Сёлета "Тэлебарометр" адзначыў 20-годдзе

30.06.2017
"Звязда"

Усё ж надвор'е - тэма не толькі вечная, але і карысная. Вось так пачуеш у адной са сталічных кавярняў абмеркаванне лета, прыгледзішся - а гэта Дзмітрый Карась запісвае чарговы выпуск "Тэлебарометра".

"Звязда"

Усё ж надвор'е - тэма не толькі вечная, але і карысная. Вось так пачуеш у адной са сталічных кавярняў абмеркаванне лета, прыгледзішся - а гэта Дзмітрый Карась запісвае чарговы выпуск "Тэлебарометра".

Праграма, якая даўно ператварылася з метэапрагнозу на тыдзень у калейдаскоп цікавых навін і фактаў, - адзін са старажылаў айчыннага ТБ, бо сёлета "Тэлебарометр" адзначыў 20-годдзе. Але, запэўнівае творчая група, з цягам часу тэм для размоў менш не стала: "Гэта толькі здаецца, што пра беларускі клімат мы ўсё ведаем - штораз здараюцца цікавыя адкрыцці".

Прыслухоўваюся, пра што распавядаюць госці чарговага выпуску праграмы. Напрыклад, кандыдат біялагічных навук з БДПУ Ганна Свірыд расказвае захапляльныя гісторыі пра водарасці, што ў перспектыве змогуць замяніць і хлеб, і масла, вопытныя фларысты вучаць складаць букет "па навуцы", а арганізатар купальскага фэсту "Свята сонца" Васіль Грыбоўскі ўспамінае аб прызабытай ўжо варажбе на трыпутніку. Зрэшты, пра гэта і многае іншае гледачы даведаюцца ўжо ў наступную нядзелю.

- Я сам не думаў, што будзе так цікава, - прызнаецца ў перапынку Дзмітрый Карась (ён вядзе "Тэлебарометр" з 2014 года. - Аўт.). - Паколькі, набыўшы дом у вёсцы, вельмі часта там бываю, цяпер тэмы надвор'я, прыроды і экалогіі сталі для мяне надзвычай важнымі. Пакуль жыву на два дамы, але мару нарэшце перабрацца ў вёску канчаткова, таму як будучы сельскі жыхар цікаўлюся пасадкамі, доглядам за раслінамі. Пахвалюся: дзякуючы гасцям праграмы ў маім гародзіку растуць 10 кустоў бульбы, з якіх два сарты з'явяцца на прылаўках толькі налета! І хоць дагэтуль не магу запомніць, якімі ўгнаеннямі што апрацоўваць, але лічу гэта не надта патрэбным - няхай лепш ураджай будзе экалагічна чыстым.

- Як спраўляецеся з роляй жывога метэадаведніка?

- Пра надвор'е ў мяне цікавяцца пастаянна, - смяецца вядучы. - А яшчэ падыходзяць з пытаннем: "Гэта ж вы пераехалі на вёску?" І я нястомна паўтараю, што гэта не вельмі складана, не вельмі дорага, і нават працы не так шмат, як здаецца. Трэба проста псіхалагічна настроіцца, што ты не выканаеш усё сёння, нешта даробіш заўтра, і атрымліваць асалоду ад вясковага жыцця. Вось я сёлета ўпершыню ўпадабаў праполку - у дзяцінстве цярпець не мог, а цяпер, напэўна, дарос.

Як і раней, гледачы пільна сочаць за "Тэлебарометрам": адны дасылаюць фотаздымкі сваіх кветнікаў і градаў, другія дзеляцца прыроднымі назіраннямі і метэапрыкметамі. Асабліва верныя прыхільнікі "разбіраюць па костачках" кожны выпуск і нават прысвячаюць праграме вершы. Творчая група ў адказ стараецца трымаць узровень. Дарэчы, дзелімся прагнозам на будучыню: ужо ў верасні праграма абновіцца: "Тэлебарометр" стане больш глянцавым і, акрамя навін, фактаў, сустрэч з навукоўцамі, прапануе гледачам падборкі "вакол надвор'я" з усяго свету.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Читайте также

Документация