Сёння - фінал нацыянальнага беларускага адбору на "Еўрабачанне-2017"

20.01.2017

"Звязда"

Хто пазмагаецца за пуцёўку на міжнародны конкурс?

"Звязда"

Хто пазмагаецца за пуцёўку на міжнародны конкурс?

Набліжаецца да развязкі чарговая тэлевізійна-музычная меладрама пад назвай "нацыянальны беларускі адбор на конкурс песні "Еўрабачанне". У прамым эфіры 20 студзеня па выніках гала-канцэрта тэлегледачы і прафесійнае журы выберуць таго, хто прадставіць сёлета Беларусь на міжнародным конкурсе ў Кіеве. На тытул пераможцы, нагадаем, прэтэндуюць 13 фіналістаў. А паколькі імёны многіх з іх мала што гавораць шырокай публіцы, "Звязда" склала невялікі ілюстраваны даведнік, хто сабой што ўяўляе, аб чым спявае і куды імкнецца. Такім чынам, прадстаўляем сёлетніх кандыдатаў у парадку выступлення на конкурсе:

1. ИЮЛЬ (Юлія Каранюк) - Сhіldrеn оf thе wоrld

25-гадовую ўраджэнку Драгічына некаторыя памятаюць па тэлепраекце "Акадэмія талентаў 4" на АНТ. Дзяўчына некалькі гадоў спрабавала пачаць сольную кар'еру, але ўсё нешта не складвалася. Другое дыханне спявачка набыла з дапамогай прадзюсарскага цэнтра Jасkроt, заснавальнікі якога - саліст гурта "Чук і Гек" Дзмітрый Фаміч і тэлевядучая Ксенія Дзюкава-Фаміч - прапанавалі Юлі новае сцэнічнае імя, вобраз і рэпертуар. Спецыяльна для "Еўрабачання" была напісана песня Сhіldrеn оf thе wоrld з празрыстым заклікам да інтэрнацыянальнага сяброўства і міру ва ўсім свеце, паколькі "ўсе мы - дзеці адной зямлі".

Сярод пераваг Юлі Каранюк - байцоўскі характар, загартаваны 10 гадамі тэквандо (у спявачкі чорны пояс), выдатнае валоданне англійскай і падрыхтаваныя для фіналу "фішкі", сярод якіх відэаінсталяцыя і вялікі бубен дыяметрам 1,5 метра.

2. Аляксандра Ткач - Bе strоngеr

Мінчанка Саша Ткач, яна ж спявачка Lеху Wеаvеr - самая юная фіналістка не толькі сёлетняга адбору, але і ўсіх папярэдніх - дзяўчыне ўсяго 16 гадоў, яна навучэнка адной са сталічных гімназій. Зрэшты, за плячыма ў юнай артысткі ўжо добры дзясятак музычных конкурсаў у Беларусі, Расіі, Літве і Украіне, вопыт удзелу ў прыбалтыйскім і польскім шоу "Голас". Акрамя таго, дзяўчына дыстанцыйна вывучае музычнае прадзюсіраванне ў амерыканскім каледжы, а ў перспектыве плануе працягваць сцэнічную кар'еру менавіта на Захадзе.

Конкурсную песню Саша напісала сама, і прысвечана кампазіцыя не першаму каханню, як падумалі некаторыя, а, калі можна так сказаць, юнацкаму імпэту, стойкасці духу і жаданню стаць мацнейшым, нягледзячы на ўсе выпрабаванні.

3. Уладзіслаў Курасаў - Fоllоw thе рlау

21-гадовы ўраджэнец Брэста практычна ўсё свядомае жыццё правёў у суседняй Украіне, а таму лічыцца "ўкраінскім выканаўцам беларускага паходжання". У яго актыве - некалькі мастацкіх школ і тэатральных студый, удзел у тэлешоу "Хвіліна славы", "Зорны рынг" і "Х-Фактар 2", запіс 5 відэакліпаў і сольнага альбома, а таксама леташні праход у паўфінал украінскага нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2016".

Песня, якую напісаў сам Уладзіслаў, - аўтабіяграфічная: "Уявіце, што сустракаеш чалавека, у адносінах да якога раней перажываў шалёныя пачуцці, і раптам разумееш, што ўсё мінула. І цяпер можна "згуляць у каханне" проста дзеля ўспамінаў пра былыя пачуцці - ператварыць колішнюю драму ў фарс".

4. Гурт Nаvі - "Гісторыя майго жыцця"

Радыёвядучаму, музыканту Арцёму Лук'яненку і педагогу па вакале Ксеніі Жук менш як 50 гадоў на дваіх, а яны ўжо ў добрым сэнсе нарабілі шуму, і не толькі на айчыннай эстрадзе. За чатыры гады існавання Nаvі атрымалі нацыянальную музычную прэмію "Ліра", перамаглі ў некалькіх міжнародных конкурсах, выпусцілі дзве пласцінкі, спадабаліся расійскім тэлеканалам і запісалі сумесную песню з модным расійскім пісьменнікам Яўгенам Грышкаўцом.

Песня "Гісторыя майго жыцця" вылучаецца мілагучнасцю і непадробнай шчырасцю - бо напісана пра любоў да землякоў і роднай краіны. Дуэт марыць прадставіць родную краіну на "Еўрабачанні" на беларускай мове. Аднак гэта не адзіная і далёка не галоўная іх мэта: акрамя выступлення ў фінале адбору, артысты прэзентуюць свой новы альбом "Ілюмінацыя".

5. Іsаас Nіghtіngаlе (Вадзім Капусцін) - Rеd Lіnе

Масквіч Вадзім Капусцін, які апошнія некалькі гадоў жыве і працуе ў Лос-Анджэлесе, - самы ўзроставы ўдзельнік у фінале нацыянальнага адбору. "Салаўю" Айзэку Найцінгейлу (пад такім псеўданімам працуе цяпер Вадзім) 43 гады, і ў яго творчай скарбонцы - праца ў Берлінскім камерным тэатры, 12 гадоў спеваў у папулярным джазавым гурце, удзел у тэлешоу "Голас-5" і падрыхтоўка сольнага альбома. На адбор у Мінск, як сцвярджае Вадзім, яго прывялі беларускія карані бацькі і сябры-музы́кі з нашай краіны.

Песня Rеd lіnе, паводле слоў артыста, - пра тое, што мы (Еўропа. - Аўт.) падышлі да нябачнай і небяспечнай рысы, за якой чакае цэлы шэраг вострых праблем, і наспеў час іх вырашаць. Карацей кажучы, гэткі музычна-кан'юнктурны заклік да міру, ладу і супрацоўніцтва.

6. Kаttіе (Кацярына Рудніцкая) - Wіld wіnd

Выпускніцы Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў давялося папрацаваць некалькі гадоў у караоке-барах вядучай і бэк-вакалісткай, каб пазбавіцца боязі сцэны і публікі. Цяпер у 24-гадовай спявачкі ёсць упэўненасць у сабе, вопыт удзелу ў конкурсах і патрэбныя знаёмствы ў музычным свеце.

Песня Wіld wіnd, напісаная шведскімі аўтарамі Аndеrs Hаnssоn і Shаrоn Vаughn, пры вонкавым падабенстве да рамантычнай балады насамрэч прысвечаная ахвярам тэрактаў і заклікае да супрацьстаяння гвалту і болю, што нясуць ваенныя канфлікты па ўсім свеце.

7. Nutеkі - Tаkе mу hеаrt

27-гадовы рокер Міхаіл Накарашвілі з калегамі - можна сказаць, ветэраны беларускага адбору, для іх гэта ўжо чацвёртая спроба прарубіць музычнае акно ў Еўропу. Хоць гурт і без таго не скардзіцца на незапатрабаванасць - за 10 гадоў хлопцы выпусцілі 3 студыйныя альбомы і 13 кліпаў, шмат гастралявалі па СНД і Еўропе, запісвалі песні да кінафільмаў.

Песня Tаkе mу hеаrt закранае вечную тэму пошукаў маральных арыенціраў і сапраўдных каштоўнасцяў, выбару паміж правільным і памылковым. У кампазіцыі зусім нядаўна з'явілася беларускамоўная версія "Так кахаць" - і, магчыма, яна часткова або цалкам прагучыць на сённяшнім канцэрце.

8. Nароlі - Lеt's соmе tоgеthеr

Яшчэ адзін пастаянны ўдзельнік нацыянальнага адбору, які з гурта паступова ператварыўся ў сольны праект выпускніцы ўніверсітэта культуры Вольгі Шыманскай. Чатыры гады запар Nароlі траплялі ў фінал адбору на "Еўрабачанне", кожны раз прадстаўляючы новы вобраз і гучанне.

Песня Lеt's соmе tоgеthеr - вынік творчасці брытанца Майкла Джэймса Даўна, славенца Прыможа Паглаена і шведа Нікласа Хаста, аранжыроўку ж зрабіў беларус Антон Саладуха (сын Аляксандра Саладухі). Па сутнасці, гэта просты і аптымістычны заклік аб'яднацца, каб разам ісці наперад і пераадолець усе цяжкасці. У песні таксама ёсць беларускамоўныя версіі. Дакладней, як расказала "Звяздзе" спявачка, іх ужо больш як 12: "Мы звярнуліся ў сацсетках да прыхільнікаў, але, па шчырасці, я не думала, што столькі людзей адгукнецца на прапанову стварыць варыянт песні на роднай мове. Ёсць вельмі цікавыя тэксты і, магчыма, мы запішам нават некалькі варыянтаў, каб пазней выконваць іх на канцэртах і ў Беларусі, і за межамі нашай краіны".

9. Мікіта Ходас - Vоісеs іn mу hеаd

19-гадовы ўраджэнец Гомеля - настолькі "хлопец з народа", што дзіву даешся, як гэта яго занесла на "Еўрабачанне". Юнак са шматдзетнай сям'і, які працуе мыйшчыкам посуду ў сталічным рэстаране і спявае ў пераходах не толькі дзеля ўласнага задавальнення, але і каб зарабіць на жыццё, а разам з тым займаецца музыкай і не пакідае мары стаць прафесійным артыстам. Дапамагае яму ў гэтым педагог па вакале Святлана Гарбаценка і невялікая творчая каманда аднадумцаў.

Як няцяжка здагадацца, конкурсную песню хлопец напісаў сам - гэта і ёсць яго жыццёвая гісторыя, пакладзеная на музыку. Ніякіх фішак і спецэфектаў Мікіта не абяцае, хоча зачапіць слухачоў шчырасцю і быць сабой.

10. Анжаліка Пушнова - Wе shоuld bе tоgеthеr

19-гадовай мінчанцы, мабыць, было наканавана стаць спявачкай - нездарма бацькі нават імя ёй далі ў гонар спявачкі і актрысы Анжалікі Ялінскай. На рахунку маладой артысткі - некалькі музычных прэмій і конкурсаў, у тым ліку беларуская "Песня года". Але да "Еўрабачання", прызнаецца дзяўчына, яна прыйшла не па слядах старэйшай цёзкі, а пад уражаннем ад канцэрту шведскага адбору Mеlоdіеfеstіvаlеn. Да таго ж сябар Кірыл Ермакоў (пастаянны ўдзельнік адбораў на дзіцячае "Еўрабачанне" і фіналіст леташняга адбору на "дарослы" конкурс) прапанаваў сваю песню - на думку Анжалікі, вельмі "еўравізійную".

Пасыл кампазіцыі зразумелы ўжо з самой назвы - "Мы мусім быць разам, нягледзячы ні на што". Дарэчы, заклік да таго, каб быць разам, гучыць у трох з 13 песень сёлетніх фіналістаў беларускага адбору.

11. Анастасія Шэвярэнка - Wе'll bе tоgеthеr

Музычная студыя, конкурсы патрыятычнай песні, тэлепраекты "Крутыя рабяты" і "Акадэмія талентаў" - пасля ўсяго гэтага 24-гадовая спявачка магла папоўніць шэрагі беларускіх поп-артыстаў, але аддала перавагу джазу, соўлу і рабоце з жывой музыкай у клубах ды рэстаранах. Уласна, там яе сустрэў прадзюсар Максім Алейнікаў і прапанаваў сваю песню і падтрымку для адбору на "Еўрабачанне".

На праслухоўванні лірычная кампазіцыя пра каханне пераканала суддзяў - а да гала-канцэрту прадзюсар і спявачка абяцаюць яе максімальна дапрацаваць і палепшыць.

12. Lеrmоnt х Julіс - Hеаrtbеаt

Васіль Сялішчаў і Антон Рубацкі, якія стаяць за сцэнічнымі імёнамі Lеrmоnt і Julіс, на прафесійнай сцэне ўжо далёка не першы год. Васіля-Лермонта слухачы могуць памятаць па гурце "Август", ён жа "Альбіён", ён жа "Лермонт", чый дэбютны кліп "Мінімум рэзкасці" стаў найлепшым музычным відэа 2010 года, Антона прыхільнікі ведаюць па гуртах Dаlі і Rоstаnу.

Абодвум музыкам пад 30 - і ім ёсць што сказаць публіцы. Так, конкурсная песня Hеаrtbеаt прысвечана свабодзе і каханню, сэрцабіццю ва ўнісон, якое аб'ядноўвае самых розных людзей. Дарэчы, прадставіць яе на беларускім адборы хлопцам параіў удзельнік "Еўрабачання-2014" Tэа.

13. Гурт "РRОвокация" - Mу lоvе

Марк Войтка і Арцём Саладуха працуюць у Маладзёжным тэатры эстрады, вучацца ва ўніверсітэце культуры на вакалістаў, але фактычна з'яўляюцца падапечнымі прадзюсара Анатоля Чэпікава, які два гады таму і зляпіў з хлопцаў дуэт. Ён жа падрыхтуе іх да "Еўрабачання" - а калі тут не пашанцуе - то да адбору на наступны конкурс "Новая хваля".

Тэкст да песні, дарэчы, напісаны навучэнцам духоўнай семінарыі і расказвае не столькі пра каханне, колькі пра любоў у шырокім сэнсе - як стваральнае пачуццё і тое, што нас аб'ядноўвае.

Фінальны гала-канцэрт будзе трансліравацца ў прамым эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24" і анлайн на сайце tvr.bу. У шоу, акрамя прэтэндэнтаў, выступяць спецыяльныя госці - Тэа, Юзары і Іvаn, якія ў розны час прадстаўлялі Беларусь на конкурсе, і некалькі яркіх канкурсантаў з сёлетняга адбору.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Документация