Сёння стане вядомы прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні-2019"

07.03.2019
По сообщению zviazda.by

Сёння стане вядомы прадстаўнік Беларусі на конкурсе песні "Еўрабачанне-2019". Фінал нацыянальнага адборачнага тура конкурсу пачнецца ў 22.00, паведаміла кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская.
Па выніках жараб'ёўкі канкурсанты выйдуць на сцэну ў наступным парадку: Michael Soul, ЗЕНА, Ева Коган, Эмануэль Імагбе, Sebastian Roos, Алёна Гарбачова, "PROвакацыя", "Аўра", NAPOLI, КейСі. "Усе фіналісты ўжо апрабавалі сцэну ў час індывідуальных рэпетыцый. Учора прайшоў генеральны прагон у касцюмах, сёння днём адбудзецца генеральны прагон у рэжыме прамога эфіру. Фінал пачнецца ў 22.00 і будзе трансліравацца са студыі "600 метраў" у прамым эфіры на пяці платформах медыяхолдынга. У прыватнасці, яго можна будзе ўбачыць у прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24" і ў рэжыме online на сайце медыяхолдынга tvr.by. Прамую трансляцыю шоу таксама будзе весці радыёстанцыя "Радыус FM" на хвалі 103,7 FM і на сайце radiusfm.by", - расказала Святлана Смалонская-Краскоўская.

Вядучымі шоу стануць Вольга Рыжыкава і Тэа. "У бягучым годзе на фінале нацыянальнага адбору, як і на самім міжнародным конкурсе, будзе спецыяльна абсталявана Green Room, дзе вядучая будзе размаўляць з фіналістамі" ,- адзначыла кіраўнік прэс-службы.

Яна нагадала, што ў гэтым годзе пераможца нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2019" вызначыцца па выніках галасавання прафесійнага журы. Галасаванне будзе праходзіць публічна, свае ацэнкі суддзі апублікуюць пасля выступлення кожнага з 10 фіналістаў. Канкурсант, які набярэ найбольшую колькасць балаў, аб'яўляецца пераможцам нацыянальнага адборачнага тура і становіцца афіцыйным прадстаўніком Беларусі для ўдзелу ў міжнародным конкурсе. Па традыцыі пераможца атрымае спецыяльную ўзнагароду - стылізаванае "еўравізійнае" сэрца, вырабленае шклозаводам "Нёман".

• Конкурс песні "Еўрабачанне-2019" пройдзе ў маі ў Тэль-Авіве (Ізраіль). Паўфіналы пройдуць 14 і 16 мая, фінал - 18 мая. Афіцыйны прадстаўнік нашай краіны выступіць у першай частцы першага паўфіналу. Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу конкурсу традыцыйна будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы "Беларусь 24".

• Арганізацыю і правядзенне нацыянальнага адборачнага тура да міжнароднага конкурсу "Еўрабачанне" ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў краіне член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.