У новым сезоне "Беларусь 2" шмат рэаліці-шоу

02.12.2016

"Звязда"

Адна з галоўных адметнасцяў маладзёжнага тэлеканала "Беларусь 2" у новым сезоне - вялікая колькасць рэаліці-шоу ў эфіры. Чарговыя навінкі, прычым абедзве ўкраінскай вытворчасці, прапануюцца ўвазе беларускіх гледачоў ужо з гэтай суботы, 3 снежня.

"Звязда"

Адна з галоўных адметнасцяў маладзёжнага тэлеканала "Беларусь 2" у новым сезоне - вялікая колькасць рэаліці-шоу ў эфіры. Чарговыя навінкі, прычым абедзве ўкраінскай вытворчасці, прапануюцца ўвазе беларускіх гледачоў ужо з гэтай суботы, 3 снежня.

Праект "Вяселле ўсляпую", напэўна, спадабаецца рамантыкам, якія вераць у перамогу сапраўднага кахання над жыццёвымі абставінамі. Аўтары рэаліці-шоу праводзяць унікальны сацыяльны эксперымент. Яго ўдзельнікі незнаёмыя адзін з адным, але аб'яднаныя няўдалым вопытам у сямейных стасунках. Кожны з іх рызыкнуў узяць удзел у кастынгу тэлепраекта, бо самастойна так і не здолеў пасля колішняга балючага разрыву з партнёрам уладкаваць сваё асабістае жыццё. У рэаліці-шоу пары, якія пазнаёмяцца толькі пасля роспісу, паспрабуюць стварыць новую моцную сям'ю - але ўжо з дапамогай і падказкамі экспертаў, сярод якіх псіхолаг, "love-коўч" і астролаг. Кожнай пары трэба будзе прайсці спецыялізаваныя тэсты на псіхалагічную, эмацыянальную, астралагічную і сексуальную сумяшчальнасць, а таксама праверку на стрэсаўстойлівасць - у выніку яны атрымаюць ад экспертаў прагноз на трываласць стасункаў і парады, як пазбегнуць асабліва небяспечных памылак. Карацей, шанц на ўладкаванне сямейнага агменю атрымае кожны з удзельнікаў - а вось ці многа з "акальцаваных усляпую" сямейных пар застануцца разам і пасля заканчэння тэлевізійнага квеста, стане вядома толькі напрыканцы праекта.

Медыцынскае рэаліці-шоу "Вярніце мне прыгажосць", разлічанае на шырокую аўдыторыю, пакажа вонкавыя і ўнутраныя пераўтварэнні людзей, якім іх цяперашняя недасканаласць прынесла шмат горкіх перажыванняў, болі і слёз - а некаторым наўпрост зламала жыццё. Героі, дакладней, гераіні гэтага тэлепраекта - жанчыны, якія не проста камплексуюць з-за ўласнай знешнасці, але ўжо шмат гадоў фізічна і псіхалагічна пакутуюць з-за складаных дыягназаў, генетычных праблем або цяжкіх хвароб... Адмысловая "Каманда выратавання", у якую ўвайшлі вядомыя эстэтычныя, рэканструкцыйныя і пластычныя хірургі, вопытны псіхатэрапеўт і стыліст-іміджмейкер, з імпэтам возьмецца нават за самыя няпростыя выпадкі і дапаможа ўдзельніцам медыцынскага рэаліці не толькі выправіць іх вонкавыя недахопы і вярнуць страчаную некалі прыгажосць, але і змяніцца ўнутрана, паверыць ва ўласныя сілы - і літаральна пачаць жыццё з чыстага ліста.

Вікторыя ЗАХАРАВА.

Документация