Сядзі і глядзі. Фільмы, якія нельга глядзець спакойна

08.05.2020
По сообщению zviazda.by 

Кожны фільм, дзе ў складзе каманды ёсць імя Руслана Туркова ці то ў якасці сцэнарыста, рэжысёра альбо аўтара, можна смела раіць гледачам, якія шукаюць праўдзівага, даставернага і новага падыходу да любой тэмы.
Калі гаварыць пра Вялікую Айчынную вайну, то многія, думаю, згадаюць такія праекты як "Сімвал Перамогі", "За секунду да подзвігу", "Беларусь памятае", фільмы "Яны забівалі анёлаў", "Незабыты подзвіг" і многія іншыя, што ствараліся і ствараюцца камандай АТН Белтэлерадыёкампаніі. Напярэдадні 75-га Дня Перамогі мы распыталі ў Руслана, наколькі складана сёння гаварыць на тэму вайны. 

Праўда і асабісты выбар

- Праекты, у якіх закранаецца і раскрываецца тэма Вялікай Айчыннай вайны, - гэта праца нашай вялікай каманды. Кожны раз хочацца знайсці нейкую навізну і ў фармаце, і ў тым, што мы робім, сказаць тое, чаго яшчэ не гаварылі да нас. І, безумоўна, важная задача - нейкім чынам паўплываць на моладзь, звярнуць яе ўвагу на гісторыю нашай краіны, нагадаць, як кавалі Перамогу іх дзяды і прадзеды... За часы здымак такіх праектаў мне ўдался шмат дзе пабываць. Напрыклад, мы са здымачнай групай АТН шмат былі ў Германіі, Польшчы і іншых краінах, дзе змаглі сустрэцца і наведаць у тым ліку і месцы, якія былі канцэнтрацыйнымі лагерамі. Размаўлялі з відавочцамі тых падзей, з сённяшнімі дырэктарамі музеяў і пра многае даведаліся... Зразумела, здымаючы такія праекты, я шмат сустракаюся і з ветэранамі, якіх становіцца ўсё менш. Памятаю, калі здымалі "Сімвал Перамогі", я размаўляў з ветэранам у Валгаградзе і спытаў у яго: што самае страшнае на вайне? І ён адказаў, што гэта авія- ці мінамётны налёт, калі ты не ведаеш, адкуль прыляціць снарад.

Мы імкнёмся па магчымасці дазнавацца ўсё ад відавочцаў... Над кожным праектам, фільмам працуем так, каб зацікавіць тэмай гледачоў розных пакаленняў. Аўдыторыя вельмі патрабавальная, што трымае нас, тэлевізійнікаў, у тонусе. Падрыхтоўка да здымак заўсёды патрабуе часу, а самі здымкі, нават роліка ў некалькі хвілін, займаюць не адзін дзень. Потым ужо толькі чакаеш, калі скончыцца мантаж і можна будзе ўбачыць вынікі працы. Я патрабавальны да дэталяў і да прафесіяналізму кожнага. Напрыклад, калі мы здымаем выбух, то мне хочацца быць упэўненым, што акцёру не трапіць камень у галаву. Як паказвае вопыт, наша здымачная група на многае гатова дзеля кадра - і танк у студыю прывезці, і патрэбны торф знайсці ці нават акопы капаць. Калі здымалі ролік пра Зінаіду Корж і нам патрэбна была зямлянка, то яе будавалі ўсе разам.

На мой выбар і стаўленне да тэмы паўплываў асабісты вопыт. Я сам выхоўваўся на патрыятычных ваенных фільмах, якія заўсёды паказвалі ў нас напярэдадні 9 Мая. Сваю ролю адыгрывала і школа, дзе праходзілі розныя памятныя мерапрыемствы і аддавалі даніну памяці салдатам, героям, якія ваявалі. Не менш важнае і выхаванне ў сям’і. Два мае дзяды ваявалі і загінулі ў падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Адказнасць і акцэнты

- Перш чым нешта сказаць на тэму вайны, варта пераправерыць інфармацыю дзесяць разоў. Бо з часам у людзей згладжваюцца ўспаміны, нешта падзабываецца, штосьці абагульняецца, а твая задача - данесці гледачу даставерную інфармацыю. У канцэнтрацыйных лагерах у Германіі заўважаў, як, напрыклад, робіцца акцэнт: маўляў, "вось у вайну тут быў канцэнтрацыйны лагер, а пасля адразу лагер НКУС" (пры гэтым не кажуць, што там сядзелі і тыя, хто мучыў вязняў падчас вайны). Ці Асвенцым - толькі некалькі радкоў вы сутрэнеце пра тое, што яго вызвалялі савецкія салдаты, затое абавязкова даведаецеся, як тут знішчалі яўрэяў. Але ж там былі і беларусы, і рускія, і ўкраінцы, і іншыя народы. Паспрабуйце там знайсці могілкі савецкіх салдат, якія гінулі падчас вызвалення, - яны схаваныя так, што туды мала хто дойдзе... Таму трэба пра гэта гаварыць, нагадваць і рабіць усё, каб такія падзеі не паўтарыліся.

Нашчадкі тых, хто здабыў для нас Перамогу, па-рознаму раскрываюцца ў працэсе здымак. Калі мы працавалі над адным з ролікаў "Беларусь памятае" (гісторыя пра Мікалая Абедняка), то так супала, што здымалі на лініі Сталіна якраз у дзень народзін нашага героя, калі ён здзейсніў подзвіг. І для яго ўнука Мікіты ўдзел у здымачным працэсе стаў магчымасцю "пражыць" атмасферу таго часу і гісторыю свайго дзеда. Бо сёння, калі жывём у бяспецы і ў камфорце, складана ўявіць, у якіх умовах тады змагаліся, але хоць надзеўшы тую форму і страляючы, седзячы ў акопах, ты можаш быццам перанесціся ў часе... Ведаеце, назіраючы за тым, што цяпер адбываецца ў свеце, я думаю пра тое, што сёння, як і ў тыя часы, людзей зноў аб’ядноўвае агульная бяда. У Беларусі вайна закранула амаль кожную сям’ю, таму праект "Беларусь памятае" атрымаў такі шырокі водгук ад гледачоў. Нам дасылаюць лісты, напісаныя ад рукі, і просяць расказаць і пра іх родных. На жаль, мы не можам расказаць пра кожнага.

Зразумела, калі больш дазнаешся пра часы і эпізоды Вялікай Айчыннай вайны і лёсы яе герояў, то па-іншаму пачынаеш глядзець на ўсё. Але ў мяне нязменным засталося пачуццё павагі і захаплення ў адносінах да кожнага, хто ваяваў. І не важна, былі яны на фронце ці ў тыле на заводах ці ў партызанах. Для мяне кожны з іх — герой. АТН летась рабіла фільм "Незабыты подзвіг", дзе я выступаў прадзюсарам. Мы апавядалі пра піянераў, якія былі партызанамі. А некаторыя блогеры потым пачыналі гаварыць, быццам у той час патрэбны былі героі вось іх і стваралі, а па сутнасці тыя нічога з сябе не ўяўлялі. Але калі дзеці мелі ўзнагароды, якія проста так не давалі, то які сэнс ставіць іх подзвіг пад сумненне? Аднак некаторыя дазваляюць сабе выказвацца не падумаўшы, а іх аўдыторыя тое прымае за праўду. Так палюсы мяняюцца, і таму так важна максімальна праўдзіва расказваць пра ўсё, што тады адбывалася.

Што паглядзець 9 мая?

- У гэты дзень у нас у эфіры будзе шмат ваенных праектаў. Напрыклад, Алена Борматава рыхтуе свой праект пра Брэсцкую крэпасць, хоць, здавалася б, столькі ўжо расказана. Ён будзе называцца "Брэст. Героі фарпоста". А Марыя Мураўёва робіць ролікі "Ветэраны аб Перамозе": ветэраны з розных краін будуць віншаваць нашых пераможцаў. Усе гэтыя праекты мы робім з вялікай павагай і ўдзячнасцю да кожнага ветэрана. Віншуем іх са святам і жадаем моцнага здароўя. Не такое праходзілі і тут выстаім!

Алена ДРАПКО.