Тое, што з намі было

Тое, што з намі было

25.07.2014

<div><i>"Звязда", 25 ліпеня 2014 г.</i></div>Першую сусветную тыя, хто яе перажыў, называлі "Вялікай еўрапейскай вайной"

"Звязда", 25 ліпеня 2014 г.


Першую сусветную тыя, хто яе перажыў, называлі "Вялікай еўрапейскай вайной" 
28 ліпеня на тэлеканале "Беларусь 1" стартуе цыкл хранікальна-дакументальных фільмаў "Вялікая вайна", прымеркаваны да 100?годдзя пачатку Першай сусветнай. Аўтары праекта паспрабавалі паказаць падзеі таго часу "вачамі відавочцаў" і "не згубіць чалавека".

- Нашы веды пра тую вайну часцей за ўсё зводзяцца да некалькіх дат, а што было паміж імі, мала хто ведае. Але для Беларусі тая вайна - адна з найважнейшых вех у гісторыі. Таму мяне як гісторыка цікавіла, што ж там насамрэч адбывалася,?- дзеліцца аўтар і кіраўнік праекта, аўтар сцэнарыя Ксенія Луцкіна.?- Самым складаным падчас працы было "ўкласці" падзеі аднаго года ў 39 хвілін. Вельмі цяжка было эмацыянальна, таму што, напрыклад, ваенных пахаванняў таго часу на Беларусі вельмі шмат. Нам вядома каля трохсот. І вось уявіце, мы сваімі нагамі прайшлі фактычна за год іх усе.

Вайна 1914-1918 гадоў - першы канфлікт, у які было ўцягнута насельніцтва практычна ўсяго свету. 38 дзяржаў, 4 тысячы кіламетраў фронту, 7?350?000 чалавек, мабілізаваных у армію, 20 мільёнаў параненых і амаль 10 мільёнаў забітых, а яшчэ больш за 5 мільёнаў загінулых ад голаду і эпідэмій сярод мірнага насельніцтва. Лічбы самі па сабе жудасныя, а за імі стаяць гісторыі забытых герояў, іх лёсы і боль. Сама назва "Першая сусветная" з'явілася ў гістарыяграфіі толькі ў 1939 годзе, пасля пачатку Другой сусветнай. У ваенны і пасляваенны перыяд яе называлі "Вялікай вайной", "Вялікай Айчыннай", "Вялікай еўрапейскай вайной" - гэтыя назвы паказваюць стаўленне насельніцтва да падзей таго часу...

- Мне здаецца, што гэта была апошняя высакародная вайна. Калі з палоннымі абыходзіліся больш-менш па-чалавечы, і праціўнікі практычна па-рыцарску ставіліся адзін да аднаго,?- падзяліўся ўражаннямі пасля прагляду намеснік галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 1" Сяргей Шышко.?- І гэта не галаслоўныя сцвярджэнні. Мой дзед быў у палоне падчас Першай сусветнай. Я неяк убачыў фотаздымак, на якім ён стаіць у афіцэрскай форме з нейкай нашыўкай на грудзях, і пачаў распытваць, дзе ён знаходзіўся тады. Дзед расказаў, што быў у палоне, а месца на фота - бібліятэка. З той вайны ён прывёз падручнік першага расійскага імператарскага тэатральнага мастацтва, які ўзяў на памяць, калі іх вызвалілі. І гэтая кніга захоўваецца ў нас дома. Таму мая сям'я мае непасрэднае дачыненне да гістарычных падзей таго часу.

Аўтары праекта зазначаюць, што гісторый, падобных да вышэйпрыведзеных, было шмат. У нас амаль у кожнай сям'і там ваявалі дзед альбо прадзед. Якую ж памяць пакінула тая вайна ў людзей, як жыло мірнае насельніцтва ва ўмовах баявых дзеянняў і нямецкай акупацыі - гледачы змогуць даведацца ўжо зусім хутка.

Цыкл "Вялікая вайна" складаецца з чатырох серый, кожная з якіх адкрывае невядомыя старонкі гісторыі Першай сусветнай. Першы фільм "Ачышчальная навальніца" распавядае пра пачатак вайны з 28 ліпеня 1914 да 13 жніўня 1915 года: якія захады прымалі для забеспячэння парадку ў той час, пра шпіёнаманію, мабілізацыю, першыя баявыя дзеянні і іх удзельнікаў-беларусаў. Другі фільм "Вялікі выхад" пакажа перыяд з 14 жніўня 1915 года да пачатку 1916?га. Гледачы ўбачаць жыццё пад акупацыяй, даведаюцца пра тактыку "выпаленай зямлі" і пра тое, як пачыналася працяглая акопная вайна. Фільм "Вайна акопаў" пакажа супрацьстаянне праціўнікаў, калі нават сапёрная рыдлёўка стала зброяй. Стваральнікі праекта правядуць нас па месцах ваенных змаганняў і пакажуць сляды "акопнай вайны". У чацвёртым фільме "Крах імперый" аўтары задаюцца пытаннем: ці пачыналі б манархі тую вайну, калі б загадзя ведалі, які лёс іх чакае пасля яе завяршэння? Ці былі ў ёй пераможцы і пераможаныя?..

У фільме часткова прысутнічае рэканструкцыя. З ёй дапамагалі ўдзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба "Грэнадзёр". Вось што расказвае яго кіраўнік Аляксандр Буранко пра ўдзел у аднаўленні ваенных падзей:

- Нават штыкавая атака, калі ведаеш, што і зарады халастыя ў праціўніка, і ў форме нямецкіх салдат такія ж беларусы, як мы, - усё роўна працэс вельмі эмацыйна перажываецца. Тая вайна была вельмі жорсткай у дачыненні да салдат, і яны былі там безабароннымі. Іх труцілі газамі, не было належнай абароны ад авіяцыі. Таму, перажываючы тое, праз што ім даводзілася праходзіць, адчуваеш і страх, і жудасць. Пачынаеш сапраўды разумець, колькі забыта сапраўдных герояў той вайны.

Прэм'ера хранікальна-дакументальнага цыкла "Вялікая вайна" адбудзецца 28 ліпеня ў 21:45 на тэлеканале "Беларусь 1".

Алена ДРАПКО.