27.03.2019
"Звязда" 

Фінальны этап конкурсу "Я сэрцам бачу" аб'яднаў 30 фатаграфій. Людзі і падзеі, архітэктурныя помнікі і маляўнічыя краявіды, прыгажосць урбаністычная і запаведная, рэпартажныя кадры, макраздымкі, "мабільныя фота" і відовішчныя панарамы... Днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы падвялі вынікі маштабнага фотапраекта "Я сэрцам бачу", прысвечанага Году малой радзімы. Фінальны этап аб'яднаў трыццаць фатаграфій, выкананых у розных тэхніках і жанрах.

Экспазіцыя, што размясцілася ў галерэі "Атрыум" галоўнай бібліятэкі краіны, аб'яднала работы як аматараў і пачаткоўцаў, так і майстроў, чые імёны вядомыя далёка за межамі нашай краіны: Сяргея Плыткевіча, які больш за 40 гадоў занатоўвае прыгажосць беларускай прыроды, "летапісца глыбінкі" Сяргея Гапона, удзельніка Саюза фотамастакоў Расіі Улада Сакалоўскага, чые пейзажныя работы друкуюцца ў сусветных СМІ, прызёра міжнародных фотаконкурсаў SONY World Photography Awards, 35 Аwards Арсенія Семянкова, які ўмее бачыць творы мастацтва нават у знаёмых многім збудаваннях Мінска, ды іншых. Наведаць яе можна цягам трох месяцаў, а выбіраць сярод фіналістаў найлепшага, расказаў кіраўнік міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала "Беларусь 24" Аляксандр Мартыненка, будуць з дапамогай саміх гледачоў і наведвальнікаў выстаўкі: прагаласаваць за ўпадабаныя здымкі можна на сайце belarus24.by і ў афіцыйных групах у сацсетках. Пакуль жа ўзнагароды атрымалі пераможцы папярэдніх этапаў.

Нагадаем, фотапраект "Я сэрцам бачу", зладжаны міжнародным спадарожнікавым тэлеканалам "Беларусь 24" сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай, стартаваў мінулай вясной. Выстаўкі, арганізаваныя на папярэдніх этапах праекта, убачылі і ацанілі больш як 80 тысяч наведвальнікаў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.