"Звязда"
Агенцтва тэленавін запускае новы праект "Усё як мае быць!"
Якія магчымасці адкрыюцца перад жыхарамі Беларусі і Кітая пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму і якія перспектывы супрацоўніцтва абедзвюх краін у гістарычнай і культурнай, турыстычнай, спартыўнай, прамысловай сферах? Адказы на гэтыя пытанні паспрабуюць знайсці стваральнікі новага праекта Агенцтва тэленавін - цыкла з 8 хранікальна-дакументальных фільмаў "Усё як мае быць!", прэм'ера якога адбудзецца на "Беларусь 1" 12 жніўня.
Кожны выпуск будзе дэталёва аналізаваць асобныя сферы і кірункі жыцця дзяржаў. "Падзеі ў нашым праекце разгортваюцца паралельна ў Беларусі і Кітаі", - адзначае адзін з аўтараў цыкла Ян Пашкевіч. Напрыклад, серыя пра спорт высокіх дасягненняў раскажа, як Мінск рыхтуецца прыняць налета ІІ Еўрапейскія гульні, Пекін - XXІV зімовыя Алімпійскія гульні, а гісторыка-культурная старонка цыкла прадставіць кітайскі факультэт па вывучэнні беларускай мовы.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.





