28.09.2018

"Рэспублiка"

В новом сезоне "Беларусь 2" расскажет "Семейные истории".

У эфіры тэлеканала "Беларусь 2" стартуе прэм’ерны серыял вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі "Сямейныя гісторыі", створаны ў сучасным папулярным жанры дакументальнай драмы. Тэлегледачам прапануюць убачыць жыццё рэальных людзей і яшчэ раз пераканацца ў тым, што ўсё таемнае становіцца яўным.

Каханне, рэўнасць, здрады, адзінота, злачынства і пакаранне, прыёмныя дзеці, несправядліва падзеленая спадчына - у родавым архіве кожнай сям’і захоўваецца не адзін дзясятак такіх гісторый. Але ўжо ў наступных пакаленнях гэтыя таямніцы могуць праявіцца самым непрадказальным чынам.

Аўтары праекта сумесна з запрошанымі высокакваліфікаванымі спецыялістамі - псіхолагамі, педагогамі, юрыстамі, медыкамі - прапануюць дастаць "шкілеты з шафы" і разабраць іх "па костачках". Бо, паглядзеўшы на праблемы іншых, лягчэй вырашыць уласныя, а часам і зусім пазбегнуць іх.

Штотыдзень тэлегледачы будуць даведвацца пра чарговую сямейную таямніцу, якую героі да пэўнага моманту старанна спрабавалі схаваць.

Так, 2 кастрычніка першая серыя цыкла "Сямейныя гісторыі" прапануе гісторыю звычайнай на першы погляд сям’і: маці, бацька і дачка-падлетак. Дачка да хрыпаты спрачаецца з бацькам пра выбар прафесіі, якую той не прымае, маці спрабуе прымірыць ваюючыя бакі. Усё, як ва ўсіх, але чарада выпадковасцей выкрывае таямніцу, якую маці захоўвала 16 гадоў. Таямніцу, якая здольная перавярнуць усё іх жыццё. Узаемныя падазрэнні, папрокі і незадаволенасць выліваюцца ў падзеі, якія паставілі пад пагрозу жыццё дачкі...

Аўтар і кіраўнік праекта Ксенія Луцкіна:

- Кожны фільм цыкла - гэта асобная, скончаная, рэальная гісторыя. Мы нічога не прыдумваем, у гэтым няма патрэбы: жыццё часам падкiдвае настолькі закручаныя сюжэты, што фантазіі сотні сцэнарыстаў не хапіла б на такія павароты.

Дарэчы, жыццёвымі сюжэтамі з творчай групай серыяла могуць падзяліцца ўсе жадаючыя. Для гэтага неабходна адправіць сваю сямейную гісторыю на электронную пошту istoriisemejnye@gmail.com. Лепшыя і самыя захапляльныя абавязкова экранізуюць!

Ірына ЮР’ЕВА.