21.06.2019
"Рэспублiка" 

На телеканале "Беларусь 1" расскажут про операцию "Багратион" и ее героев.
Тэлеканал "Беларусь 1" і Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі пачынаюць цыкл міжпраграмных ролікаў "17 імгненняў вайны", кожны з якіх раскажа пра падзеі 75-гадовай даўніны.

23 чэрвеня 1944 года пачалася беларуская стратэгі¬чная наступальная аперацыя "Баграціён". У летапісе Вялікай Айчыннай вайны яна займае асобнае месца. Па смеласці задумы і якасці падрыхтоўкі, па размаху і ваенна-палітычных выніках аперацыя стала адной з выдатнейшых бітваў Другой сусветнай вайны. Паражэнне групы нямецкіх армій "Цэнтр" у Беларусі ператварылася ў катастрофу для фашысцкай Германіі. Савецкія войскі разбілі больш чым мільённую групоўку нямецка-фашысцкіх войскаў, выгналі акупантаў з тэрыторыі нашай краіны, вызвалілі частку Прыбалтыкі, Польшчы і падышлі да меж Усходняй Прусіі. Былі створаны спрыяльныя ўмовы для нанясення завяршальных удараў па ворагу і канчатковага яго разгрому. Тысячы воінаў Чырвонай Арміі змагаліся за беларускую зямлю як за родны край. Больш за 1600 з іх былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Новыя відэаролікі раскажуць пра 17 дзён гэтай аперацыі і подзвіг канкрэтных людзей, якія ўжо ў 18-20 гадоў сталі Героямі Савецкага Саюза. Адлюстраваць падзеі 75-гадовай даўніны журналістам АТН дапамогуць рэдкія фотаздымкі, хранікальныя дакументы і асабістыя рэчы герояў з фондаў Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Па словах аўтара праекта "17 ім¬гненняў вайны" журналіста АТН Алены Борматавай, кожная серыя будзе складацца з дзвюх частак, якія змяшчаюць як зводкі Савінфармбюро аб вызваленых тэрыторыях у гэты дзень, так і асабістыя гісторыі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай. У роліках спецыяльна выкарыстоўвалі розныя закадравыя галасы: мужчынскі тэмбр - для агучвання афіцыйнай інфармацыі і жаночы кранальны - каб перадаць трапятлівасць перажыванняў за герояў.

У першым відэароліку будуць паказаны падзеі 21 чэрвеня 1944 года, за два дні да пачатку аперацыі "Баграціён". Спачатку гледачы пачуюць зводкі з франтоў і ўбачаць адпаведную графі¬ку, а пасля пазнаёмяцца з лёсам зна¬ка¬мі¬тага ўра¬джэнца Жо¬дзіна Пятра Купрыянава.

Пётр Ку¬прыя¬наў зма¬гаўся з ня¬мецка-фашысцкімі захопнікамі ў партызанскай брыгадзе "Разгром" Мінскай вобласці, потым - у радах Чырвонай Арміі. Загінуў 18-гадовым у лістападзе 1944-га пры вызваленні Латвіі. Паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава, закрыўшы грудзьмі амбразуру варожага дзота. Пасмяротна яфрэйтару Пятру Купрыянаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Пры стварэнні першага роліка здымачная група АТН пабывала ў Смалявіцкім раёне, дзе Пётр Купрыянаў, вяртаючыся з задання, разам з таварышамі-партызанамі выратаваў ад фашыстаў дзясяткі мірных жыхароў і збярог ад спалення некалькі вёсак. У кадры таксама з’явіцца манумент маці-патрыётцы, якая праводзіць сваіх дзяцей на фронт, устаноўлены ў Жодзіне. Правобразам для помніка-сімвала стала Анастасія Купрыянава -  маці пяці сыноў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Малодшы з іх - Пётр Купрыянаў. Яго фігура на пастаменце разам з братамі і маці.

У іншых серыях гледачы "Беларусь 1" падрабязней даведаюцца пра подзвіг 21-гадовага Героя Савецкага Саюза Барыса Акрэсціна, пра адзіны ў гісторыі вайны таран танкам бронецягніка і іншыя не менш захапляльныя гісторыі.

Прэм’ера цыкла міжпраграмных ролікаў "17 імгненняў вайны" адбудзецца 21 чэрвеня адразу пасля "Панарамы".

Ірына ЮР’ЕВА.