калі. Тым больш - хутка пачнецца песеннае спаборніцтва. У нядзелю, 6 мая, запланавана афіцыйнае адкрыццё еўратыдня, а ў аўторак, 8 мая, адбудзецца першы паўфінал конкурсу, у якім выступіць прадстаўнік Беларусі ALEKSEEV. Змагацца за выхад у фінал яму прыйдзецца з лідарамі букмекерскіх ставак - прадстаўнікамі Ізраіля, Чэхіі, Балгарыі і Эстоніі. На жаль, падтрымкі стран-суседак чакаць не прыходзіцца - Расія, Украіна, Польшча, Латвія выступяць у другім паўфінале “Еўрабачання”. Аднак Мікіту гэта не пужае. Ён упэўнены ў сваіх сілах. Да таго ж артыст верыць у магію лічбаў:

- Я выступаю 8 мая пад нумарам 8 з песняй “Назаўжды”, якая ў пэўным сэнсе азначае бясконцасць, а лічба 8 вельмі падобна на знак бясконцасці. Я бачу ў гэтым добры знак, які будзе спадарожнічаць майму ўдаламу выступленню.

ALEKSEEV не раскрывае ўсе сакрэты свайго нумара, але адзначае, што ён будзе не такі, з якім спявак выступаў у фінале нацыянальнага адбору:

- Гэта вельмі асабісты нумар, хвалюючая работа, якая вельмі добра адлюстроўвае той стан, які цяпер асацыіруецца ў мяне са мной. Мы вельмі доўга шукалі, як павінна гучаць гэта песня. Было некалькі ідэй адносна пастаноўкі. Цяпер усё гэта ў такім прыемным балансе. Ёсць творчая гармонія.

За конкурсам змогуць назіраць больш за 200 мільёнаў тэлегледачоў з усяго свету. Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы “Беларусь 1” і “Беларусь 24”, а таксама афіцыйны сайт Белтэлерадыёкампаніі tvr.by.

Людмила МИНКЕВИЧ.