Веды, цярпенне і крыху ўдачы - БТ здымае інтэлектуальнае шоу "На вылет"

15.03.2019
По сообщению zviazda.by

Карэспандэнты "Звязды" пабывалі на здымках першага выпуску шоу "На вылет" і даведаліся, ці маюць значэнне медалі і дыпломы, чаму рэакцыя важнейшая за эрудыцыю і пры чым тут самалёты.
Каля дзвярэй вялікай студыі Белтэлерадыёкампаніі сядзяць некалькі дзясяткаў людзей з пранумараванымі бэджыкамі, чытаюць Вікіпедыю са смартфонаў, адзначаюцца ў сацыяльных сетках і абмяркоўваюць, у каго які прадмет быў любімым у школе. Хтосьці, нервуючыся, п’е каву (гэта мы з фатографам), хтосьці не мяняе позы добрую гадзіну, і толькі вочы выдаюць напружанае чаканне. Перыядычна міма прабягае рэжысёр Яўген Папковіч і абяцае, што яшчэ крыху, вось-вось, і ўсё пачнецца: "Што вы такія сумныя? Нядоўга засталося!" - "Нам?" - змрочна перапытваюць тыя, хто падпісаўся на гульню з тэлебачаннем. - "Не, да лета, - падбадзёрвае рэжысёр. - Ужо хутка пачынаем". Але гэтае "хутка" расцягваецца яшчэ на гадзіну, і калі ўдзельнікі нарэшце трапляюць у студыю пад прыцэл некалькіх тэлекамер, агульны настрой далёкі ад азартнага.

Зрэшты, аўдыторыя крыху ажыўляецца, разглядаючы дэкарацыі: стылізаваныя пад тэрміналы аэрапорта пляцоўкі, стрэлкі і знаёмыя бела-сінія колеры, ілюмінатары на светладыёдных экранах-"сценах" і мініяцюрны самалёцік з лагатыпам вядомай авіякампаніі (здагадайцеся, якой) ля стойкі вядучага. Асістэнты выстройваюць кандыдатаў у жывую чаргу да мікрафона ("Кучней, кучней, можна ў шахматным парадку, і нават па трое, каб у кадры было больш людзей, а то ў мяне на маніторы пустая студыя!" – камандуе зверху нябачны прадзюсар).

- Гэта бізнес-клас ці эканом? А сцюардэсы будуць разносіць напоі? - жартуе нехта.

Забягаючы наперад, скажам, што сцюардэс, цукерак "Узлётныя" і каньяку на здымачнай пляцоўцы так і не было (а шкада), затое былі падарункі для ўдзельнікаў: фірменныя бейсболкі, бутэлькі морсу і салодкія батончыкі. Як быццам дробязь, а прыемна - хоць, безумоўна, непараўнальна з галоўным прызам у 2 тысячы рублёў. Але хто абяцаў, што атрымаць іх будзе лёгка? "Зараз парагочам", - пацірае рукі рэжысёр, і прысутныя зноў напружваюцца.

"Сёння ў студыі сабраліся людзі, якія неабачліва лічаць сябе самымі начытанымі, інтэлектуальнымі і разумнымі", - вітае будучых ігракоў вядучы праекту – праграмны дырэктар радыё "Юністар" Аляксандр Найдзёнаў. У яго добра пастаўленая дыкцыя вопытнага  радыйніка і натрэніраваны на здымках сюжэтаў для сацсетак выраз твару poker face, але тэлевізійнага вопыту нестае, таму патрабуецца мноства дубляў. Затое пытанні ўдзельнікам Аляксандр выстрэльвае, нібы з кулямёта: "Якога акцёра называюць "жалезным Арні"? Назавіце аўтара паэтычнага зборніка "Жалейка"? Жыхары якой краіны танцуюць чардаш? Які арэх можа наталіць і голад, і смагу? У сталіцы на плошчы Парыжскай камуны толькі адзін будынак - які?" Сцэнарысты і рэдактары папрацавалі як след: тэмы і накірункі пытанняў адгадаць немагчыма, усё адбываецца тут і зараз, і паверце, гэта вельмі неблагая трэніроўка для мозгу.

Адна з жанчын "сыплецца" на, здавалася б, простым пытанні пра трох парасят (у каго з іх быў самы трывалы домік, помніце? а без падказкі?). Але гераіня не паспявае засмуціцца, як атрымлівае ад арганізатараў прыгожы букет - тэлевізійнікі даведаліся, што ў яе сёння дзень нараджэння, і імкліва падрыхтавалі сюрпрыз. "Не думайце, што мы занадта строгія, наогул стаўцеся да гульні, як да цікавай і забаўнай прыгоды, якая надоўга запомніцца", - раіць вядучы.

Цяпер уласна пра гульню. У першым туры як мінімум 32 удзельнікам па чарзе задаюць простыя пытанні, не даючы часу на абдумванне: адказаў - трапіў у гульню, памыліўся, забыўся, не ведаў - "на вылет", то бок, у глядзельную залу. І так да таго часу, пакуль не набярэцца дзве каманды па 8 чалавек у кожнай. Добрая навіна для тых, хто таксама хоча прыйсці і ўразіць усіх эрудыцыяй: запісвацца і ўдзельнічаць можна ў кожнай праграме, ніякіх абмежаванняў, акрамя ўзросту 18+ і беларускага грамадзянства, няма. Дрэнная навіна: адправіць "на вылет" вас могуць у любы момант - калі не вядучы, то зайздросныя канкурэнты.

У другім туры пытанні крыху больш складаныя, і адказваць на іх можна пасля калегіяльнай рады - але не даўжэйшай за 30 секунд, і пажадана раней за сапернікаў. Напрыклад, трэба ведаць або адгадаць, якіх дрэваў больш за ўсё на вуліцах Мінска (а вось паспрабуйце адказаць, не пытаючыся ў Гугла!), або якая птушка лічыцца найвялікшай у свеце. Потым пачынаецца забава, вядомая многім з нас з дзяцінства па гульні ў выбівалы ці мультфільму пра васьміножак; памятаеце: "С вами теперь поквитаться хочу, дайте я вашего поколочу!". Каманда, якая дала правільны адказ, адпраўляе "на вылет" аднаго з гульцоў каманды-саперніцы - і так да таго часу, пакуль удзельнікаў не застанецца ўсяго 8. Паколькі склад гульцоў амаль на тры чвэрці жаночы, прынамсі ў першай праграме, адна каманда выбірае тактыку "далоў мужчын", другая, наадварот, выкідвае з пляцоўкі сімпатычных канкурэнтак. Такім жа чынам змяншаецца колькасць гульцоў у трэцім і чацвёртым турах - так што хутка становіцца зразумела, што недастаткова, а мо нават і небяспечна, быць тут самым разумным, куды больш важная кемлівасць, хуткасць рэакцыі і стратэгія паводзінаў з сапернікамі.

Дарэчы, на кожным з гэтых этапаў каманда-пераможца  мае права адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў інтэлектуальным конкурсе ды падзяліць на ўсіх зароблены цягам гульні прызавы фонд і падарункі ад партнёраў праграмы. Але тады шанс вярнуцца і паказаць сябе атрымлівае каманда, якая прайграла раней.

У пятым туры застаюцца ўсяго два ўдзельнікі - хто атрымае верх, таго і тапкі, у сэнсе, перамога і магчымасць выступіць у супергульні. Гэта ўжо экзамен для самых загартаваных: тры мудрагелістыя пытанні і толькі 30 секунд на роздум. Затое хоць адзін правільны адказ прыносіць галоўны прыз, таксама з прыстаўкай "супер" – тыя самыя анансаваныя 2000 рублёў. Затое памылка суперфіналіста дазваляе вярнуць у гульню... таго, хто выбыў першым. Так, усё няпроста і заблытана, але ў гэтым і інтрыга, і арыгінальнасць новага інтэлектуальнага шоу. У правілах ёсць яшчэ мноства падрабязнасцяў і ўдакладненняў на розныя выпадкі, але пералічваць іх па-за рэальнай сітуацыяй бессэнсоўна. Проста ведайце: калі ў супергульні пераможцы няма, прызы, як у латарэі, пераходзяць у фонд наступнага выпуску.

У першым выпуску такі пераможца быў - але хто гэта і якім чынам гэты чалавек выйграў спарынг эрудытаў, да эфіру застанецца сакрэтам. Як плануецца, шоу "На вылет" працягласцю 39 хвілін пачне выходзіць на тэлеканале "Беларусь 1" ужо напрыканцы сакавіка-пачатку красавіка.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.