Тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі пачнуць вяшчанне ў HD-фармаце

22.09.2017

"Звязда"

Тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі пачнуць вяшчанне ў HD-фармаце высокай дакладнасці з шырокім экранам 16:9 ужо з першага квартала наступнага года.

Першыя больш якасную і яркую "карцінку" прымуць гледачы Мінска і сталічнай вобласці, а ўжо да восені 2018 года медыяхолдынг плануе распаўсюдзіць тэлебачанне фармату HD на ўсе рэгіёны нашай краіны.

Цяпер, як расказалі "Звяздзе" ў Белтэлерадыёкампаніі, праходзяць работы па забеспячэнні тэхнічнай магчымасці палепшанага вяшчання і назапашванне тэлепрадукту адпаведнай якасці. Неўзабаве ў HD-фармаце можна будзе ўбачыць не толькі інфармацыйна-аналітычныя праграмы і забаўляльныя перадачы, але таксама дакументальныя і мастацкія фільмы. Пры гэтым, адзначаюць прадстаўнікі медыяхолдынга, аператары электрасувязі захаваюць і версіі вяшчання ў стандартным фармаце, які будзе даступны гледачам эфірнага вяшчання DVB-T, DVB-T2, кабельных сетак і інтэрнэт-тэлебачання ZАLА.

Вікторыя ЗАХАРАВА.