Як здымаецца дзіцячая праграма "Дабраранак"

17.03.2017
"Звязда"

Дзіцячая праграма "Дабраранак" па ўзросце і сама яшчэ дзіця - у эфіры тэлеканала "Беларусь 3" яна выходзіць крыху больш як 3 гады. 

"Звязда"

Дзіцячая праграма "Дабраранак" па ўзросце і сама яшчэ дзіця - у эфіры тэлеканала "Беларусь 3" яна выходзіць крыху больш як 3 гады. Зрэшты, нават за такі непрацяглы час творчая група пацвердзіла якасць новага прадукту, атрымаўшы ў 2015 годзе "Тэлевяршыню" за найлепшую ў Беларусі праграму для дзяцей і юнацтва.

Рэ­жы­сёр пра­гра­мы вы­строй­вае кадр: рас­стаў­ляе рэ­кві­зіт і пры­бі­рае ўсё ліш­няе.

Улічваючы бязлітасныя лічбы рэйтынгаў і патрабавальнасць сваёй аўдыторыі - дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту - тэлевізійнікі рэгулярна абнаўляюць праект, прыдумляючы новых герояў, змяняючы эфірную застаўку і студыйнае афармленне, тэмы і рубрыкі. Маленькія гледачы і іх бацькі, у сваю чаргу, з задавальненнем ідуць на зваротную сувязь з аўтарамі. А "Звязда", скарыстаўшыся магчымасцю, зазірнула на здымачную пляцоўку праграмы і даведалася, аб чым "Дабраранак" расказвае сваім гледачам і чаму нельга абысціся проста мульцікамі.

Бадай, першае, што кідаецца ў вочы, калі пераступаеш парог дзіцячай студыі, - яркая пляма здымачнай пляцоўкі, стол пасярэдзіне і дзве пары доўгіх вушэй над ім. Пад сталом у гэты час ідзе нейкая валтузня і гучыць ціхая гаворка на розныя галасы - здаецца, там хаваецца цэлы лялечны тэатр Карабаса-Барабаса, а не два чалавекі, якія адказваюць за зайцоў Касю і Лесіка. Спачатку, дарэчы, зайцоў было трое, але камп'ютарны герой, сонечны зайчык Ясік, паступова знік з эфіру.

- А хто ў нас зайцы? - цікаўлюся я, пакуль зацягнутыя ў чорнае артысты "ўжываюцца" ў сваіх персанажаў.

- Акцёры вышэйшай катэгорыі сталічнага Тэатра лялек Наталля Кот-Кузьма і Дзмітрый Чуйкоў, - прадстаўляе рэжысёр Аліна Цітовіч. - Калі "Дабраранак", так бы мовіць, аддзяліўся ад "Калыханкі" і ў ім з'явіліся ўласныя, фірменныя персанажы-зайцы, мы праводзілі маштабны кастынг, на якім было вельмі многа прэтэндэнтаў. Улічвалася ўсё: тэмбр голасу, валоданне беларускай мовай, акцёрская харызма... У выніку, я лічу, атрымаўся проста цудоўны і непаўторны тандэм; хто б нас ні глядзеў, прызнаюць, што "вашы зайцы - проста супер". У іх дакладна прадуманыя вобразы і характары: Лесік - разумнік, а Кася - прыгажуня, і нашы акцёры выдатна падтрымліваюць гэта амплуа з праграмы ў праграму.

Нагадаем, з 1 сакавіка ў сувядучыя да зайцоў далучыліся чацвёра мінскіх школьнікаў, якія, паводле задумкі стваральнікаў праграмы, зробяць "Дабраранак" больш цікавым і блізкім для сваіх аднагодкаў. "Мы шукалі самых працаздольных, кемлівых і адказных дзяцей, якія змогуць удзельнічаць у здымках нароўні з дарослымі акцёрамі, - тлумачаць тэлевізійнікі. - Напрыклад, сёння мы здымаем дзве праграмы, а гэта два сцэнарыі старонак па 8 кожны, і іх трэба ведаць ледзьве не на памяць. Плюс, вядома, патрабаванне тэлегенічнасці, раскаванасці перад камерай - і, галоўнае, добрага валодання беларускай мовай! Мы бачылі на кастынгу выпадкі: прыходзіць дзіця, расказвае тэкст па-беларуску, але відавочна, што гэтыя словы проста завучаны механічна, без розніцы, на беларускай або кітайскай мове, і дзеці не разумеюць, аб чым гавораць... І пры ўсім гэтым вядучыя мусілі быць блізкімі па ўзросце да нашых гледачоў".

"Прашарсціўшы" беларускамоўныя гімназіі і прагледзеўшы не адзін дзясятак кандыдатаў, прадзюсары адабралі ў "Дабраранак" двух хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. Але не спяшайцеся зайздросціць папулярнасці юных вядучых. Безумоўна, дзеля здымак іх раз на тыдзень вызваляюць ад школьных заняткаў - але гэтыя пропускі дзецям даводзіцца адпрацоўваць без усякіх паблажак з боку настаўнікаў. Дый самі здымкі, якія праходзяць на вуліцы Макаёнка, - гэта вам не пяціхвіліннае "сэлфі з зайцамі", а паўнавартасны працоўны дзень акцёра са шматлікімі дублямі, рэпетыцыямі, рэжысёрскімі папраўкамі і ўдакладненнямі. Не кожны дарослы вытрымае!

Зрэшты, як нам па сакрэце расказала сённяшняя вядучая - вучаніца 4 "А" класа 167-й сталічнай школы Варвара Саскавец, яе такі рэжым працы зусім не палохае і не напружвае. Ну, дык на тое Вара і выдатніца, якая, акрамя рускай і беларускай, добра ведае англійскую мову і дадаткова вывучае польскую.

- І што пра твае здымкі кажуць у школе: мабыць, крытыкуюць, асабліва настаўнікі беларускай мовы?

- Не-не, - круціць галавой дзяўчынка, - тут як быццам усё ў парадку. Наогул, у школе многія гавораць, што бачылі мяне па тэлевізары, і ўсім праграма падабаецца.

Таксама праграмы з удзелам Варвары пільна глядзіць яе сям'я, і калі заўважаць пэўныя хібы і памылкі, абавязкова звернуць на гэта ўвагу - не дзеля крытыкі, а каб наступны раз атрымалася лепш.

- А табе самой падабаецца?

- Вельмі! Я люблю здымацца, адчуваю, што камера - гэта дакладна маё. Ужо здымалася ў дзвюх рэкламах, а потым мама ўбачыла аб'яву пра гэты кастынг, ну вось - я і прайшла.

Тут дзяўчынку выклікаюць "на пазіцыю", і яна з дапамогай нейкай хітрай акрабатыкі ўладкоўваецца побач з зайцамі ў хісткім з выгляду высокім крэсле. Пасля доўгіх перастановак рэквізіту і лялек - так, каб усе героі ўмяшчаліся ў кадр і не заміналі адно аднаму, - Вара атрымлівае строгі наказ трымаць спіну роўна, чуе запаветную каманду рэжысёра: "Пачалі!". Вельмі ўпэўнена, дэманструючы гледачам талерачку з фігурным печывам, школьніца расказвае ў некалькіх словах пра свята Саракі, што традыцыйна адзначаецца ў сакавіку на вясновае раўнадзенства. Пасля культурнага экскурсу і дыялогу з сувядучымі можна крыху разняволіцца ды запрасіць гледачоў на мультфільм.

У новым сезоне і абноўленым фармаце "Дабраранак" запрашае сваіх гледачоў да інтэрактыву - і з задавальненнем прымае званкі, допісы ў сацыяльных сетках, лісты, малюнкі і змайстраваныя дзецьмі вырабы. Адну з дасланых на праграму вясенніх карцінак вядучыя дэманструюць гледачам, заахвочваючы ўсіх далучацца.

- Я пакуль аднясу малюнак у выстАвачную залу, - гаворыць Варвара.

- ВЫставачную! - хорам падказваем мы, дарослыя, і юная вядучая паслухмяна папраўляецца.

- Бачыце, - заўважае рэжысёр, - якое жыццё ў дзіцяці: націскі падобныя, камеры розныя - тут агульны план, там буйны, і трэба не пераблытаць, куды глядзець, кожную памылку даводзіцца выпраўляць і пераздымаць сцэну, - а яна ўсміхаецца і яшчэ пасля дзвюх праграм будзе ўсміхацца.

- Няхай прывыкае да жыцця артыста, - строга гудзе з-пад стала заяц Лесік - Дзмітрый Чуйкоў. Дзяўчынка ў адказ усё гэтак жа адкрыта ўсміхаецца, нібы і не сядзіць у студыі ўжо некалькі гадзін.

"За­раз мы ця­бе, брат, па­пра­вім", - уга­вор­вае свай­го пер­са­на­жа Дзміт­рый Чуй­коў.

Наогул, час на здымках дзіцячай праграмы бяжыць хутка. Ды і ў ранішнім тэлеэфіры, улічваючы бадзёрую зарадку, карысныя парады дзецям ад спецыялістаў (сярод якіх, напрыклад, урачы, псіхолагі, педагогі, прадстаўнікі МНС, супрацоўнікі розных музеяў) і мультыплікацыйныя перапынкі, паўгадзіны праходзяць зусім незаўважна.

Тым не менш "Дабраранак" выходзіць штодня, і кожную раніцу тэлевізійнікам трэба вырашаць няпростыя задачы - мала таго што зацікавіць сучасных дзяцей, для многіх з якіх беларуская мова ці не цяжэйшая за замежную, але і тыдзень за тыднем, месяц за месяцам не паўтарацца ў выбраных тэмах гаворкі. "Так, - пагаджаюцца сцэнарысты праграмы, - па вялікім рахунку, гэта канвеер, і, каб не паўтараць па сто разоў адно і тое ж, мы спрабуем чапляцца не за саміх дзяцей, а за навакольны свет - надвор'е, прыроду, новыя і старыя гульні... І ўсё адно, калі прыходзіць новая думка, перш за ўсё правяраеш: а я пра гэта раней не пісала? А іншыя сцэнарысты (нас на праграме працуе чацвёра)? І толькі тады пачынаеш разгортваць, развіваць тэму далей".

- Мы разумеем, што ёсць сур'ёзныя канкурэнты ў выглядзе расійскіх і замежных чыста мультыплікацыйных тэлеканалаў, - значна лягчэй пад мульцікі накарміць і апрануць дзіця, чым самастойна з ім займацца, - канстатуюць стваральнікі праграмы. - Але ў "Дабраранка" не толькі забаўляльны, але і пазнавальны кірунак, і для нас вельмі важна не толькі паказаць дзецям яркія карцінкі, але і расказаць ім, прычым на зразумелай і правільнай беларускай мове, пра цікавыя, карысныя і проста патрэбныя ў жыцці рэчы.

Да мовы ў "Дабраранка", як і ў тэлеканала "Беларусь 3", наогул падыход прынцыповы і максімальна строгі: рэдактары па некалькі разоў пераправяраюць па слоўніках словы і выразы, значэнне, правапіс і вымаўленне якіх выклікаюць сумненні. "У раздрукаваных для нашых вядучых сцэнарыях выверана кожнае слоўца, - запэўнівае рэжысёр, - вялікімі літарамі вылучаны правільныя націскі, а калі падчас здымак у нас узнікаюць спрэчкі: "паглядзІм або паглЯдзім", "садавінА ці садавІна", "зімУ ці зІму" - робім паўзу, тэлефануем рэдактарам і ўдакладняем гэтыя моманты, бо мы нясём адказнасць перад дзецьмі - вядучымі і гледачамі".

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Документация