Стартуе конкурс на найлепшую сімволіку дзіцячага "Еўрабачання-2018"

03.11.2017

"Звязда"

Белтэлерадыёкампанія абвясціла адкрыты конкурс на найлепшую сімволіку дзіцячага шоу 2018 года. У міжнароднага песеннага конкурсу "Еўрабачанне" ёсць традыцыя: штогод краіна-арганізатар выбірае пэўную тэму, якая аб'ядноўвае ўсіх удзельнікаў і гледачоў, і адлюстроўвае гэты інфармацыйны пасыл у адмысловай эмблеме і закліку-слогане.

"Звязда"

Белтэлерадыёкампанія абвясціла адкрыты конкурс на найлепшую сімволіку дзіцячага шоу 2018 года. У міжнароднага песеннага конкурсу "Еўрабачанне" ёсць традыцыя: штогод краіна-арганізатар выбірае пэўную тэму, якая аб'ядноўвае ўсіх удзельнікаў і гледачоў, і адлюстроўвае гэты інфармацыйны пасыл у адмысловай эмблеме і закліку-слогане. Нагадаем, дарослае "Еўрабачанне" сёлета прайшло ў Кіеве пад знакам нацыянальнага ўкраінскага абярэга - наміста і дэвізам "Celebrate Dіversіty" ("Святкуем разнастайнасць"), а дзіцячае "Еўрабачанне-2017", якое адбудзецца 26 лістапада ў Тбілісі, сустрэне гасцей рознакаляровай успышкай і заклікам "Shіne Brіght" ("Ззяй ярка!").

Пра тое, што ў лістападзе 2018-га гаспадыняй дзіцячага шоу будзе Беларусь, аргкамітэт паведаміў зусім нядаўна, але падрыхтоўка да правядзення конкурсу ўжо ідзе. Як расказалі "Звяздзе" ў медыяхолдынгу, у пошуку арыгінальных ідэй і прапаноў, якія мусяць задаць настрой усяму конкурсу, вырашана было не абмяжоўвацца толькі меркаваннем прафесіяналаў. Прыдумаць свае праекты эмблемы, а таксама дэвіз (абавязкова на англійскай мове) можа кожны таленавіты мастак або дызайнер, зацікаўлены глядач ці адданы фанат "Еўрабачання".

Калі вы ўпэўнены, што менавіта ваш варыянт найбольш варты ўвасаблення - дасылайце свае прапановы не пазней за 15 лістапада звычайнай поштай - на адрас: вул. Макаёнка, 9, г. Мінск, 220807 з паметкай "Дзіцячае "Еўрабачанне-2018", альбо электроннай - на junіoreuro2018@gmaіl.com. Пераможца будзе прыняты ў крэатыўную каманду па падрыхтоўцы маштабнага песеннага форуму.

Між іншым

Першы адзіны лагатып "Еўрабачанне" займела ў 2004 годзе, каб гледачы яго лепш пазнавалі. Надпіс Eurovіsіon быў стылізаваны пад рукапісны, а на месцы "v" знаходзілася сэрца ў колерах сцяга прымаючай краіны. Праз дзесяць гадоў, акурат да 60-гадовага юбілею самога конкурсу, Еўрапейскі вяшчальны саюз крыху ўдасканаліў графічнае афармленне лагатыпа, але збольшага гэта былі касметычныя змены.

Адмысловыя тэмы і слоганы, штогод розныя, арганізатары прыдумляюць з 2002 года. Выключэннем стала толькі "Еўрабачанне-2009" у Маскве, якое афіцыйнага дэвіза не мела.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Документация