Станіслаў Ліпскі: Ні ў чым так добра не разбіраюся, як у спорце

16.03.2018

"Звязда"

У спартыўным асяроддзі Белтэлерадыёкампаніі вядучага праграм "Дзень спорту" і "Арэна" Станіслава Ліпскага называюць шчаслівым талісманам беларускай каманды.

"Звязда"

У спартыўным асяроддзі Белтэлерадыёкампаніі вядучага праграм "Дзень спорту" і "Арэна" Станіслава Ліпскага называюць шчаслівым талісманам беларускай каманды. На Алімпіядах, на якіх пабываў, ён асвятляў спаборніцтвы, дзе беларусы заваёўвалі залатыя медалі. У Рыа-дэ-Жанэйра стаў сведкам нечаканай для многіх перамогі батутыста Уладзіслава Ганчарова, а ў Пхёнчхане - трыумфу фрыстайлісткі Ганны Гуськовай і прыемнага сюрпрызу жаночай біятлоннай эстафеты. Гэтак жа захапляльна, як пра спорт, Стас расказвае... пра суровую мужчынскую прафесію інжынера-металурга. Быў, аказваецца, у яго біяграфіі перыяд, калі давялося працаваць на Жлобінскім металургічным заводзе.

- Стас, твая ўсмешка стала пэўнай візітнай карткай навін спорту. У чым сакрэт заўсёды добрага і бадзёрага настрою ў кадры?

- Мне хутка будзе 29, і я ні ў чым так добра не разбіраюся, як у спорце. І люблю яго больш за ўсё. Расказваць пра спорт, тым больш пра перамогі беларусаў, настолькі лёгка і прыемна, што часам не магу не ўсміхацца. Я не прафесійны спартсмен, але займаўся валейболам, праўда, не дасягнуў вялікіх вышынь, як тыя, пра каго я звычайна кажу. І я разумею, наколькі складаны шлях яны прайшлі. Удвайне прыемна, калі ведаеш спартсмена асабіста, кантактаваў з ім раней як журналіст. Я вельмі люблю сваю справу і лічу, што з гэтым мне ў жыцці пашчасціла.

- Ведаю, што на тэлебачанне ты трапіў так: прыйшоў у Агенцтва тэлевізійных навін і сказаў, што хочаш у іх працаваць. І цябе ўзялі...

- Я тады жыў і працаваў у Жлобіне. У 2012-м па "Беларусь 1" круціўся ролік пра тое, што праходзіць кастынг вядучых. Мяне гэта натхніла: я адправіў сваё рэзюмэ - адзін раз, другі, трэці. Але ніхто не адказаў. Нашмат пазней мяне запрасілі прыехаць. Спробы праходзілі, дарэчы, у студыі, дзе я зараз працую: пасадзілі, я расказаў навіну... і ўсім не спадабалася. Але мне ўдалося паразмаўляць з Кірылам Казаковым, ён у той час быў дырэктарам АТН. Я сказаў, што гатовы шмат вучыцца і працаваць, каб трапіць у спартыўную рэдакцыю. Зразумела, у мяне не было ні адпаведнай адукацыі, ні вопыту. Але мне далі шанц. Спыталі, ці магу размаўляць па-беларуску, а я шмат чытаў беларускай літаратуры. На Жлобінскім металургічным заводзе, дзе я працаваў, даводзілася весці творчыя мерапрыемствы і конкурсы: я крыху танцаваў, крыху спяваў, але фішкай нашага цэха былі вершы на беларускай мове. Мяне накіравалі ў праграму "Навіны рэгіёна". Там пачалі вучыць усяму. Падчас Алімпіяды ў Лондане я дапамагаў у аддзеле спартыўных навін АТН, вучыўся і загартоўваўся. Але вакансій нідзе не было. Праз паўгода, калі ў мяне ўжо скончыліся грошы, якія адкладваў падчас працы на заводзе, і мне давялося падпрацоўваць афіцыянтам, мяне ўзялі ў штат "Навін рэгіёна". Нават выдзелілі рубрыку "Матчбол", каб я неяк задавольваў свае спартыўныя інтарэсы. А яшчэ праз паўгода нарэшце перавялі ў аддзел спартыўных навін АТН вядучым праграмы. Я быў на сёмым небе ад шчасця!

- У кадр трапіў адразу?

- Так, амаль адразу. Памятаю свой першы эфір, тады БАТЭ гуляла ў Карагандзе супраць мясцовага "Шахцёра" ў Еўракубку. І наш дыялог з вядучым асноўнай праграмы: "Ну і дзе ж згуляў БАТЭ?" - "У Карагандзе!" Барысаўчане тады, дарэчы, нечакана прайгралі. А адзіны мяч у вароты нашага клуба забіў беларус Ігар Зяньковіч, які выступаў за "Шахцёр". І вось з таго эфіру прайшло ўжо пяць з паловай гадоў - як адно імгненне.

- Як ты апынуўся на Жлобінскім металургічным заводзе? Працаваў не ў ліцейным цэху, выпадкова?

- У сумежным, сортапракатным. Там, дзе літую загатоўку квадратнага сячэння ператваралі ў тонкую арматуру. Меркаваў, што атрымаецца падалей ад печы, але не выйшла. Паколькі я быў малады, працаваць паставілі у самым гарачым і брудным месцы цэха. Тэмпература нават зімой - каля 40 градусаў. Я тады жыў удваіх з мамай. Яна зарабляла няшмат, мне хацелася дапамагчы. Так, праца цяжкая, але за гэта добра плацілі. Да таго ж мне было цікава, таму пасля металургічнага тэхнікума я паступіў на завочнае аддзяленне БНТУ на спецыяльнасць "Металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка".

- Дык у цябе былі добрыя перспектывы на заводзе...

- Я нават выйграў конкурс сярод маладых спецыялістаў, ездзіў на навуковыя канферэнцыі, у прыватнасці на Урал. Наш завод маленькі ў параўнанні з гіганцкімі камбінатамі ў Чалябінску, Магнітагорску. Там выконваецца поўны цыкл: здабыча жалезнай руды, ачыстка і перапрацоўка. Былі нядрэнныя перспектывы, але ў мяне душа ляжала да спорту. У Жлобіне я выступаў за дублюючы склад валейбольнай каманды "Металург". Калі мама даведалася, што я пакідаю завод, яна была вельмі расстроеная. Я ёй сказаў, што, калі не атрымаецца стаць вядучым, уладкуюся слесарам у Белтэлерадыёкампанію.

- Колькі Алімпіяд удалося наведаць?

- Пакуль дзве. Рыа-дэ-Жанэйра запомніўся, напэўна, на ўсё жыццё, усё ж такі летняя Алімпіяда больш маштабная. Адны гульнявыя віды спорту чаго вартыя: футбол, баскетбол, валейбол, гандбол, а таксама лёгкая атлетыка. Мне пашчасціла асвятляць спаборніцтвы, дзе Беларусь выйграла адзіны залаты медаль - мужчынскі турнір у скачках на батуце. За тры месяцы да Алімпіяды я ездзіў у Віцебск да Улада Ганчарова і запісваў з ім інтэрв'ю. А ў Рыа ўсё перажыў разам з ім: сачыў за скачкамі, за перамогай, за тым, як наш сцяг падымаўся, спяваў гімн... Да мяне замежныя журналісты, балельшчыкі падыходзілі і віншавалі: было столькі эмоцый і так прыемна!

У Пхёнчхане працаваў на фрыстайле, калі Ганна Гуськова заваявала залаты медаль. Адразу ж у яе ўзяў каментарый. І асвятляў жаночую эстафетную гонку па біятлоне. Тады Ганна Эйсмант пажартавала ў эфіры, што я шчаслівы талісман нашай каманды. Для БАТЭ я, дарэчы, аказаўся нешчаслівым: быў на знакавым матчы, калі барысаўскі клуб на "Камп Ноу" гуляў супраць "Барселоны". І Аляксандр Глеб выйшаў на замену - пад апладысменты амаль ста тысяч балельшчыкаў! Я рос на гульнях Аляксандра Глеба ў "Арсенале", потым памятаю яго пераход у "Барселону", а тут ён у складзе БАТЭ прыехаў гуляць супраць "Барсы"! Барысаўчане тады прайгралі 0:3, але гэта знакавы момант для нашага футбола.

- Пэўным відам спорту аддаеш перавагу?

- У любым відзе спорту шмат цікавага, і на ўсіх спаборніцтвах я працую з задавальненнем. Асабіста мне падабаюцца ўсе гульнявыя віды, біятлон. Вось зараз у Пхёнчхане быў на спаборніцтвах па лыжных гонках - і адчуў, што гэта вельмі захапляльны для гледачоў від спорту. Хоць і было вельмі холадна.

- Для тых, хто займаецца асвятленнем спартыўных падзей, гэта, дарэчы, вялікі мінус...

- У Пхёнчхане было нязвыкла холадна на ўсіх спаборніцтвах на адкрытых пляцоўках. А мне, калі раблю прамыя ўключэнні, больш зручна працаваць без пальчатак. Ёсць і іншыя мінусы. У мяне амаль ніколі субота і нядзеля, святочныя дні не бываюць выхаднымі. Ну і спартсмены, асабліва калі прайгралі, не заўсёды ідуць на кантакт - прыходзіцца хутка прыдумляць нейкія хады, бо не хочацца рабіць пасрэдны сюжэт. Але ў любой рабоце ёсць негатыўныя моманты, і мне грэх скардзіцца.

- Якія ў цябе захапленні, акрамя любімай працы?

- У вольны час гуляю ў валейбол на аматарскім узроўні, у нас склалася свая каманда. Удасканальваю англійскую мову, гэта прафесійная патрэба. І вельмі люблю кіно. Асабліва спартыўныя драмы.

- Цікава, ці спадабаўся расійскі фільм "Рух угору", які знайшоў шмат як прыхільнікаў, так і крытыкаў?

- Фільм нядрэнны. Але яго ёсць за што пакрытыкаваць. Мне, у прыватнасці, не вельмі спадабалася, як зняты баскетбол - моманты гульні. На мой погляд, ён на самай справе выглядае па-іншаму. Але тут у кожнага сваё асабістае суб'ектыўнае меркаванне.

У нас у Беларусі шмат спартыўных гісторый, можна было б зняць столькі фільмаў! Пра Івана Ціхана, Віталя Шчэрбу, Івана Іванкова... А Кацярына Карстэн увогуле легенда - прайшла шэсць Алімпіяд. Сяргей Далідовіч удзельнічаў у сямі! Дарэчы, у Пхёнчхане журналісты "Голасу Амерыкі" шукалі Сяргея, каб запісаць з ім інтэрв'ю як з рэкардсменам па гэтым паказчыку. Тая ж Віка Азаранка, якая вярнулася ў спорт пасля асабістай няпростай сітуацыі, я ўпэўнены, у 2020 годзе на Алімпіядзе ў Токіа можа пазмагацца за алімпійскі медаль. Ганна Гуськова прайшла да свайго чэмпіёнства вельмі няпросты шлях, прычым з самага пачатку: яна нарадзілася вагой усяго крыху больш за кілаграм, і ў яе спынілася сэрца... У беларускім спорце шмат такіх захапляльных прыкладаў. Хацеў бы выступіць у ролі рэжысёра, прадзюсара, сцэнарыста такога фільма.

- Ці напісаць кнігу...

- Стрыечны брат майго дзядулі, беларускі пісьменнік Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі, вельмі добры чалавек, заўсёды, калі сустракаемся, кажа мне: "Ты столькі ўсяго бачыш, кантактуеш з вялікай колькасцю цікавых людзей - занатоўвай, і потым гэта выльецца ў добрую кнігу". Але напісанне кнігі - праца вельмі сур'ёзная, я да яе пакуль не гатовы.

Алена КРАВЕЦ.