Стартаваў нацыянальны адбор на дзіцячае "Еўрабачанне"

02.06.2018

"Звязда"

Белтэлерадыёкампанія абвясціла аб пачатку прыёму заявак на адборачны тур дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2019". Нагадаем, сёлета міжнародны творчы форум пройдзе ў Мінску пад дэвізам Lіght Up! ("Запальвай!").

Прадставіць нашу краіну ў песенным конкурсе змогуць юныя артысты, якім на дату правядзення шоу - 25 лістапада - будзе не менш за 9 і не больш за 14 гадоў. Да адбору дапускаюцца як беларусы, так і замежнікі - але з умовай, што яны пастаянна жылі ў Беларусі як мінімум 2,5 года. Што да конкурснай песні, то больш чым напалову яна мусіць быць на беларускай або рускай мове (замежнай дапускаецца не больш як 40 % агульнага аб'ёму тэксту) і не быць камерцыйна рэалізаванай або публічна выкананай да 1 мая бягучага года.

Заяўкі з паметкай "На дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне" прымаюцца ў выглядзе каштоўных бандэроляў на адрас 220014, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9. Апошні дзень прыёму заявак - 29 чэрвеня, а ўжо да 7 ліпеня журы вызначыць ад 7 да 10 фіналістаў нацыянальнага адбору. Хто ж у ім пераможа, стане вядома падчас гала-канцэрта, які адбудзецца ў верасні, - тэлегледачы і прафесіяналы музычнай сферы разам выберуць прадстаўніка Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні-2018". Дарэчы, наша краіна ўдзельнічае ў дзіцячым конкурсе з моманту яго заснавання ў 2003 годзе і, у адрозненне ад дарослага шоу, мае вельмі добрыя вынікі. У скарбонцы беларусаў - дзве перамогі (2005 і 2007 гады), адно другое і два трэція месцы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.