Вядучы Аляксандр Ярмаш: Прамы эфір - гэта заўсёды адрэналін

10.11.2017

"Звязда"

Вядучы спартыўных навін на тэлеканале "Беларусь 1" прыадчыняе сакрэты тэлевізійнай "кухні".

"Звязда"

Вядучы спартыўных навін на тэлеканале "Беларусь 1" прыадчыняе сакрэты тэлевізійнай "кухні". Чаму сюжэт, які доўжыцца паўтары хвіліны, рыхтуецца мінімум некалькі гадзін, як грыміруюць вядучых-мужчын і чаму тэлебачанне кардынальна змяніла жыццё Аляксандра Ярмаша.

- Аляксандр, пачнём з навін, што паведамляць прыемней за ўсё?

- Вядома, расказваць аб перамогах нашых спартсменаў або камандаў значна прыемней. Тым больш, за гады работы многія становяцца для цябе добрымі прыяцелямі і таму перажываеш за іх выступленні неяк асабліва. Расказваць пра паражэнні больш складана. Напрыклад, асабіста мне, чалавеку, які ў свой час займаўся футболам, не вельмі прыемна паведамляць пра нашы правалы ў гэтым відзе спорту, а апошнім часам, на жаль, гэта адбываецца даволі часта.

- Напэўна, многіх гледачоў цікавіць пытанне: тэкст, які вы чытаеце ў эфіры, рыхтуе сам вядучы?

- Так, у асноўным. Не можа быць такога, каб я прыйшоў на эфір і бачыў яго ўпершыню. Бываюць вельмі рэдкія выключэнні, напрыклад, у тым выпадку, калі навіна паступіла да нас, калі я знаходжуся ўжо ў прамым эфіры. Калі ты працуеш у спорце, павінен быць гатовы да таго, што сітуацыя ў матчы ці яго вынік можа змяніцца ў адну секунду.

На студыі ў нас вісіць шыльда, якая абвяшчае, што з тэлефонам заходзіць туды нельга, але прызнаюся, часам парушаюць гэтае правіла менавіта спартыўныя журналісты, таму што за вынікамі ў інтэрнэце даводзіцца сачыць да апошняй секунды перад выхадам у эфір, а бывае, што і па ходзе выпуску навін.

- Раскажыце, як рыхтуецца сюжэт для навін?

- Я прыязджаю на матч, гляджу яго, адзначаю гульцоў, якія найбольш ярка выяўляюць сябе па ходзе сустрэчы. Як правіла, з імі заўсёды лягчэй дамовіцца аб каментарыі ці міні-інтэрв'ю, асабліва калі каманда выйграла. Калі спартсмены церпяць паражэнне, часта адмаўляюцца падыходзіць да камеры, тады прыходзіцца неяк выходзіць са становішча. Па маіх назіраннях, часцей за ўсё гэта здараецца з футбалістамі і хакеістамі, а людзі, якія лягчэй за ўсё ідуць на кантакт, - гэта, напэўна, гандбалісты. Зразумела, што ёсць выключэнні, напрыклад, Віталь Радзівонаў - чалавек, які заўсёды гатовы размаўляць. А ёсць людзі, у якіх і пасля перамогі слова не выцягнеш. Я лічу, гэта няправільна, бо журналісту трэба мець зносіны са спартсменам, можа яму і самому гэтага не асабліва хочацца. Гэта, у першую чаргу, патрэбна людзям, якія падтрымліваюць і хварэюць за тваю каманду, мы выключна пасярэднікі. Спартсмены павінны разумець, адмаўляючы журналісту, яны адмаўляюць тым людзям, якія за іх перажываюць.

Сюжэт для выпуску навін, як правіла, доўжыцца паўтары хвіліны, а каб зрабіць яго, трэба выдаткаваць пару гадзін. У кожным кірунку маёй працы ёсць свае любімыя моманты - і ў падрыхтоўцы сюжэтаў, і ў вядзенні навін. Аднак, прамы эфір - гэта заўсёды адрэналін, колькі б ты ні працаваў, і гэта крута.

- Сур'ёзныя памылкі ў рабоце былі?

- Зразумела, што здараюцца ўсякага роду агаворкі, так адразу і не прыгадаю, што можна было б прывесці ў прыклад. Мы чытаем навіны па суфлёры, а бывае такое, што ён знікае, напрыклад. Заўсёды для гэтага з сабой бяром раздрукаваны на паперы тэкст, які ляжыць у нас на стале. У экстраннай сітуацыі пераключаемся на яго і працягваем працаваць.

- Перад эфірам вас грыміруюць?

- Гэта залежыць ад неабходнасці. Пра сябе я жартую з грымёрамі, што вечна знаходжуся ў пераходным узросце. Перыядычна можа з'явіцца нейкі вугор, можа быць яшчэ з-за таго, што я вельмі люблю салодкае (смяецца). Але, як правіла, мне хапае пудры. Яшчэ такі момант, заўсёды неабходна сачыць за памерам свайго шчаціння. Ад начальніка можа прыйсці паведамленне: "Саша, ты як пасля другога дня вяселля. Яшчэ раз выйдзеш так у эфір - пазбаўлю прэміі". Вядома, свой знешні выгляд пажадана абмяркоўваць з кіраўніцтвам, бо гэта свайго роду імідж канала, ты не можаш рабіць з сабой усё, што заўгодна, ёсць рамкі, пэўныя нормы.

Часам здараюцца і форс-мажоры. Як практычна ўсе спартыўныя журналісты, я вяду досыць актыўны лад жыцця, у тым ліку гуляю ў гандбол у зборнай беларускіх журналістаў. Аднойчы ў дзень, калі мне трэба было выходзіць у эфір, быў на трэніроўцы, партнёр кідаў з блізкай адлегласці і трапіў мне проста ў вока. Спачатку думаў, што ўсё вельмі дрэнна, некалькі гадзін аднаўляўся зрок, ну і вядома, застаўся след на твары. Грымёры вельмі пастараліся, вечарам змог выйсці ў эфір. Вока, вядома, яшчэ балела, таму я вельмі часта міргаў, але, спадзяюся, ніхто з гледачоў не звярнуў на гэта ўвагі.

- Чаму вы наогул калісьці выбралі тэлебачанне?

- Я нарадзіўся і жыў у Гродне, скончыў Гродзенскі дзяржаўны політэхнічны каледж і стаў майстрам будаўніча-мантажных работ. Па размеркаванні паехаў у Вялікую Бераставіцу. Так, я не клаў на будоўлі цэглу, а быў свайго роду начальнікам, але мне гэта абсалютна не падабалася. Калі табе 19, наўрад ці хтосьці ўспрымае ў гэтай ролі, ды і стаяць над людзьмі з палкай - гэта не маё. Неяк са сваім таварышам, Аляксеем Багдановічам, які цяпер працуе на АНТ, а тады працаваў на гродзенскім тэлебачанні, гулялі ў футбол. Ён не мог наведаць футбольны матч "Нёман" - БАТЭ, а расказваць пра яго з экрана тэлевізара яму было неабходна. Я быў на гэтай гульні, таму змог літаральна ў некалькіх словах апісаць сустрэчу, у выніку ў сваім сюжэце ён выкарыстаў менавіта маю фразу. У гэты момант я падумаў, чаму б мне не памяняць сваё жыццё і не стаць журналістам. Неяк пасля футбола жартам сказаў Лёшу: "Я табе зайздрошчу, ты бясплатна ходзіш на футбол, а потым за тое, што пішаш пра яго, яшчэ і грошы атрымліваеш". Ён пасмяяўся і прапанаваў сваю дапамогу, калі раптам я збяруся стаць журналістам. Гэтая ідэя была лёгкая, неназойлівая, але неўзабаве я пачаў рыхтавацца да паступлення на журфак.

Рабіў некалькі сюжэтаў на гродзенскім тэлебачанні. Памятаю, што тады вельмі дрэнна ўспрымаў свой голас. Цяпер ужо прызвычаіўся да яго.

- Неўзабаве пасля свайго паступлення пачалі працаваць?

- Так, усё ж такі я быў ужо дарослы, паступіў у ВНУ не пасля школы і ў Мінску за штосьці трэба было жыць, таму ўжо праз месяц падышоў да аднаго з выкладчыкаў і папрасіў тэлефоны спартыўных тэлевізійных рэдакцый.

Атрымалася так, што пайшоў працаваць на СТБ, дзе пачынаюць сваю тэлевізійную кар'еру многія студэнты. Часта гэты канал так і расшыфроўваюць, не Сталічнае тэлебачанне, а студэнцкае.

- Памятаеце свой першы сюжэт?

- Напэўна, больш яго памятае мая мама, я, шчыра кажучы, не вельмі. Яна проста гэтага вельмі моцна чакала, бо бачыла, што я хачу развівацца менавіта ў гэтым кірунку, і вельмі радавалася за мяне, калі ўбачыла і пачула па тэлевізары. Патэлефанавала мне, і мы з ёй трошкі паплакалі.

- Пра што вы марыце ў прафесійным плане?

- Мне б вельмі хацелася паспрабаваць сябе ў ролі каментатара. Я ажыццявіў гэта ўсяго аднойчы, працуючы на СТБ. Потым удзельнічаў у конкурсе каментатараў на "Беларусь 5", у якім выйшаў у фінал, але не перамог. Кажуць, не хапіла эмоцый... Шчыра скажу, было трошкі крыўдна. Думаю, усё роўна калі-небудзь гэта да мяне прыйдзе. Дарэчы, пасля гэтага кастынгу прайшоў літаральна месяц ці два і мяне запрасілі працаваць на "Беларусь 1".

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ.

Документация