Уся справа ў Капелюшы?
Новости

Уся справа ў Капелюшы?

28.04.2017
"Рэспублiка"
  
NaviBand: навошта нам цыгун, рожкі і матылёк?
"Рэспублiка"
 
NaviBand: навошта нам цыгун, рожкі і матылёк?

Да "Еўрабачання-2017" яшчэ два тыдні, але Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка ўжо пакуюць чамаданы ў Кіеў. За некалькі дзён да ад’езду яны падзяліліся апошнімі навінамі.

Падрыхтоўкай іх нумара сёлета займаецца ўкраінская каманда. Цікава, што Белтэлерадыёкампанія як прадзюсар гурта на конкурсе прапанавала рабятам пяць рэжысёраў на выбар, і яны самі выбралі, хто ім даспадобы. Усе спецыялісты маюць еўравізійны вопыт. Напрыклад, харэограф Таццяна Астраверх рыхтавала да конкурсу Злату Агневіч, стыліст Дзмітрый Курата апранаў Джамалу. Але ёсць у камандзе і некалькі беларускіх спецыялістаў. Вакалам з Ксеніяй і Арцёмам займаецца Вольга Драздова.

Ніякіх дзівосаў накшталт шара Алёны Ланской ці шматслойнага адзення Анжалікі Агурбаш у нашых сёлета не будзе. Гурт абмяжуецца камп’ютарнай графікай. NaviBand з самага пачатку паставіў умовы, каб іх нумар на ўкраінскай сцэне па атмасферы і стылістыцы быў максімальна набліжаны да таго, як было на нацыянальным адборы. "Вопратка ў нас светлая, таму мы будзем шчырыя, такія, якія мы ёсць у звычайным жыцці", - сказала Ксенія. Дарэчы, у яе будзе тая ж прычоска з "рожкамі", а ў Арцёма капялюш на галаве.

На сцэне рабяты выступяць удваіх. Але ім будуць дапамагаць бэк-вакал - гурт "Беатрыс", добра вядомы ва Украіне па ўдзеле ў шоу "Х-Фактар", - і Міхаіл Сасуноў, які сёлета прадставіць нашу краіну на "Славянскім базары ў Віцебску".

Салодкіх сувеніраў ад беларусаў на "Еўрабачанні" на гэты раз не будзе. Уся промапрадукцыя мае нацыянальную сімволіку. Сёлета большасць ідэй па яе стварэнні належыць нашым рамеснікам. Такім чынам, у пакетах побач з друкаванай прадукцыяй будуць значкі і гальштукі-бабачкі. Да таго ж Ксенія і Арцём падораць новым знаёмым стужачкі з нацыянальным арнаментам. Дарэчы, такія ўжо маюць амаль усе ўдзельнікі конкурсу, з якімі яны сустракаліся на прэпаці ў Тэль-Авіве і Амстэрдаме.

Па ацэнках букмекераў, Жук і Лук’яненка не ўваходзяць у лік фаварытаў. На які вынік яны настройваюцца самі? "Толькі наперад", - гавораць яны. Рабяты сцвярджаюць, што ў іх ужо ёсць прыхільнікі ў розных краінах і яны адчуваюць іх падтрымку: "Хэй-хэй" мы чуем з усіх бакоў, нават калі прыязджаем кудысьці ўпершыню". Дарэчы, сёлета афіцыйным хэштэгам нашага гурта будзе #Heyheyhayayayayo.

Галоўнымі балельшчыкамі NaviBand у Кіеве будуць іх бацькі. Дарэчы, на працягу апошніх месяцаў менавіта бацьку Арцёма было даручана аднаўляць псіхалагічны стан рабят. Два разы на месяц ён прыязджаў з Глыбокага, каб займацца з дзецьмі гімнастыкай цыгун. Ксенія кажа, што пасля такіх заняткаў адчувалі прыліў сіл, пазбаўляліся негатыўнай энергіі. За тыдзень да выступлення бацька Арцёма прыедзе ў Кіеў, каб супакоіць музыкантаў і настроіць іх на добры лад.

Ксенія і Арцём шмат разоў на працягу трох месяцаў былі ў Кіеве. Але сапраўды апрабаваць сцэну змогуць 3 мая. Другая рэпетыцыя і індывідуальная прэс-канферэнцыя нашых прадстаўнікоў на "Еўрабачанні" запланаваны на 6 мая. На наступны дзень адбудзецца афіцыйнае адкрыццё Еўратыдня. Тады ж з’явіцца і чырвоная дарожка конкурсу, яна размесціцца на плошчы Канстытуцыі і алеі каля Марыінскага палаца. Першы паўфінал пройдзе 9 мая. NaviBand з песняй "Гісторыя майго жыцця" выступіць праз дзень. Фінал - 13 мая.

Наталля ІВАНОВА.