15.05.2020
По сообщению zviazda.by

Канцэрт "Еўропа ззяе святлом" убачаць 16 мая, у 45 краінах свету.
Канцэрт "Еўропа ззяе святлом" убачаць у гэтую суботу, 16 мая, у 45 краінах свету. Пачнецца ён у той самы час, калі звычайна праходзіць фінал міжнароднага конкурсу "Еўрабачанне", які з-за каранавіруса ўпершыню ў гісторыі перанесены на наступны год, і з тымі самымі ўдзельнікамі. Але праграма, гавораць арганізатары, адрозніваецца прынцыпова.

"Eurovіsіon: Europe Shіne A Lіght" - не замена звыкламу фармату, а самастойны праект, які пройдзе ў "сталіцы СМІ" Нідэрландаў Хілверсюме. Па-першае, гэта наогул не конкурс: артысты не спаборнічаюць, а выступяць у падтрымку ўсіх тых, хто знаходзіцца ў самаізаляцыі дома, хто змагаецца з каранавірусам у краінах Еўропы і па-за яе межамі. Па-другое, у шоу прагучаць не цалкам конкурсныя песні, а толькі самыя яркія 30-секундныя фрагменты выступленняў - у тым ліку беларускага гурта VAL, які мусіў сёлета прадставіць нашу краіну. Акрамя таго, да гледачоў з цёплымі словамі звернуцца праз відэапаштоўкі пераможцы і зоркі "Еўрабачання" розных часоў. Напрыклад, пераможца "Еўрабачання-1979" Галі Атары выканае свой знакавы хіт "Алілуя" хорам з удзельнікамі мінулых гадоў дзіцячага конкурсу "Еўрабачанне".

Кульмінацыяй двухгадзіннага песеннага шоу мусіць стаць сумеснае віртуальнае выкананне песні "What's Another Year?". Ірландзец Джоні Логан выйграў з ёй конкурс 40 гадоў таму, у 1980-м, а сёлета прыхільнікі "Еўрабачання" з усяго свету знялі на яе свае аматарскія кліпы. Каб падарыць пазітыўны настрой мільёнам тэле- і інтэрнэт-гледачоў, арганізатары абяцаюць яшчэ шэраг сюрпрызаў, але па тэлевізійнай завядзёнцы да эфіру іх не раскрываюць.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.