15.03.2019
"Рэспублiка" 

Продемонстрировать свои способности снова приглашают молодых музыкантов и певцов.
Першы нацыянальны канал Беларускага радыё зноў шукае адораных дзяцей, юнакоў і дзяўчат. Ідзе прыём заявак на ўдзел у VIII Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе "Маладыя таленты Беларусі". Запрашаюць маладых людзей ва ўзросце ад 10 да 21 года, навучэнцаў музычных школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, удзельнікаў студый, студэнтаў ВНУ. Часу на разважанні няшмат. Да пачатку творчага спаборніцтва засталося паўмесяца. Пра будучы конкурс - гутарка з аўтарам праекта, загадчыкам аддзела музычнага вяшчання Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Таццянай Якушавай.

- Таццяна, ці ёсць цікавасць да конкурсу?

- Так, яна заўсёды вялікая, і колькасць жадаючых удзель¬нічаць штогод усё большая. Конкурс лічаць прэстыжным, актуальным. Падчас яго ідзе сур’ёзнае творчае спаборніцтва, вынікі ацэньвае кампетэнтнае журы. Іграе сваю ролю і тое, што пераможцы атрымліваюць заахвочванні спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы та¬ле¬навітай моладзі. Напрыклад, летась 20 лаўрэатаў атрымалі гэтыя пачэсныя стыпендыі і прэміі. Яшчэ адно тлумачэнне - наш конкурс - сацыяльны праект, для ўдзелу ў ім выканаўцы не робяць нейкіх узносаў. Думаю, гэта таксама даволі важны нюанс.

- Колькі ўдзельнікаў чакаеце зараз?

- Не менш за 300 - дакладна, бо так было і ў мінулыя гады. Хаця і асабліва рэкламы не даём. Толькі аб’явім па радыё - пагалоска адразу ідзе. Тэлефануюць нават з восені: ці будзе конкурс зноў і калі пачнецца?

- Конкурс праходзіць па шасці намінацыях. Якая самая папулярная?

- Безумоўна, эстрадны вакал. Але трэба адзначыць, штогод становіцца больш удзельнікаў-інструменталістаў. Гэта сведчыць пра тое, што маладым выканаўцам, прадстаўнікам акадэмічных жанраў, не хапае выхаду да публікі, конкурс для іх - своеасаблівае акно ў свет, бо сур’ёзных творчых спаборніцтваў для маладых акадэмічных музыкантаў не так многа ў краіне. Ёсць цікавасць і да фальклорнай намінацыі. Яна існуе толькі некалькі гадоў і ўзнікла невыпадкова. Эстрадныя выканаўцы часта звяртаюцца да народных песень, імкнуцца да спалучэння жанраў, да таго ж фальклор - тое, па чым нас пазнаюць у свеце. Таму, лічым, развіццю гэтага кірунку неабходна надаваць асаблівую ўвагу, і вітаем зварот да беларускага фальклору, спалучэнне яго з нейкімі этнічнымі музычнымі традыцыямі іншых народаў свету, заахвочваем пошукі творчай моладзі ў гэтай галіне.

- Радыёконкурс - гэта нейкія асаблівасці ў арганізацыі?

- Адной з галоўных, відаць, можна назваць тую, што паўфінал і фінал конкурсу праходзяць у Вялікай студыі Дома радыё. Акрамя таго, што там цудоўныя ўмовы, гэта асаблівае, намоленае для музыкантаў месца, якое многія гады было і застаецца эпіцэнтрам творчых сустрэч. Тут штодня і сёння робяць запісы беларускія і замежныя музыканты. Практычна ўсе знакавыя беларускія калектывы і салісты прайшлі праз яе, асабліва ў 1970-1990-я гады. Тады ў краіне яна была, бадай, адзінай студыяй, дзе рабілі высакаякасныя прафесійныя запісы. Таму само гэтае месца спрыяе творчаму настрою сённяшніх маладых выканаўцаў.

- Як перамагчы? Якія галоўныя патрабаванні да канкурсантаў?

- Сакрэту перамогі няма: трэба выйсці і паказаць, на што здольны. Я заўсёды кажу: наш конкурс - гэта найперш конкурс творчых асоб, і няважна - ты спяваеш ці іграеш на якім з музычных інструментаў. Галоўнае - як ты гэта робіш, што стаіць за тваім выкананнем: харызма, асоба, прафесіяналізм. Па шматлікіх параметрах пераможца вызначаецца. Кожны раз перад журы складаная задача стаіць, асабліва ў фінале, калі спаборнічаюць лепшыя з лепшых. Але кожны раз гэта і радасць новых адкрыццяў.

- Хто, дарэчы, у суддзях сёлета?

- Узначальвае журы кампазітар Леанід Захлеўны. Дапамагаць яму будуць кампазітар Алена Атрашкевіч, дырыжор Аляксандр Сасноўскі, вядомыя педагогі і музыканты - флейтыстка Святлана Сітнікава і піяністка Вераніка Сахарава. У журы таксама папулярная спявачка Жанет і прадзюсар Леанід Шырын. Судзейская каманда прадстаўнічая і кампетэнтная.

- Конкурс праводзіцца ў восьмы раз. Напэўна, склаліся ўжо нейкія традыцыі?

- Адна з іх - практычна ўсе маладыя выканаўцы, якіх мы чуем на конкурсах "Еўрабачанне", "Славянскі базар у Віцебску", - нашы выхаванцы. Тая ж Зіна Купрыяновіч - Зена, якая сёлета прадставіць краіну на "Еўрабачанні", двойчы прымала ўдзел у нашым конкурсе, а пазалетась стала ўладальніцай Гран-пры. Адна з першых нашых пераможцаў - заслужаная артыстка Беларусі Алёна Ланская. Магу назваць і яшчэ шэраг вядомых імёнаў. У розныя гады лаўрэатамі і прызёрамі конкурсу "Маладыя таленты Беларусі" станавіліся Юрый Дземідовіч, Раман Валазнёў, Дзіяна Громава, Кірыл Ермакоў, Лідзія Заблоцкая, Надзея Місякова, Аляксандр Мінёнак, Хелена Мерааі. Так што гэты конкурс - пэўны брэнд, запатрабаваны сёння ў творчай моладзі.

Ирина СВИРКО.